Поўная версія

Інтрыга еўравізійнага нумара IVANа на "Еўрабачанні" раскрылася: ваўкі на сцэне ў выглядзе галаграмы

Культура 04.05.2016 | 16:53

4 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Інтрыга конкурснага выступлення прадстаўніка Беларусі на міжнародным конкурсе песні "Еўрабачанне-2016" IVANа (Аляксандра Іванова) раскрылася: ваўкі прысутнічаюць на сцэне ў выглядзе галаграмы. Інфармацыя аб гэтым размешчана на афіцыйным сайце конкурсу, паведамляе БЕЛТА.

IVAN (Аляксандр Іваноў) заінтрыгаваў журналістаў, адпраўляючыся на сцэну ў чорным плашчы з капюшонам. У такім выглядзе артыст і выходзіць на сцэну для выканання рамантычнай балады "Help You Fly". Затым на экране з'яўляюцца 3D-праекцыі, якія паказваюць сілуэт аголенага спевака і ваўкоў.

Выканаўца родам з Гомеля, маладому чалавеку 21 год. Усе члены яго сям'і - музыканты, і сам ён не з'яўляецца выключэннем. Спяваць і іграць на гітары пачаў з васьмі гадоў. "Музыка заўсёды была важнай часткай майго жыцця. Акрамя таго, я люблю маляваць і чытаць фантастычныя кнігі. Магчыма, менавіта таму я да гэтага часу веру ў казку, магію і містыку. Спадзяюся, што мая рамантычная балада ("Help You Fly") сагрэе вашы сэрцы", - сказаў выканаўца ў адным з інтэрв'ю, звяртаючыся да паклоннікаў "Еўрабачання".

Міжнародны конкурс песні пройдзе ў Швецыі з 10 па 14 мая. Прамую трансляцыю двух паўфіналаў і фіналу "Еўрабачання" традыцыйна будуць весці тэлеканалы Белтэлерадыёкампаніі - "Беларусь 1" і міжнародны спадарожнікавы "Беларусь 24".-0-

Навіны рубрыкі Культура
Поўная версія