Поўная версія

Уверх па лесвіцы Doing Business

Каментарыі 04.11.2016 | 14:30

Адной з галоўных эканамічных тэм у Беларусі на мінулым тыдні стаў рух краіны ўверх у рэйтынгу Doing Business ("Вядзенне бізнесу"). Частка грамадства радавалася такому поспеху і прадракала прыток інвестыцый і больш актыўны прыход замежнага бізнесу, другая скептычна цікавілася, што гэта за рэйтынг і навошта ён нам патрэбны. Карэспандэнт БЕЛТА паспрабавала разабрацца, для чаго Сусветны банк інспектуе ўмовы вядзення бізнесу ў 190 краінах, як Беларусь рухалася ў рэйтынгу і што ў краіне будзе зроблена ў бліжэйшы час, каб стварыць яшчэ больш камфортныя ўмовы для бізнесу.

Рэйтынг Doing Business - што гэта такое?

Група Сусветнага банка ў 2002 годзе пачала работу над першым дакладам, які характарызаваў умовы вядзення бізнесу. У 2003 годзе ён убачыў свет і ўключаў тады 5 набораў паказчыкаў па 133 краінах. Даклад, апублікаваны ў канцы кастрычніка 2016 года, мае ўжо 11 набораў паказчыкаў па 190 краінах. Сярод індыкатараў, якія ацэньваюць эксперты, - "Падключэнне да сістэмы электразабеспячэння", "Рэгістрацыя ўласнасці", "Міжнародны гандаль", "Вырашэнне неплацежаздольнасці". Кожны год у дакладзе публікуюцца больш як 8,9 тыс. паказчыкаў. Для разліку гэтых паказчыкаў аўтарскі калектыў выкарыстоўвае звыш 52 тыс. прыватных значэнняў даных.

На сайце Сусветнага банка адзначаецца, што дакумент дае магчымасць ацаніць нарматыўна-прававыя акты, якія рэгулююць прадпрымальніцкую дзейнасць і забеспячэнне іх выканання ў 190 краінах, а таксама ў некаторых гарадах на субнацыянальным і рэгіянальным узроўнях. Праект дапрацоўваецца з выкарыстаннем водзываў прадстаўнікоў урадаў, вучоных, спецыялістаў-практыкаў і рэцэнзентаў. Першапачаткова была вызначана мэта справаздачы - даць аб'ектыўную аснову для разумення і ўдасканалення сістэм нарматыўна-прававога рэгулявання прадпрымальніцкай дзейнасці па ўсім свеце. І яна застаецца нязменнай.

Акрамя асноўнага даклада спецыялісты Сусветнага банка рыхтуюць і разгорнутыя субнацыянальныя даклады, у якіх даецца аналіз рэгулявання прадпрымальніцкай дзейнасці і рэформ у розных гарадах і рэгіёнах канкрэтнай краіны. Гэтыя даклады змяшчаюць даныя аб ступені лёгкасці вядзення бізнесу, рэйтынгу кожнага рэгіёна і аб рэформах, якія рэкамендуецца правесці.

Відавочным плюсам падрыхтоўкі справаздачы з'яўляецца тое, што ўся інфармацыя аб метадалогіі, парадку збору паказчыкаў і саміх паказчыках знаходзіцца ў адкрытым доступе на сайце Doing Business, і любы можа параўнаць прыведзеныя паказчыкі з рэальным станам спраў. Да мінусаў можна аднесці тое, што рэйтынг краіны фарміруецца па адным горадзе, часцей за ўсё гэта сталіца (у метадалогіі ён названы "буйнейшы дзелавы цэнтр краіны").

На аснове даклада складваецца рэйтынг і лічыцца, што чым вышэйшая пазіцыя краіны ў ім, тым больш спрыяльнае прадпрымальніцкае асяроддзе для адкрыцця і функцыянавання прадпрыемстваў.

