Поўная версія
Руслан Саковіч

У Беларусі адкрываецца Рэспубліканскі цэнтр пазітронна-эмісійнай тамаграфіі

Каментарыі 02.10.2015 | 16:58
Руслан Саковіч Руслан Саковіч Загадчык Рэспубліканскім цэнтрам пазітронна-эмісійнай тамаграфіі

На базе РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М. Аляксандрава ў хуткім часе будзе ўведзены ў эксплуатацыю Рэспубліканскі цэнтр пазітронна-эмісійнай тамаграфіі (ПЭТ), роўных якому няма ў краінах постсавецкай прасторы і Усходняй Еўропы. Афіцыйнае адкрыццё запланавана на 8 кастрычніка. Сумяшчэнне метадаў ПЭТ і камп'ютарнай тамаграфіі (КТ) дало магчымасць развіваць і ўкараняць у клінічную практыку так званыя гібрыдныя тэхналогіі даследавання. На сёння ПЭТ/КТ - гэта, бадай, адзін з самых адчувальных і спецыфічных метадаў дыягностыкі. Да гэтага часу ў Беларусі такое абследаванне было немагчыма з-за адсутнасці неабходнага абсталявання. Са з'яўленнем ПЭТ-цэнтра ў беларускіх урачоў прамянёвай дыягностыкі, анколагаў, кардыёлагаў, неўролагаў і спецыялістаў сумежных спецыяльнасцей значна пашырыцца спектр і магчымасці абследавання пацыентаў. Аб тым, як з адкрыццём цэнтра зменіцца тактыка лячэння анкалагічных хворых і калі цэнтр зможа прыняць першых пацыентаў, карэспандэнт БЕЛТА даведаўся ў загадчыка цэнтра Руслана Саковіча.

ПЭТ-цэнтр складаецца з двух асноўных падраздзяленняў: лабараторыі ПЭТ/КТ дыягностыкі і цыклатронна-радыехімічнай лабараторыі, дзе наладжана ўласная вытворчасць радыефармпрэпаратаў. У лабараторыі ПЭТ/КТ дыягностыкі сістэма памяшканняў арганізавана з улікам падзелу патокаў пацыентаў і персаналу такім чынам, што пацыенты, якія ідуць на даследаванне, і тыя, якія вяртаюцца з яго, не перасякаюцца паміж сабой.

Перад правядзеннем даследавання пацыента накіроўваюць у адзін з асобных боксаў для рэлаксацыі. Тут на працягу гадзіны чалавек праходзіць падрыхтоўку да даследавання пасля ўвядзення радыефармпрэпарату. У кожным боксе знаходзіцца спецыяльнае крэсла, якое раскладваецца так, каб пацыенту было максімальна камфортна. Таксама кожны бокс аснашчаны камерамі відэанагляду для цэнтралізаванага кантролю за пацыентамі.

Боксы для рэлаксацыі з такім узроўнем аснашчэння нават у замежных цэнтрах практычна не сустракаюцца. Звычайна ствараецца агульная прастора з размешчанымі ўнутры крэсламі. Такія памяшканні прадугледжаны і пасля правядзення даследавання да моманту дазіметрычнага кантролю (боксы аднаўлення).

Яшчэ адна пазіцыя, па якой айчынны цэнтр выгадна адрозніваецца ад многіх замежных, - наяўнасць адразу трох ПЭТ/КТ сканераў. На сёння гэта ультрасучасныя мадыфікацыі ў лінейцы аднаго з лідараў па вытворчасці ПЭТ/КТ (два з іх упершыню ўстаноўлены на постсавецкай прасторы з моманту іх з'яўлення на медыцынскім рынку). Такіх апаратаў у рэспубліцы да гэтага не было наогул. Ды і ў Расіі ў такіх цэнтрах маецца, як правіла, адзін або два тамографы. Кошт кожнага сканера - амаль 1,6-1,7 млн еўра, а агульны кошт праекта па будаўніцтве ПЭТ-цэнтра склаў больш за Br450 млрд.

