ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Панядзелак, 28 верасня 2020
Мінск Пераменная воблачнасць +11°C
Усе навіны
Усе навіны
Культура
31 ліпеня 2020, 16:02

Фестываль "Кліч Палесся" дапамагае раскрыць патэнцыял Прыпяцкага краю - Субоцін

Фота з архіва
Фота з архіва

31 ліпеня, Петрыкаўскі раён /Кар. БЕЛТА/. Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый "Кліч Палесся" дапамагае раскрыць патэнцыял Прыпяцкага краю і краіны. Такім меркаваннем падзяліўся з журналістамі намеснік прэм'ер-міністра Аляксандр Субоцін пасля пасяджэння па падрыхтоўцы фестывалю ў аграгарадку Ляскавічы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Этнаграфічны фестываль з кожным годам узбагачаецца і развіваецца, адзначыў Аляксандр Субоцін. "З міжрэгіянальнага ён перарастае ў рэспубліканскі і міжнародны. Багацейшай становіцца яго напаўняльнасць. Нягледзячы на тое, што Беларусь невялікая краіна, яна ўнікальная і разнастайная сваімі культурнымі традыцыямі і прыроднымі асаблівасцямі. І мы павінны рэкламаваць яе, раскрываць патэнцыял. Фестывалі, уключаючы "Кліч Палесся", дапамагаюць паказваць яе ўсяму свету. Гэта не толькі арганізацыя вольнага часу беларусаў і гасцей, але і дадатковая магчымасць расказаць пра наш унікальны край", - сказаў намеснік прэм'ер-міністра.

"Менавіта Палессе - ад Брэста да Гомеля - будзе максімальна шырока прадстаўлена на фестывалі. Гэта і прырода, і народныя промыслы, і самабытныя традыцыі, і нацыянальная кухня, і песні, і танцы - увесь культурны патэнцыял", - падкрэсліў Аляксандр Субоцін. Адна з асаблівасцей фестывалю "Кліч Палесся" гэтага года - Мазырскі эканамічны форум, адзін з дзён якога пройдзе на фестывальнай пляцоўцы. Паводле папярэдніх даных, удзел у форуме пацвердзілі дэлегацыі з 15 краін.

VI Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый "Кліч Палесся" 15 жніўня збярэ гасцей у аграгарадку "Ляскавічы".

Праграма фэсту ў гэтым годзе максімальна насычаная і абноўленая. У першую чаргу змянілася традыцыйная фестывальная пляцоўка, якая пераўтварылася ў гісторыка-этнаграфічны музей пад адкрытым небам. Прадстаўнікі васьмі раёнаў Гомельскай вобласці і трох з Брэсцкага рэгіёна рыхтуюць прэзентацыйныя падворкі. Па традыцыі на свяце назавуць імёны прадстаўнікоў Гомельскай і Брэсцкай абласцей, удастоеных спецыяльнага звання "Ганаровы паляшук". Выберуць таксама "Прыгажуню Палесся".

МІжнародны фестываль "Кліч Палесся" накіраваны на захаванне і папулярызацыю этнакультурных традыцый, вывучэнне і падтрымку багатай гісторыка-культурнай спадчыны рэгіёна, умацаванне творчых сувязей прыгранічных рэгіёнаў. Ён праводзіцца раз у два гады. У 2018-м фестываль сабраў амаль 35 тыс. чалавек. Арганізатарамі выступаюць Міністэрства культуры, Гомельскі і Брэсцкі аблвыканкамы, Нацыянальны парк "Прыпяцкі".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі