.
ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Серада, 3 сакавіка 2021
Мінск Пераменная воблачнасць +2°C
Усе навіны
Усе навіны
Культура
25 студзеня 2021, 15:28

Пісьменнікі Гомельскай вобласці правядуць 2021-ы пад знакам Года класічнай літаратуры і чытання

Фота з архіва
Фота з архіва

25 студзеня, Гомель /Кар. БЕЛТА/. У Гомельскай вобласці 2021-ы будзе Годам класічнай літаратуры і чытання, паведаміў БЕЛТА старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, празаік і публіцыст Уладзімір Гаўрыловіч.

На працягу года пісьменнікі рэгіёна будуць звяртаць асаблівую ўвагу чытачоў на творчую спадчыну народных пісьменнікаў Беларусі Івана Шамякіна і Івана Мележа, 100-годдзе з дня наражэння якіх адзначаецца ў студзені і лютым. "Мы чарговы раз запросім усіх прачытаць або перачытаць таленавітыя мастацкія творы майстроў слова. Дарэчы, у 2022-м будзем адзначаць 100-годдзе яшчэ аднаго свайго таленавітага земляка - савецкага празаіка і паэта, ураджэнца глыбінкі Палесся Міколы Гамолкі. Таму не выключаем, што Год класічнай літаратуры і чытання будзе прадоўжаны", - сказаў Уладзімір Гаўрыловіч.

Таксама літаратары прапануюць жыхарам рэгіёна абмеркаваць створанае класікамі беларускай літаратуры і адкрыць для сябе творы рускай, украінскай і сусветнай літаратуры ў цэлым.

У вобласці запланаваны дзясяткі мерапрыемстваў, якія літаратары арганізуюць у тым ліку з партнёрамі арганізацыі. "Сапраўднымі памочнікамі пісьменнікаў у рэалізацыі задуманага стануць, як і раней, работнікі культуры, бібліятэкары, педагогі і інтэлігенцыя рэгіёна", - расказаў Уладзімір Гаўрыловіч.

Па традыцыі асаблівая ўвага пісьменніцкай арганізацыяй будзе ўдзелена юным талентам. Напрыклад, актыў аддзялення падводзіць ужо вынікі адкрытых абласных літаратурных конкурсаў "Сям'я - аснова шчасця і кахання" і "Белыя вішні і яблыні", прысвечаныя 100-годдзю Шамякіна і Мележа. Журы вывучыла больш за 300 эсэ і зарысовак, апавяданняў пачаткоўцаў і прафесійных аўтараў з усіх рэгіёнаў рэспублікі. У аддзяленні СПБ ужо задумаліся аб выданні спецыяльнага зборніка па выніках гэтых двух конкурсаў.

Уладзімір Гаўрыловіч упэўнены, што папулярызацыя літаратуры і чытання - адна з прыярытэтных задач як дзяржавы, так і ўсіх без выключэння творчых грамадскіх структур. "Яна стане адной з ключавых тэм не толькі паўсядзённай дзейнасці кожнага пісьменніка аддзялення, але і форуму - XVI Міжнароднага фестывалю-свята "Славянскія літаратурныя дажынкі - 2021". Ён пройдзе восенню ў новым фармаце. У ліку мерапрыемстваў запланавана канферэнцыя творчай і навуковай інтэлігенцыі трох краін - Беларусі, Расіі і Украіны. Тэма чытання таксама будзе ў цэнтры ўвагі трэцяга абласнога фестывалю літаратуры "На Зямлі Кірылы Тураўскага", - падкрэсліў ён.

На думку старшыні абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, літаратура - галоўны ключ для самапазнання. "Толькі яна можа зрабіць з чалавека асобу, бо менавіта ў мастацкім творы можна знайсці часцінку сябе. Упэўнены, што наша багатая літаратурная класіка (як беларуская, так і руская) здольна дапамагчы, асабліва падрастаючаму пакаленню, маладым людзям набыць сваю жыццёвую пазіцыю і асаблівае стаўленне да розных жыццёвых пытанняў шляхам аналізу дзеянняў персанажаў і засваення жыццёвых урокаў аўтара. Жывое слова сучаснага пісьменніка - пра час і пра нас, пра класікаў, творчасць як з'яву і чытанне будзе якраз накіравана на тое, каб людзі ХХI стагоддзя захацелі ўзяць у рукі добрую кнігу і абавязкова прачытаць яе", - рэзюмаваў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі