Поўная версія

Тэгеранскі тэатр Papion атрымаў Гран-пры фестывалю "Тэатральны куфар"

Культура 29.09.2014 | 15:44
29 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Спектакль "Крэслы" тэгеранскага тэатра Papion (Іран) атрымаў Гран-пры XI Міжнароднага фестывалю студэнцкіх тэатраў "Тэатральны куфар - 2014. БДУ", які завяршыўся ў Мінску. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Аўтарытэтнае журы конкурсу размеркавала традыцыйныя ўзнагароды па наступных намінацыях: лепшай рэжысёрскай работай прызнана пастаноўка рэжысёра Багдана Сарацеана "Рамэа і Джульета" (Румынія), у намінацыі "Лепшая жаночая роля" прыз атрымала актрыса з Тэгерана (Іран) Шэно Гхадзеры, а лепшым акцёрам прызнаны Яўген Бялоў (Расія).

Спектакль "Гамлет" творчай лабараторыі "Эскізы ў прасторы" Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў атрымаў дыплом за лепшую сцэнаграфію. Прыз ад клуба тэатральных крытыкаў "За майстэрства і ўменне чуць час" атрымалі харкаўскія акцёры з Маладзёжнага драматычнага тэатра Нацыянальнага юрыдычнага ўніверсітэта Украіны імя Я.Мудрага.

У праграме міжнароднага мерапрыемства БДУ прынялі ўдзел лепшыя студэнцкія тэатры і дзеячы з 15 краін: Албаніі, Беларусі, Бельгіі, Бразіліі, Вялікабрытаніі, Германіі, Грузіі, Ірана, Італіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Румыніі, Украіны і Харватыі.

Фестываль студэнцкіх тэатраў упершыню прайшоў у 2004 годзе. Тады яго ўдзельнікамі сталі калектывы з Беларусі, Расіі, Швейцарыі і Англіі.
Навіны рубрыкі Культура
Поўная версія