Поўная версія

Спадчына Максіма Багдановіча была і застаецца найбольшай каштоўнасцю для беларусаў - Дрыга

Культура 09.12.2016 | 18:04

9 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Спадчына Максіма Багдановіча была і застаецца найбольшай каштоўнасцю для беларусаў. Такое меркаванне на адкрыцці абноўленай экспазіцыі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча ў Мінску выказала першы намеснік міністра культуры Беларусі Ірына Дрыга, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Аб значэнні Максіма Багдановіча ў гісторыі Беларусі сказана нямала. Ён быў першацветам адраджэння беларускай культуры, фарміравання нашай сучаснай мовы, паэтам еўрапейскага ўзроўню. Уладальнік выдатнага таленту, які тонка валодаў літаратурнымі формамі, з'яўляўся пасланцам у вялікую еўрапейскую літаратуру, першапраходцам нацыянальнай літаратуры. Гэта спадчына, якая сагравае нас і цяпер", - сказала Ірына Дрыга.

Першы дырэктар Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Міхаіл Пазнякоў падзяліўся сваімі ўспамінамі аб яго стварэнні, і дадаў, што плануе напісаць аб гэтым кнігу.

Адкрыты ў 90-я гады мінулага стагоддзя музей Максіма Багдановіча паўстаў у новым вобразе, і сёння ўсе жадаючыя могуць наведаць абноўленую экспазіцыю, якая стала падарункам да 125-годдзя паэта і расказвае аб яго жыццёвым і творчым шляху. У час рамонту, які працягваўся некалькі гадоў, экспазіцыя была прадстаўлена часткова на абмежаваных плошчах. Сёння ў музеі адкрыты пяць залаў. Кожная з іх раскрывае асобную тэму. Наведвальнікі могуць убачыць асабістыя рэчы сям'і паэта, вывучыць генеалагічнае дрэва Максіма Багдановіча. У музеі можна пачуць вершы паэта. Асобная экспазіцыя прысвечана зборніку "Вянок". У музеі наведвальнікі могуць даведацца аб гісторыі кахання класіка, аб яго мінскім перыядзе жыцця.

Мерапрыемствы з нагоды 125-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча праходзяць у розных рэгіёнах Беларусі.-0-

Фота Андрэя Пакумейкі.

Навіны рубрыкі Культура
Поўная версія