ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Нядзеля, 27 лістапада 2022
Мінск -2°C
Усе навіны
Усе навіны
Культура
05 кастрычніка 2022, 10:18

"Еўразія.DOC": чым здзівіць гледачоў і журы фестываль дакументальнага кіно краін СНД

Фота арганізатараў
Фота арганізатараў

5 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Фестываль дакументальнага кіно краін СНД "Еўразія.DOC" пастаянна прырастае аўтарамі, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА выканаўчы дырэктар фестывалю Андрэй Крывашэеў.

Фестываль дакументальнага кіно краін СНД "Еўразія.DOC" стартаваў у Смаленску 3 кастрычніка. Традыцыйна эстафету фестывальных падзей прыме і беларуская сталіца. У Мінску пляцоўкамі для яго правядзення стануць Нацыянальны прэс-цэнтр, кінатэатр "Беларусь" і Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

"Фестываль прырос аўтарамі. Да нас паступіла каля 270 заявак, з якіх мы выбралі 32 лепшыя фільмы. Традыцыйна шмат фільмаў прыходзіць з Расіі, Беларусі, краін СНД - Арменіі, Узбекістана, Таджыкістана, Кыргызстана, Казахстана і Азербайджана, заўсёды актыўны ўдзел прымаюць Малдова і Сербія. Важным здабыткам бягучага года сталі фільмы з КНР. Цэлая праграма прыйшла з Кітая, з якой мы адабралі адзін фільм. І цікавае набыццё - Ліван. Зірнуць на праблемы гэтай краіны, зразумець праз дакументалістыку праблемы бежанцаў, з якімі сутыкнулася Беларусь у мінулым годзе", - расказаў Андрэй Крывашэеў.

Паводле яго слоў, калектыў фестывалю з'яднаны. "Гэта яркія дакументалісты, журналісты, якія прадстаўлены ў журы з Беларусі, Расіі, Казахстана, Арменіі. Судзіць будзем строга, але справядліва. І, вядома, усіх запрашаем на паказы ў Мінску", - адзначыў выканаўчы дырэктар фестывалю.

На палях фестывалю запланаваны бясплатныя кінапаказы, сустрэчы з аўтарамі, круглыя сталы, майстар-класы і розныя спецмерапрыемствы для гледачоў, удзельнікаў і гасцей.

"У нас ёсць некалькі адметных момантаў фестывалю, якія заўсёды інтрыгуюць і аўтараў, і гледачоў. У рамках фестывалю ідзе негалосная канкурэнцыя паміж дакументальнымі фільмамі, якія ствараюць класічныя вялікія кінастудыі і тэлевізійныя каналы. У прыватнасці, у сёлетнім фестывалі актыўна ўдзельнічае "Беларусьфільм", які прыслаў цудоўныя работы. Але ідзе канкурэнцыя з той дакументалістыкай, якую робяць тэлевізійныя каналы. Цяпер яны, мяркуючы па колькасці, самыя масавыя вытворцы дакументальнага кіно, - дадаў Андрэй Крывашэеў. - Другая негалосная канкурэнцыя - фільмы, якія адлюстроўваюць сучасны грамадска-палітычны нерв, у прыватнасці спецыяльную ваенную аперацыю ў Данбасе, каранавірус, разлом глабальнай бяспекі па лініі Усход - Захад, дэградацыю інстытутаў міжнароднага кіравання, інфармацыйныя войны. Інакш кажучы, тое вастрыё, якое тут і цяпер цікава людзям. Яны хочуць у гэтым разабрацца, і дакументалісты ім у гэтым дапамагаюць. З іншага боку, ёсць вялікія, сур'ёзныя фільмы, якія адлюстроўваюць вечныя праблемы - адзіноту чалавека, тэму вялікай Еўразіі (ад Калінінграда да вострава Рускі і Шанхая), культурнае ўзаемадзеянне ў рамках, напрыклад, ШАС. Гэтыя фільмы апісваюць малую радзіму і імкненне чалавека пераўтварыць прастору вакол сябе, сваёй малой радзімы. Тэма гістарычнай памяці. Тэматыка ўз'яднання Беларусі ў 1939 годзе, і дзякуй беларускім дакументалістам, якія ўзнялі гэту тэму ў рамках фестывалю. Пераасэнсаванне прычын і падставы пачатку Другой сусветнай вайны".

Трэцяя фішка фестывалю ў тым, што аўтары і рэжысёры дакументальнага кіно маюць магчымасць паказаць яго ў вялікіх кінатэатрах. "Гэта для нас адзін з галоўных матываў правядзення фестывалю, - падкрэсліў выканаўчы дырэктар. - Кожны адкрыты паказ, дыскусійны стол - адкрытая пляцоўка. Аўтар, рэжысёр, эксперты, журналісты або прыцягнутыя гісторыкі гатовы з залай абмяркоўваць убачанае, пашыраць тэму. У аўтара фільма, дакументаліста ёсць унікальная магчымасць атрымаць імгненную зваротную сувязь і зразумець: тэма якую ён узняў, новыя факты і доказы маюць уздзеянне на аўдыторыю або гэта фільм у пустату. На шчасце, большасць фільмаў, якія мы паказваем на фестывалі, выклікаюць актыўны водгук, дыскусію".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі