Поўная версія

Нацыянальны гістарычны музей запрашае на выставу мастацкіх фатаграфій да 70-годдзя КНР

Культура 09.01.2019 | 11:18
Фота з архіва
Фота з архіва

9 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстава мастацкіх фатаграфій "Кітай учора і сёння. Гістарычная і сучасная кітайская архітэктура" дэкана архітэктурнага факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта доктара архітэктуры, прафесара Армена Сардарава будзе працаваць у Нацыянальным гістарычным музеі 10-20 студзеня, паведамілі БЕЛТА ў музеі.

Выстава прысвечана 70-годдзю ўтварэння Кітайскай Народнай Рэспублікі. Фатаграфіі да яе зроблены ў Пекіне і Шэньчжэні ў 2017 годзе. "Кітайская культура ўнесла вялікі ўклад у сусветную цывілізацыю. Філасофія, жывапіс, паэзія Кітая аказалі істотны ўплыў на культуры розных краін - ад Еўропы да Амерыкі і Азіі. Адным з самых значных дасягненняў кітайскай культуры стала архітэктура, развіццё якой прадаўжаецца ўжо больш за 4 тыс. гадоў. Унікальныя будынкі, масты, сады і паркі Кітая маюць непаўторны выгляд, які ўвасабляе адначасова практычнасць і эстэтыку. У XXI стагоддзі кітайскія архітэктары прадаўжаюць векавыя традыцыі, ствараюць свае творы з дапамогай сучасных тэхналогій і матэрыялаў", - адзначылі ў музеі.

Аўтар работ - Армен Сардараў, архітэктар-вучоны, архітэктар-практык, фотамастак, аўтар многіх кніг і артыкулаў, архітэктурных твораў, сярод якіх памятны знак "Пачатак дарог Беларусі" ў Мінску, скульптурная кампазіцыя "Мацi-Пастаўшчына" ў Паставах, скульптурная кампазіцыя "Багародзіца" ў Маладзечне і іншыя. Выдадзена пяць фотаальбомаў з яго работамі, у тым ліку "Залатыя паясы Беларусі", "Паэзія дарог", "Мацi-Зямля". Яго выставы праходзілі ў Нацыяльным мастацкім музеі, Палацы мастацтваў, Доме дружбы, БНТУ. Галоўныя тэмы фотаработ - беларуская прырода, дарогі, архітэктура.

Прэзентацыя выстаўкі адбудзецца 16 студзеня ў 17.00. Выставачны праект арганізаваны пры падтрымцы Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта і Інстытута Канфуцыя па навуцы і тэхніцы БНТУ. Галоўная місія інстытута - садзейнічанне росту разумення Кітая і кітайскай культуры. Інстытут праводзіць сумесныя форумы, конкурсы, выставы, што садзейнічае ўмацаванню дружбы і супрацоўніцтва Кітая і Беларусі.-0-

Навіны рубрыкі Культура
Поўная версія