Поўная версія

Першая дзясятка фіналістаў вызначылася на "Еўрабачанні-2016"

Культура 11.05.2016 | 09:08

11 мая, Стакгольм /Таццяна Пастушэнка - БЕЛТА/. Першая дзясятка фіналістаў вызначылася на міжнародным песенным конкурсе "Еўрабачанне-2016", які праходзіць у Швецыі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Так, з 18 паўфіналістаў для ўдзелу ў фінале па выніках галасавання былі адабраны прадстаўнікі Азербайджана, Расіі, Нідэрландаў, Венгрыі, Харватыі, Аўстрыі, Арменіі, Чэхіі, Кіпра, Мальты.

Гэтыя артысты далучацца да сваіх калег з краін Вялікай пяцёркі, якія па традыцыі трапляюць у фінал "Еўрабачання" аўтаматычна (Германія, Францыя, Італія, Іспанія і Вялікабрытанія). Плюс без канкурэнтнай барацьбы ў фінал у гэтым годзе трапляе Швецыя, прадстаўнік якой выйграў "Еўрабачанне-2015" і якая прымае сёлетні міжнародны конкурс.

Для беларусаў, якія балеюць за IVANa (Аляксандра Іванова) на "Еўрабачанні", найбольш хвалюючыя мінуты яшчэ наперадзе. IVAN выступіць у другім паўфінале песеннага конкурсу, які адбудзецца 12 мая. Калі артыст з Беларусі набярэ дастаткова балаў па выніках галасавання, ён таксама далучыцца да фіналістаў папулярнага шоу.

Міжнародны конкурс песні "Еўрабачанне" праходзіць у шведскай сталіцы з 10 па 14 мая. Яго пляцоўкай стала "Глобен-Арэна", якая на канцэртах умяшчае амаль 16 тыс. гледачоў. Агульны аб'ём збудавання даволі вялікі і складае 605 тыс. куб.м. На сёння гэта самы вялікі сферычны будынак у свеце, на будаўніцтва якога спатрэбілася амаль 2,5 гадоў. Арэна пабудавана ў выглядзе белага шара з дыяметрам 110 м.-0-

Навіны рубрыкі Культура
Поўная версія