Перавагі ПЭТ/КТ - высокая дыягнастычная дакладнасць, дыягностыка захворванняў на ранніх стадыях. Зразумела, для выяўлення пухліны на ранняй стадыі ёсць шэраг іншых методык, напрыклад скрынінг. ПЭТ/КТ мае сэнс прымяняць у тым выпадку, калі іншыя метады не далі выніку.

Новае абсталяванне дае магчымасць праводзіць даследаванні не толькі ў анкалогіі (70 працэнтаў ад агульнай колькасці). ПЭТ/КТ таксама запатрабавана ў кардыялогіі (10 працэнтаў) і неўралогіі (20 працэнтаў).

Кошт даследавання цяпер знаходзіцца на этапе зацвярджэння ў Міністэрстве аховы здароўя. Як паказвае вопыт замежных клінік, звычайна цана эквівалентная $1-1,2 тыс. "З улікам таго, што ў нас ёсць уласная вытворчасць радыефармпрэпаратаў, думаю, што кошт даследавання для аднаго пацыента будзе вагацца ў дыяпазоне $700-800. У любым выпадку па сукупнасці фактараў гэта выгадней, чым ездзіць у іншыя краіны", - лічыць спецыяліст. У той жа час, на яго думку, для профільных пацыентаў гэта даследаванне павінна быць абсалютна бясплатным.

"Платныя паслугі будуць прадугледжаны ў большай ступені для пацыентаў, якія прыязджаюць з-за мяжы. Тое абсталяванне, якое ўстаноўлена ў блізкім замежжы, не забяспечвае патрэбнасці жадаючых прайсці даследаванне. Замежныя грамадзяне ўжо цяпер хочуць ехаць да нас", - сказаў Руслан Саковіч.

Вышэй згадвалася, што ў цэнтры наладжана ўласная вытворчасць радыефармпрэпаратаў. Прэпарат, з якім маюць намер працаваць у цэнтры, называецца фтордэзоксіглюкоза - біялагічны аналаг глюкозы.

Для правядзення кантролю якасці ў цэнтры функцыянуе спецыяльная лабараторыя. Перад увядзеннем радыефармпрэпарату трэба быць упэўненым, што ён па мікрабіялагічнай, хімічнай чыстаце і іншых параметрах абсалютна бясшкодны для медыцынскага прымянення.

Для гарантавання бяспекі персаналу ў кожным памяшканні цэнтра ўстаноўлена спецыяльная аўтаматызаваная сістэма дэтэктыравання забруджвання і перавышэння радыеактыўнага фону, што дае магчымасць правесці ацэнку абстаноўкі ў рэжыме рэальнага часу для прадухілення аварыйных сітуацый.

Для збору радыеактыўных адходаў у "гарачых" камерах ёсць спецыяльныя кантэйнеры. Вадкія адходы збіраюць у спецыяльнай каналізацыі, якая размешчана пад будынкам. Два незалежныя рэзервуары (кожны аб'ёмам 1600 л) разлічаны на работу на працягу мінімум трох сутак. Такой колькасці часу для ўтылізацыі дастаткова: за суткі адходы распадаюцца практычна поўнасцю і становяцца абсалютна неактыўнымі.

У ПЭТ-цэнтры будуць працаваць высокакваліфікаваныя спецыялісты. Урачы цэнтра маюць спецыялізацыю і вялікі вопыт практычнай работы па КТ, МРТ, ядзернай медыцыне ў лячэбных установах Беларусі, а таксама дадаткова прайшлі навучанне за мяжой, у тым ліку Польшчы, Швейцарыі, Расіі. Спецыялісты цыклатронна-радыехімічнай лабараторыі, у асноўным гэта хімікі і фізікі, таксама прайшлі спецыяльныя курсы навучання за мяжой і ў Беларусі, у тым ліку падрыхтоўку для работы на АЭС.

Афіцыйнае адкрыццё Цэнтра пазітронна-эмісійнай тамаграфіі запланавана на 8 кастрычніка. Аднак, паводле слоў Руслана Саковіча, з гэтага моманту павінен прайсці пэўны этап адпрацоўкі тэставых рэжымаў, пасля чаго цэнтр зможа прыняць першых пацыентаў.

Поўная версія