Поўная версія

Лізавета Міснікава выступіць на "Еўрабачанні" пад нумарам 7

Культура 19.11.2019 | 16:44
Лізавета Міснікава. Фота з архіва
Лізавета Міснікава. Фота з архіва

19 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прадстаўніца Беларусі на дзіцячым конкурсе песні "Еўрабачанне-2019" у горадзе Глівіцы Лізавета Міснікава выступіць пад нумарам 7. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла юная выканаўца.

Напярэдадні ў Сілезскім тэатры ў г. Катавіцы прайшла цырымонія адкрыцця міжнароднага песеннага конкурсу. Беларуская прадстаўніца з'явілася на чырвонай дывановай дарожцы ў суправаджэнні свайго балета і кіраўніка дэлегацыі. Самым інтрыгуючым момантам цырымоніі стала жараб'ёўка. Ужо вядома, што адкрые выступленне канкурсантаў прадстаўнік Аўстраліі, завершыць - удзельнік з Сербіі, а беларуская выканаўца выйдзе на сцэну сёмая.

"Вельмі шмат прыемных момантаў у маім жыцці звязана з лічбай 7. Таму, лічу, што гэты нумар для мяне стане шчаслівым", - адзначыла Лізавета Міснікава. Паводле слоў юнай выканаўцы, сёння ў яе першая рэпетыцыя, а ўвечары - вечарынка ў Еўраклубе.

Фінальнае шоу адбудзецца 24 лістапада. На сцэну Arena Gliwice выйдуць юныя таленты з 19 краін: Аўстраліі, Албаніі, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Ірландыі, Іспаніі, Італіі, Казахстана, Мальты, Нідэрландаў, Партугаліі, Расіі, Паўночнай Македоніі, Сербіі, Украіны, Уэльса, Францыі і гаспадыні цяперашняга конкурсу - Польшчы. Прамую трансляцыю грандыёзнага песеннага форуму ў 18.00 пачнуць тэлеканалы "Беларусь 1" і міжнародны спадарожнікавы "Беларусь 24", а таксама сайт Белтэлерадыёкампаніі. Каменціраваць шоу будзе журналіст АТН і вядучы "Беларусь 1" Яўген Перлін.

Як паведамлялася раней, з 22 лістапада, у адпаведнасці з правіламі міжнароднага конкурсу беларусы змогуць падтрымаць Лізавету Міснікаву, прагаласаваўшы за кампазіцыю "Пепельный" на сайце песеннага форуму www.junioreurovision.tv. Пачынаючы з гэтага дня можна будзе прагледзець відэаролікі з выступленнямі канкурсантаў і выбраць ад трох да пяці артыстаў, што спадабаліся, у тым ліку ўдзельніка ад сваёй краіны. Акно для галасавання закрыецца непасрэдна перад канцэртам у нядзелю, 24 лістапада, і зноў адкрыецца, калі ўсе песні будуць выкананы, але толькі на 15 мінут.

Арганізацыю і падрыхтоўку беларускага ўдзельніка да міжнароднага дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2019", а таксама трансляцыю песеннага форуму ажыццяўляе Белтэлерадыёкампанія як адзіны ў краіне член Еўрапейскага вяшчальнага саюза.-0-

Навіны рубрыкі Культура
Поўная версія