Поўная версія

Аляксей Грос у першы дзень конкурсу "Віцебск-2016" выканае песню Уладзіміра Мулявіна

Культура 17.05.2016 | 13:16

16 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прадстаўнік Беларусі на міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2016" Аляксей Грос у першы дзень творчага спаборніцтва выканае песню Уладзіміра Мулявіна. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў выканаўца.

Разам з музычным прадзюсарам беларускім кампазітарам Леанідам Шырыным выканаўца прапанаваў шырокай аўдыторыі падключыцца да пошуку музычнага конкурснага матэрыялу. На працягу двух месяцаў артыст атрымаў 72 прапановы песень, сярод якіх і знайшлася кампазіцыя для паўфінальнага выступлення - песня "Ой, дожджык ідзе" (1978 год), якую выконваў Валерый Дайнэка. Словы гэтай песні народныя, музыка - Уладзіміра Мулявіна, таму ў аднолькавай ступені кампазіцыя магла трапіць у катэгорыю і "Славянскі хіт", і "Нацыянальны хіт". Пасля абмеркавання музыканты прыйшлі да высновы, што гэта кампазіцыя ў новай аранжыроўцы, якую зрабіў Максім Пугачоў, больш ярка зайграе як "Нацыянальны хіт", калі самабытныя песні сваёй краіны будзе прадстаўляць кожны з 21 удзельніка конкурсу.

"Славянскі хіт" з паступіўшых прапаноў музыканты не падабралі. Шукалі самі, разглядаючы скандынаўскую і балканскую музыку. У выніку пошук увянчаўся выбарам песні "Я хачу" Пятра Ялфімава, уладальніка Гран-пры конкурсу выканаўцаў "Славянскага базару - 2004". Кампазіцыю Аляксею прапанавала педагог па вакалу Людміла Куц. Песня прыйшлася даспадобы выканаўцу, але змянілася за кошт аранжыроўкі, аўтарам якой з'яўляецца Максім Пугачоў. Цяпер яна будзе гучаць у акустычным выкананні.

Цікава, што вызначанасць па конкурсных кампазіцыях для двух першых дзён выклікала неабходнасць змяніць сусветны хіт, хоць Аляксей не планаваў адмаўляцца ад песні "A song for you" з рэпертуару Рэя Чарльза, з якой перамог на адборы. Тым не менш вырашана, што гарманічна завершыць музычную палітру песні "It's my life" групы "Бон Джові". Песня прагучыць у аранжыроўцы групы "Радыёхваля", якая выйшла ў фінал нацыянальнага адбору на конкурс "Еўрабачанне-2016".

Аляксей Грос сёння засяроджаны на падрыхтоўцы да конкурсу, каб падысці да яго ў поўным узбраенні. Праз дзень артыст бярэ ўрокі вакалу ў педагога Людмілы Куц, а таксама ўдасканальваецца ў тэхніцы маўлення пад кіраўніцтвам вопытнага педагога Дзіны Тыцюк. Над вобразам артыста працуе стыліст Лаліта Туміловіч-Угуран. Не пакідае Аляксей і трэніровак у спартзале, займаючыся тры разы на тыдзень. Артыст лічыць гэта неабходнай састаўной часткай агульнай падрыхтоўкі.

Шлях на сцэну Аляксей Грос пачынаў з музычнай школы. Але тады аб эстрадным вакале не думаў - 6 гадоў вучобы былі прысвечаны ігры на ўдарных. У 2007-м ён заняў трэцяе месца на Мінскім гарадскім фестывалі патрыятычнай песні, а праз год атрымаў спецыяльны прыз "Надзея" на Рэспубліканскім конкурсе маладых эстрадных выканаўцаў "Белазаўскі акорд". З 2012 года пад кіраўніцтвам прафесійнай каманды прадзюсарскага цэнтра "Спамаш" займаецца сольнай кар'ерай. Спявак неаднаразова рабіў спробы прайсці нацыянальны адборачны тур на "Еўрабачанне". Сёлета ў фінале адбору на конкурс выступіў з песняй "Flame". Аляксей плануе паспрабаваць шчасця і ў адборы на "Еўрабачанне-2017".

ХXV Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" пройдзе з 14 па 18 ліпеня, на 12-13 і 19-20 ліпеня запланаваны дадатковыя мерапрыемствы. Асноўнай фестывальнай падзеяй застаецца конкурс выканаўцаў эстраднай песні, вялікую цікавасць заўсёды выклікае і дзіцячы песенны конкурс.-0-

Навіны рубрыкі Культура
Поўная версія