Поўная версія

Уладзімір Дворнік: Гомельскі эканамічны форум з'яўляецца добрай пляцоўкай для прыцягнення інвестыцый

Каментарыі 19.05.2015 | 15:37

Гомельскі эканамічны форум - знакавая падзея для паўднёва-ўсходняга рэгіёна Беларусі. За час правядзення, з 2004 года, форум прайшоў шлях ад рэгіянальнай падзеі да маштабнага мерапрыемства, якое збірае сотні прадстаўнікоў дзелавых і афіцыйных колаў з розных краін. У гэтым годзе форум пройдзе 22 мая. Аб тым, якое значэнне надаюць гэтаму мерапрыемству органы мясцовай улады, якія надзеі звязваюць з яго правядзеннем, карэспандэнту БЕЛТА расказаў старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік.


Паводле слоў губернатара, эканамічны форум як галоўнае дзелавое мерапрыемства Гомельскай вобласці дае магчымасць данесці да шырокай аўдыторыі інфармацыю аб эканамічным патэнцыяле рэгіёна. Яго галоўная задача - прадаставіць інвестарам магчымасць азнаёміцца з варыянтамі стварэння ў рэгіёне вытворчасцей, перш за ўсё з перспектывай іх удзелу ў развіцці рэальнага сектара эканомікі.


Перавага рэальнаму сектару аддаецца не выпадкова. Менавіта прамысловы комплекс з'яўляецца лакаматывам эканомікі Гомельскай вобласці, які забяспечвае больш за палавіну валавога рэгіянальнага прадукту. За 2014 год у вобласці выраблена прамысловай прадукцыі на B140 трлн. У рэгіёне функцыянуе каля 300 буйных і сярэдніх прадпрыемстваў, доля якіх у аб'ёме прамысловай вытворчасці рэспублікі больш за 20 працэнтаў. У час цяперашняга форуму плануецца падпісаць з інвестарамі 14 дакументаў на суму $276 млн, у тым ліку 10 дакументаў маюць дачыненне да рэалізацыі праектаў у рэальным сектары эканомікі.


Не сакрэт, што для любога інвестара важнымі ўмовамі вядзення бізнесу з'яўляюцца стабільнасць і дынамічнасць развіцця тэрыторыі, адзначыў Уладзімір Дворнік. Павышэнне аўтарытэтнасці форуму сярод міжнароднай бізнес-супольнасці ў многім з'яўляецца вынікам комплекснага развіцця народнай гаспадаркі вобласці, удасканалення інфраструктуры, у тым ліку станоўчых змяненняў у абліччы гарадоў. Замежныя госці, якія прыязджаюць на форум, аднадушна адзначаюць чысціню і парадак на вуліцах населеных пунктаў, высокі ўзровень арганізацыі мерапрыемства, добрасардэчнасць і гасціннасць прымаючага боку, заўважаюць іншыя станоўчыя, няхай і нязначныя, нюансы. "Паводле майго пераканання, ключ да агульнага поспеху, як ні парадаксальна, менавіта ў дробязях, якія дапамагаюць дзелавым людзям скласці цэласную карціну нашай надзейнасці ў якасці партнёраў. Гэта называецца імідж", - сказаў Уладзімір Дворнік.


Па выніках пяцігодкі Гомельская вобласць па аб'ёме ўкладзеных у эканоміку інвестыцый займае першае месца ў краіне. Доля замежных інвестыцый, якіх за апошнія чатыры гады было атрымана больш за $4 млрд, складае ў агульным аб'ёме 26 працэнтаў, што таксама з'яўляецца адным з самых высокіх паказчыкаў у рэспубліцы. У 2014 годзе ў вобласці працаваў капітал з 40 краін. Гэтыя лічбы з'яўляюцца практычным пацвярджэннем рэзультатыўнасці работы з інвестарамі, у тым ліку замежнымі.


