Поўная версія

Фестываль лялечных тэатраў адкрываецца ў Віцебску

Культура 24.04.2019 | 11:43
Фота з архіва
Фота з архіва

24 красавіка, Віцебск /Андрэй Шчарбіцкі - БЕЛТА/. Абласны фестываль бібліятэчных тэатраў кнігі і лялечных тэатраў "Чароўная рампа" сёння пройдзе ў Віцебскай абласной бібліятэцы імя У.І.Леніна, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўстанове.

У фестывалі прымуць удзел восем калектываў з Бешанковіцкага і Полацкага раёнаў, Лепеля, Сянно, Оршы, Віцебска і Талачына - усяго больш за 50 чалавек. Удзельнікі пакажуць спектаклі як паводле матываў народных казак, так і паводле аўтарскіх твораў Сяргея Міхалкова, Алесі Емяльянавай, Генадзя Аўласенкі і Раісы Баравіковай. "У акцёрскім складзе не толькі работнікі бібліятэк Віцебскай вобласці, але і дзеці. Адзін з калектываў мае званне народнага, - сказалі ў бібліятэцы. - Мэта фестывалю - садзейнічаць пашырэнню чытацкай аўдыторыі, папулярызаваць кнігу сярод людзей розных узростаў".

У бібліятэцы таксама адкрыюць выставу творчых работ навучэнцаў гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, выкладчыкі Віцебскага каледжа культуры і мастацтваў правядуць майстар-класы па грыме і сцэнічнай мове. Для наведвальнікаў прадставяць калекцыю інтэр'ернай лялькі.

Па выніках конкурсу журы ўручыць дыпломы і прызы, вызначыць уладальніка Гран-пры і пераможцаў у некалькіх намінацыях.-0-

Навіны рубрыкі Культура
Поўная версія