Поўная версія

У год 500-годдзя беларускага кнігадрукавання закладзены фундамент для стварэння новых асветных праектаў - Карлюкевіч

Культура 22.12.2017 | 16:16
Аляксандр Карлюкевіч
Аляксандр Карлюкевіч

22 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У год 500-годдзя беларускага кнігадрукавання закладзены фундамент для стварэння новых асветных праектаў. Аб гэтым заявіў на мерапрыемстве з нагоды падвядзення вынікаў года, які стаў годам 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў міністра, міністэрствы інфармацыі і культуры, Нацыянальная бібліятэка, Саюз пісьменнікаў Беларусі, самыя розныя асветныя ўстановы зрабілі шмат для таго, каб адзначыць гэты год, які з'яўляецца невыпадковым для беларускай асветы. "Невыпадковы не толькі ў плане ўшаноўвання скарынаўскай справы, але і невыпадковы для будучыні, таму што ў гэтым годзе закладзены пэўны фундамент з новымі даследаваннямі кнігазнаўчага характару, з новымі выданнямі", - сказаў ён.

Гэты год адзначаны выхадам у свет вялікай колькасці выдавецкіх праектаў. Адной з такіх значных падзей стала персанальная энцыклапедыя "Францыск Скарына", якую выпусціла выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі".

Экзэмпляр кнігі міністр інфармацыі перадаў дырэктару Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раману Матульскаму. Дырэктар, прымаючы выданне, адзначыў, што святкаванне 500-годдзя беларускага кнігадрукавання дало магчымасць стварыць шэраг праектаў, якія сталі першымі крокамі для фарміравання "культурнага імунітэту", а менавіта такую задачу на ІІ З'ездзе вучоных Беларусі паставіў кіраўнік дзяржавы. Маштабным праектам НББ стала факсімільная шматтомная "Кніжная спадчына Францыска Скарыны", якая сабрала ўсё створанае беларускім першадрукаром.-0-

Навіны рубрыкі Культура
Поўная версія