Самы першы эканамічны форум сабраў у 2004 годзе менш як 100 удзельнікаў. У гэтым годзе іх будзе ўжо каля 400. Сярод тых, хто прыме ўдзел у мерапрыемстве, афіцыйныя дэлегацыі, супрацоўнікі пасольстваў, работнікі банкаўскіх і фінансавых устаноў, бізнесмены. Цікавасць да форуму праявілі такія краіны з высокаразвітой эканомікай, як Кітай, Германія, Аўстрыя, Італія, Турцыя, Нідэрланды. Чакаецца шырокае прадстаўніцтва з боку Расіі і Украіны. Сваіх прадстаўнікоў дэлегуюць і такія далёкія ад Беларусі краіны, як В'етнам, Венесуэла, Ліван. Упершыню ў форуме прымуць удзел прадстаўнікі Перу і Фінляндыі.


У Гомель прыедуць прадстаўнікі органаў улады сямі краін, а таксама дзевяці пасольстваў, якія працуюць у Беларусі. Удзел у мерапрыемствах форуму дыпламатаў з'яўляецца важным аспектам, таму што менавіта пасольствы фарміруюць першапачатковую інфармацыю для прадпрымальнікаў сваёй краіны з прапановамі па ўкладанні інвестыцый. "Гэта, дарэчы, пацвердзіў і нядаўні Беларуска-польскі форум у Гомелі. У лютым бягучага года абласны цэнтр наведваў пасол Польшчы ў нашай рэспубліцы. У час візіту ішла размова аб развіцці эканамічнага супрацоўніцтва. У маі ён зноў наведаў Гомель, прычым на гэты раз ужо ў суправаджэнні амаль 20 бізнесменаў", - расказаў губернатар.


Удзельнікам форуму будзе прапанавана да рэалізацыі больш за 100 інвестыцыйных праектаў. Пры жаданні яны могуць аб'яднаць свае намаганні з мясцовымі дзелавымі коламі ці органамі ўлады або рэалізаваць самастойна праекты па 14 напрамках эканомікі, уключаючы  турызм, энергетыку, дрэваапрацоўку, сельскую гаспадарку.


Па многіх праектах ёсць тэхніка-эканамічныя абгрунтаванні і бізнес-планы. Дыяпазон магчымасцей па прыкладанні капіталу вельмі шырокі - ад будаўніцтва заводаў па перапрацоўцы сажалкавай рыбы да стварэння вытворчасці абліцовачнай гіперпрэсаванай цэглы. Частка праектаў будзе дэталёва прапрацавана ўдзельнікамі форуму на пленарным пасяджэнні, а таксама ў час работы па секцыях, у тым ліку ў такіх сферах, як аграпрамысловы комплекс, транспарт і лагістыка, будаўнічы і жыллёва-камунальны комплекс, турызм, малы бізнес.


Цікавасць ва ўдзельнікаў форуму, на думку кіраўніка вобласці, павінна выклікаць і магчымасць стаць рэзідэнтамі свабоднай эканамічнай зоны "Гомель-Ратон", якая ўжо функцыянуе 19 гадоў. Яна размяшчаецца ў 11 рэгіёнах вобласці, займае больш за 8 тыс. га.


Будзе таксама прапанаваны шырокі выбар нерухомай маёмасці. Акрамя набыцця нерухомай маёмасці на аўкцыёне, інвестары змогуць атрымаць яе ў бязвыплатнае карыстанне і нават бясплатна ва ўласнасць. Можна будзе таксама набыць пакеты акцый акцыянерных таварыстваў. За апошнія чатыры гады ў Гомельскай вобласці прададзены пакеты акцый на агульную суму больш за $30 млн.


Уладзімір Дворнік выказаў упэўненасць у паспяховых выніках мерапрыемства. "У час прэзентацыі Гомельскай вобласці мы звяртаем увагу партнёраў на тое, што наша вобласць самая буйная ў Беларусі як па плошчы, так і па насельніцтве. Да таго ж тут знаходзіцца каля 70 працэнтаў запасаў карысных выкапняў рэспублікі. Усяго з 2008 па 2014 год на форумах падпісана 56 пагадненняў на $1,36 млрд", - канстатаваў губернатар.


"Работа прадпрыемстваў, якiя ствараюцца з інвестарамі, забяспечвае занятасць насельніцтва, папаўняе бюджэт, садзейнічае развіццю рэгіёна ў цэлым на карысць нашых людзей", - сказаў на заканчэнне старшыня аблвыканкама.


Валерый СІДОРЧЫК

Поўная версія