Поўная версія

Прэм'ера беларускага маладзёжнага серыяла "Ілюзіі" запланавана на лістапад

Культура 22.08.2019 | 19:31
Уладзімір Карачэўскі. Фота з архіва
Уладзімір Карачэўскі. Фота з архіва

22 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Маладзёжны серыял "Ілюзіі" рэжысёра-пастаноўшчыка Івана Паўлава, зняты на Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм", гледачам прадставяць у лістападзе, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА генеральны дырэктар кінастудыі Уладзімір Карачэўскі.

"У канцы восені на адным з тэлеканалаў беларускі глядач убачыць наш маладзёжны серыял "Ілюзіі", які складаецца з 16 серый па 26 хвілін", - расказаў гендырэктар. У сіткоме паказана гісторыя шасці старшакурснікаў розных сталічных ВНУ: Марыны, Арцёма, Светы, Віталіка, Алёны, Алега, якіх аб'ядноўваюць не толькі студэнцкае сяброўства, але і рамантычныя адносіны. Аднак студэнцкі тэатр-студыю, дзе маладыя людзі прывыклі сустракацца пасля заняткаў, збіраюцца закрыць з-за нерэнтабельнасці памяшкання. Ці змогуць студэнты за кароткі тэрмін вярнуць тэатру былую славу і не страціць цёплых сяброўскіх адносін у сваёй кампаніі, гледачы даведаюцца ў лістападзе. Дарэчы, у серыяле прагучыць музыка 20 беларускіх маладзёжных груп.

Паводле слоў Уладзіміра Карачэўскага, у гэтым годзе таксама будзе завершана работа над фільмам "Авантуры Пранціша Вырвіча" паводле матываў аднайменнага рамана Людмілы Рублеўскай, які здымае рэжысёр Аляксандр Анісімаў. "У кінатэатрах мы плануем паказаць гэты прыгодніцкі фільм у канцы студзеня 2020 года", - дадаў ён.

Акрамя таго, ідзе работа і над карцінай "Лёс дыверсанта" рэжысёра Дзмітрыя Астрахана. У аснове сюжэта - гісторыя беларускага падпольшчыка і арганізатара буйнейшай дыверсіі ў Асіповічах у гады Вялікай Айчыннай вайны Фёдара Крыловіча. "Паказ гэтага фільма, хутчэй за ўсё, адбудзецца ў маі наступнага года і будзе прымеркаваны да 75-годдзя Вялікай Перамогі, - адзначыў гендырэктар. - Вясной мы прадставім альманах маладых рэжысёраў пра Мінск, а пазней, пасля фестывальнай гісторыі, пакажам і "Купалу".

На "Беларусьфільме" таксама здымаюць дэтэктыў "У пошуках анёла" рэжысёра Ігара Чацверыкова і серыял "Сляды апосталаў - 2" Сяргея Талыбава. "У нас цяпер чатыры фільмы на завяршальнай стадыі і тры стужкі ў здымачным перыядзе", - рэзюмаваў Уладзімір Карачэўскі.-0-

Навіны рубрыкі Культура
Поўная версія