Бегчы хутчэй

Беларусь упершыню з'явілася ў рэйтынгу Doing Business у 2007 годзе. Тады наша краіна займала 129-е месца са 175 эканомік свету. У рэйтынгу "Вядзенне бізнесу-2017" яна ўжо займае 37-ю пазіцыю сярод 190 дзяржаў. Пры гэтым мы абыходзім большасць сваіх калег па ЕАЭС: Арменія займае ў рэйтынгу 38-е месца, Расія - 40-е, Кыргызстан - 75-е.

Прагрэс відавочны, а ўрад ставіць задачу да 2020 года ўвайсці ў топ-30 рэйтынгу. Ад дасягнення гэтай мэты краіну аддзяляе няшмат і, здавалася б, можна супакоіцца. Але першы намеснік міністра эканомікі Аляксандр Забароўскі акцэнтуе ўвагу на тым, што работа па паляпшэнні ўмоў для вядзення бізнесу ў краіне вядзецца не дзеля рэйтынгу, а дзеля бізнесу і будучага эканамічнага росту. Хоць ён падкрэслівае, што рэйтынг "Вядзенне бізнесу" - гэта надзейная параўнальная метрыка, якая дае магчымасць разумець, як краіну ацэньваюць у часе (відаць, як змяняецца яе становішча з году ў год) і прасторы (параўноўваць сябе з іншымі).

"Аднак незалежна ад рэйтынгаў і ацэнак важнымі складнікамі эканамічнай палітыкі ў краіне былі такія параметры, як канкурэнтаздольнасць і прывабнасць нашых юрысдыкцый. Ужо недастаткова канкурыраваць на аснове нейкіх параўнальных рэчаў, калі асобнай краіне нешта ўдаецца лепш, чым іншым. Адбываецца вяртанне да канцэпцыі абсалютных пераваг, важна не проста быць лепшым за суседа, важна мець асаблівасці, якія даюць магчымасць быць у групе лідзіруючых дзяржаў. Асаблівасць канкурэнцыі вядома: каб заставацца на месцы, трэба вельмі сур'ёзна бегчы, а каб у гэтай глабальнай гонцы рушыць наперад, трэба бегчы ў два разы хутчэй", - канстатуе Аляксандр Забароўскі.

І для таго, каб "бегчы хутчэй", анансаваны шэраг крокаў. Напрыклад, Мінэканомікі плануе перавесці да канца наступнага года 25 найбольш частых адміністрацыйных працэдур у электронны фармат, укараніць сістэму ацэнкі рэгулюючага ўздзеяння на бізнес, прадаставіць некалькі новых крэдытных прадуктаў для малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, для інавацыйнага бізнесу. Папраўкі будуць уносіцца і ў закон "Аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве)". Будзе ўдасканальваць сваю работу з інвестарамі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, у прыватнасці, плануецца спрасціць сістэму атрымання дазвольнай дакументацыі для інвестыцыйных праектаў у будаўніцтве. Свае крокі анансавалі МПЗ, Нацбанк, МЗС.

Ці варта Беларусі так упарта імкнуцца ўверх па лесвіцы Doing Business, калі мы і так на нядрэннай пазіцыі? Адказваючы на гэта пытанне, хочацца ўзгадаць гісторыю, якую расказаў кіраўнік Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Уладзімір Улаховіч: "Праз тры дні пасля публікацыі рэйтынгу Doing Business я сустракаўся са сваім калегам з Федэральнай палаты эканомікі Аўстрыі, і ён пачаў размову з таго, што павіншаваў мяне з тым, што Беларусь паднялася ў рэйтынгу. Гэта было нават крыху нечакана для мяне. Таму хачу заўважыць, што партнёры і інвестары на самай справе аддаюць належнае тым паказчыкам, якіх дабіваецца наша краіна. І пазітыўная дынаміка, якую дэманструе Беларусь, - гэта сапраўды каштоўнасць для бізнесу".

Святлана МІХОВІЧ

Поўная версія