Сцяг Нядзеля, 8 верасня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
05 жніўня 2024, 16:09

Навагрудак адзначыць 980-годдзе фестывалем гістарычнай рэканструкцыі, сярэдневяковай музыкі і танца

Фота з архіва
Фота з архіва
5 жніўня, Гродна /Кар. БЕЛТА/. Навагрудак, адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі, з 23 па 25 жніўня адсвяткуе 980-годдзе з дня першага летапіснага згадвання. Аб гэтым паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Навагрудскім райвыканкаме.

"Ходи Ярослав на Литву, а на весну заложил Новогород" - запіс аб гэтым быў зроблены ў 1044 годзе ў Сафійскім летапісе, сведчаць даныя занальнага дзяржаўнага архіва ў Навагрудку. Як паказалі археалагічныя даследаванні дзяцінца, навакольнага горада, курганных пахаванняў, Навагрудак на працягу XI-XIII стст. быў важным рамесным і гандлёвым цэнтрам Верхняга Панямоння. Гістарычнай жамчужынай старажытнага горада з'яўляецца замак, будаўніцтва якога пачалося ў сярэдзіне ХІІІ стагоддзя і завяршылася ў пачатку XVI стагоддзя. Менавіта тут у 1253 г. (паводле іншых крыніц у 1252 г.) адбылася каранацыя князя Міндоўга. Згодна з легендай, князь і пахаваны на адным з гарадскіх узгоркаў.

Тут жа, недалёка, у XIII стагоддзі Войшалк, сын Міндоўга, заклаў першы праваслаўны манастыр. Разбураны ў гады Першай сусветнай вайны, Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі мужчынскі манастыр адноўлены і стаў месцам паломніцтва. У гэтым манастыры ў XIV стагоддзі было напісана знакамітае Лаўрышаўскае Евангелле, факсімільная копія якога была выдадзена ў Беларусі ў мінулым годзе.

У 1511 г. Навагрудак атрымаў Магдэбургскае права, у 1595-м быў заснаваны гарадскі герб з выявай Архангела Міхаіла, які і сёння з'яўляецца патронам горада.

Крывавы след пакінулі тры гады акупацыі Навагрудчыны нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Згодна з данымі надзвычайнай камісіі ў Навагрудскім раёне было знішчана больш за 45 тыс. чалавек, 10 тыс. пагнаны ў Германію. У ваенныя гады былі разбураны каля 60 працэнтаў жылога фонду, усе прамысловыя прадпрыемствы.

Сёння Навагрудчына - рэгіён з развітой сельскай гаспадаркай і прамысловасцю, узрастаючым турыстычным патэнцыялам. Тут пражывае каля 30 тыс. чалавек.

Пачатак святочным мерапрыемствам пакладзе навукова-практычная канферэнцыя "Навагрудскія чытанні: гісторыя і сучаснасць Навагрудскага краю". Увечары таго ж дня гасцей запросіць на замкавую гару фестываль гістарычнай рэканструкцыі, сярэдневяковай музыкі і танца "Меч караля". Каля сцен касцёла Святога Міхаіла Архангела будзе гучаць класічная музыка ў выкананні Сімфанічнага аркестра Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь, а на цэнтральнай плошчы збярэ публіку кінатэатр пад адкрытым небам.

У праграме другога дня, які стане самым насычаным, - урачыстае адкрыццё свята з удзелам папулярных беларускіх і расійскіх артыстаў, творчых калектываў з гарадоў-пабрацімаў Навагрудка, фестываль электроннай музыкі. На Замкавай гары размесціцца "Рыцарскі стан" - інтэрактыўная лакацыя з удзелам рамеснікаў, вулічных музыкантаў, тэатра танца, у гарадскім парку - пляцоўка "Горад дзяцінства", на вуліцы Савецкай - "Горад майстроў", у скверы каля плошчы Леніна - інтэрактыўная пляцоўка "Спорт запальвае сэрцы". Аўтааматараў чакае выстава рэтра-аўтамабіляў.

У завяршальны дзень святкавання на літаратурна-музычны салон з удзелам членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі і выставу-прэзентацыю "Лэдзі Дасканаласць" запросіць Дом-музей Адама Міцкевіча. На вуліцах горада адбудзецца масавы лёгкаатлетычны забег.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі