Поўная версія
Цуй Цымін

Уклад Беларусі ў забеспячэнне бяспекі ў свеце становіцца ўсё больш важкім

Каментарыі 22.04.2016 | 16:14
Цуй Цымін Цуй Цымін Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол КНР у Беларусі

Уклад Беларусі ў забеспячэнне рэгіянальнай і сусветнай бяспекі становіцца ўсё больш важкім. Такую ацэнку даў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол КНР у Беларусі Цуй Цымін, які ў якасці госця прысутнічаў у Авальнай зале ў час звароту Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу. Кіраўнік кітайскай дыпмісіі адзначыў, што цяпер на першы план выходзяць пытанні бяспекі, абароны суверэнітэту, падтрымання высокага ўзроўню абараназдольнасці, таму не выпадкова беларускі лідар такую пільную ўвагу ўдзяліў гэтым тэмам.

Прэзідэнт Беларусі ў Пасланні падкрэсліў, што няма больш высокай каштоўнасці, чым мір і бяспека. "Поўнасцю згодны. Няпростая сітуацыя ў свеце больш як пераканаўча пацвярджае гэта, - адзначыў Цуй Цымін. - Свет перажывае гістарычны працэс паскоранай эвалюцыі: сонца міру, развіцця і прагрэсу ззяе дастаткова ярка, каб прабіцца праз хмары вайны, беднасці і адсталасці. Рух да шматпалярнага свету, а таксама ўздым рынкаў, якія фарміруюцца, і краін, якія сталі на шлях развіцця, сталі тэндэнцыяй гістарычнага працэсу. Эканамічная глабалізацыя і інфармацыйная эпоха вызвалілі прадукцыйныя сілы грамадства, далі ім незвычайны шанц для развіцця, але разам з тым прывялі да з'яўлення новых пагроз і выклікаў, да якіх мы павінны ставіцца з належнай сур'ёзнасцю".

Мір, развіццё, роўнасць, справядлівасць, дэмакратыя і свабода - агульначалавечыя каштоўнасці і высакародныя мэты ААН, канстатаваў пасол. Аднак да дасягнення гэтых мэт яшчэ далёка. Дыпламат падкрэсліў, што ўсе краіны ўзаемазалежныя і таму вельмі важныя прыхільнасць да мэт і прынцыпаў Статута ААН, стварэнне міжнародных адносін новага тыпу, ядром якіх будзе супрацоўніцтва і ўзаемны выйгрыш.

"Усім краінам трэба ўстанавіць партнёрскія адносіны, пры якіх усе будуць ставіцца адзін да аднаго як да роўных і дэманстраваць узаемаразуменне, - заўважыў Цуй Цымін. - У аснове Статута ААН - прынцып суверэннай роўнасці. Будучыню нашага свету павінны фарміраваць усе краіны. Усе краіны роўныя, вялікія, моцныя і багатыя не павінны абражаць і прыгнятаць малых, слабых і бедных. Прынцып суверэнітэту значыць не толькі тое, што суверэнітэт і тэрытарыяльная цэласнасць усіх краін недатыкальныя, але і тое, што ніхто не мае права ўмешвацца ва ўнутраныя справы іншых. Ён таксама значыць, што трэба адстойваць права кожнай краіны самастойна выбіраць грамадскі лад і шлях развіцця, а таксама паважліва ставіцца да практычных намаганняў усіх краін па забеспячэнні эканамічнага і сацыяльнага развіцця і паляпшэнні ўзроўню жыцця народа. Беларусь дакладна прытрымліваецца гэтых прынцыпаў, што добра было адлюстравана ў Пасланні Прэзідэнта".

Пасол выказаў меркаванне, што ў цяперашняй сітуацыі ў свеце вельмі важна прытрымлівацца прынцыпу шматбаковых адносін і адхіляць аднабаковыя дзеянні. "Мы павінны прытрымлівацца новай канцэпцыі дасягнення вынікаў, якія будуць выгадны ўсім бакам, і адкінуць устарэлае ўяўленне аб тым, што перамога аднаго значыць паражэнне іншага і што пераможцу дастаецца ўсё. Кансультацыі - важная форма дэмакратыі, яны таксама павінны стаць важным сродкам сучаснага міжнароднага кіравання, - адзначыў дыпламат. - Трэба вырашаць спрэчкі і рознагалоссі шляхам дыялогу і кансультацый". Паводле яго слоў, неабходна сфарміраваць глабальнае партнёрства на сусветным і рэгіянальным узроўнях і зыходзіць з новых падыходаў да міждзяржаўных адносін, у якіх вяршэнствуе дыялог, а не канфрантацыя, на першы план выходзіць партнёрства, а не блокавая палітыка. Вядучыя краіны ў сваіх адносінах павінны прытрымлівацца прынцыпаў бесканфліктнасці, неканфрантацыйнасці, узаемнай павагі і супрацоўніцтва.

"Аляксандр Лукашэнка ў сваім выступленні адзначыў, што канструктыўны ўдзел у забеспячэнні бяспекі прымае ўсё беларускае грамадства, дэманструючы з'яднанасць перад тварам новых пагроз і разуменне прымаемых сілавымі структурамі мер", - працытаваў пасол.

На яго думку, сусветная супольнасць павінна стварыць сістэму бяспекі, у аснове якой будуць знаходзіцца справядлівасць, законнасць, сумесны ўклад і калектыўная выгада. У эпоху эканамічнай глабалізацыі бяспека ўсіх краін узаемазвязана і ўзаемазалежная. Ні адна краіна не можа забяспечыць сабе абсалютную бяспеку толькі ўласнымі намаганнямі, і ні адна краіна не можа дабіцца стабільнасці за кошт нестабільнасці ў іншых краінах. "Моцны паядае слабага" - гэты закон джунглей не падыходзіць для міждзяржаўных адносін. Тыя, хто пускаецца на ваенныя авантуры, павінны памятаць: не спрабуй кінуць у іншага камень - сам сабе ногі адаб'еш", - сказаў Цуй Цымін.

Прэзідэнт Беларусі ў Пасланні звярнуў вагу і на такую негатыўную сусветную тэндэнцыю, як новы этап халоднай вайны, які набірае абароты. Пасол у сувязі з гэтым падкрэсліў: "Мы павінны адмовіцца ад мыслення эпохі халоднай вайны ва ўсіх яго праяўленнях і сфарміраваць новыя ўяўленні аб усёабдымнай, сумеснай і ўстойлівай бяспецы. Нам трэба ў поўнай меры выяўляць цэнтральную ролю ААН і яе Савета Бяспекі ў спыненні канфліктаў і падтрыманні міру, рухацца па "двухкаляінным шляху" - як звяртаючыся да мірнага ўрэгулявання спрэчных пытанняў, так і прымаючы меры прымушэння дзеля ператварэння варожасці ў дружалюбнасць. Мы павінны садзейнічаць міжнароднаму супрацоўніцтву адначасова ў эканамічнай і сацыяльнай сферах, а таксама цэласна падыходзіць да вырашэння традыцыйных і нетрадыцыйных праблем бяспекі ў імя прадухілення і недапушчэння вайны".

Цуй Цымін адзначыў важнасць таго, што ў Пасланні Аляксандр Лукашэнка ўдзяліў належную ўвагу інавацыйнаму і ўзаемавыгаднаму развіццю. "Сусветны фінансавы крызіс, які выбухнуў у 2008 годзе, навучыў нас, што, калі дазволіць капіталу слепа гнацца за прыбыткам, гэта можа прывесці толькі да новых крызісаў. Будынак дабрабыту немагчыма пабудаваць на хісткім фундаменце рынку без маральных абмежаванняў. Узрастаючая розніца паміж беднымі і багатымі несправядлівая і непрымальная. Важна фарміраваць арганічны сінергізм паміж сіламі рынку і дзеяннямі ўрада", - лічыць дыпламат. На яго думку, развіццё можна лічыць сапраўдным і станоўчым толькі тады, калі яно для ўсіх і калі гэта ўстойлівае развіццё.

Пасол таксама закрануў тэму экалогіі: "Мы павінны пабудаваць экасістэму, у якой вышэй за ўсё ставіцца прырода і экалагічна чыстае развіццё. "Мы павінны ахоўваць прыроду, не спрабуючы паставіць сябе над ёй, і павінны вырашыць супярэчнасці, якія прынесла з сабой індустрыяльная цывілізацыя. Стварэнне экалагічнай цывілізацыі жыццёва важнае для будучага чалавецтва. Усе члены сусветнай супольнасці павінны аб'яднаць намаганні ў пошуках шляху стварэння глабальнай экалагічнай цывілізацыі. Трэба сфарміраваць устойлівую канцэпцыю павагі прыроды і яе аховы. Важна, што ў Беларусі імкнуцца да гэтага пры вырашэнні пытанняў сацыяльна-эканамічнага развіцця і стварэння АЭС".

Усебаковае стратэгічнае партнёрства Беларусі з Кітаем адыгрывае важную ролю ў рэалізацыі курсу на шматвектарнасць знешняй палітыкі. Цяпер на беларуска-кітайскім парадку дня выкананне шэрага ўзаемавыгадных дамоўленасцей і канкрэтных праектаў. Пасол падкрэсліў, што Кітай і ў далейшым мае намер прадаўжаць палітыку ўзаемавыгадных адносін з Беларуссю на аснове раўнапраўя і павагі, сумеснага процістаяння сучасным пагрозам і выклікам.

Аліна ГРЫШКЕВІЧ

Поўная версія