Поўная версія

ЦІ ЗАХОЎВАЦЬ ГРОШЫ Ў БАНКУ?

Каментарыі 22.12.2011 | 14:44
Стаўкі па ўкладах у беларускіх рублях хутка дасягнуць максімуму

Пытанне аб тым, дзе і ў якой валюце захоўваць свае зберажэнні, з гадамі не страчвае актуальнасці. Захоўваць іх у скарбонцы ці прымнажаць на банкаўскім рахунку? Варыянтаў ва ўладальнікаў свабодных сродкаў шмат. Карэспандэнт БЕЛТА пры дапамозе экспертаў паспрабавала разабрацца, якому са спосабаў накаплення грошай лепш аддаць перавагу ў цяперашняй эканамічнай сітуацыі.

Размяшчэнне грошай на банкаўскім рахунку адзназначна больш выгаднае, чым захоўванне зберажэнняў дома. Прычым не столькі таму, што гарантуе бяспеку, колькі з-за прыросту сумы зберажэнняў за кошт працэнтаў. Што датычыцца валюты, у якой лепш адкрываць дэпазіты, то ў цяперашняй сітуацыі большасць экспертаў сыходзяцца на думцы, што перавагу варта аддаць беларускім рублям. У сярэднетэрміновай перспектыве (паўгода-год) уклады ў нацыянальнай валюце павінны сябе апраўдаць. Гэта звязана з пэўнай рызыкай, але абяцае вялікую даходнасць, калі атрымаецца ўгадаць з тэмпам інфляцыі ў наступным годзе.

У гэтым годзе сітуацыя на беларускім рынку дэпазітаў значна змянялася як па аб'ёмах, так і па долях укладаў у рублях і замежнай валюце ў агульнай карзіне, што было звязана з дэвальвацыйна-інфляцыйнымі працэсамі ў эканоміцы. У пачатку года назіраўся адток дэпазітаў, але апошні час намецілася ўстойлівая тэндэнцыя павелічэння укладаў: і рублёвых, і валютных. Прычым не толькі ў адносных, але і ў абсалютных лічбах, адзначаюць у Нацыянальным банку Беларусі. Пры гэтым ператок дэпазітаў з замежнай валюты ў беларускія рублі і наадварот - мінімальны. Гэта вынік мэтанакіраванай палітыкі Нацбанка па стабілізацыі сітуацыі на фінансавым рынку краіны, лічаць аналітыкі.

Схільнасць насельніцтва да зберажэнняў сродкаў у банках рэгулятар стымулюе працэнтнымі стаўкамі. Цяпер галоўнай тэндэнцыяй на беларускай дэпазітным рынку з'яўляецца павелічэнне працэнтных ставак па дэпазітах у нацыянальнай валюце. "Яны растуць прапарцыянальна павелічэнню стаўкі рэфінансавання і нават у большай меры - ставак падтрымкі ліквіднасці, устаноўленых Нацбанкам, якія і з'яўляюцца пэўным арыенцірам для астатніх ставак грашовага рынку", - каменціруе сітуацыю старшыня праўлення ЗАТ "МТБанк" Андрэй Жышкевіч.

Апошняе павышэнне стаўкі рэфінансавання да 45 працэнтаў гадавых адбылося з 12 снежня, адначасова ўступіла ў сілу рашэнне Нацбанка аб павышэнні працэнтных ставак па аперацыях падтрымкі ліквіднасці банкаў да 70 працэнтаў. Услед за гэтай навіной многія беларускія банкі аб'явілі аб чарговым павелічэнні ставак па рублёвых дэпазітах. Сярэдні працэнт ставак сёння вагаецца ў дыяпазоне 55-60 працэнтаў, а максімальны ўзровень блізкі да цяперашняй стаўкі інструментаў падтрымкі ліквіднасці Нацбанка. Андрэй Жышкевіч выказаў меркаванне, што шэраг банкаў у бліжэйшы час перагледзіць свае пікавыя стаўкі па дэпазітах да ўзроўню 65-70 працэнтаў. "Таму цяпер ёсць відавочны сэнс задумацца над тым, каб стаць рублёвым укладчыкам", - падкрэсліў ён.

У цяперашніх умовах у выйгрышы могуць быць тыя, хто размесціць зберажэнні ў банку на рублёвы дэпазіт на доўгі тэрмін і пад фіксаваную стаўку. На думку экспертаў, цяперашняя сітуацыя на дэпазітным рынку з'яўляецца пікам росту ставак або, прынамсі, блізкая да максімальнага іх узроўню.

"Калі ў наступным годзе Нацбанк будзе прытрымлівацца заяўленай палітыкі барацьбы з інфляцыяй шляхам зніжэння эмісіі, то даволі хутка інфляцыя пачне зніжацца. І пасля гэтага, відавочна, пойдзе зніжэнне ставак. Таму найбольш выгадна можа быць размяшчаць сёння рублі ў банку не на кароткія тэрміны, што пакуль з'яўляецца характэрнай тэндэнцыяй, а на больш працяглыя і менавіта з фіксаванай стаўкай. Паколькі цяпер зафіксаваныя стаўкі могуць быць больш прывабнымі ў параўнанні са стаўкамі, скажам, праз паўгода", - лічыць банкір.

Пры ўмове, што ўрад і Нацбанк рэалізуюць заяўленыя ўстаноўкі па барацьбе з інфляцыяй і да канца наступнага года яна не перавысіць 20-25 працэнтаў, з адкрытага сёння ўкладу пад 60 працэнтаў гадавых можна атрымаць чыстую даходнасць на ўзроўні 40 працэнтаў. Гучыць вельмі прывабна, хоць выбар кліента на карысць такога дэпазіту, безумоўна, спалучаны з рызыкай. "Вядома, няма ўніверсальных рэцэптаў, якія адначасова гарантуюць і высокі заработак, і поўную адсутнасць рызыкі, але цяпер сукупныя фактары (класічная пара "рызыка/даходнасць") зберажэнні ў рублях з'яўляюцца даволі прывабнымі", - упэўнены Андрэй Жышкевіч.

Ён перакананы, што адназначна лепш размяшчаць зберажэнні ў рублях, чым захоўваць іх у валюце, таму што дэпазіты, якiя прыцягваюцца ў замежнай валюце, цяпер наадварот таннеюць. Гэта адваротны бок таго, што банкам як крэдыторам зараз валюта патрэбна менш, паколькі ў краіне на працягу ўжо 2,5 года забаронена валютнае крэдытаванне фізічных асоб, а з юрыдычнымі асобамі ў плане крэдытавання банкі сталі больш выбіральнымі.

"У прынцыпе, попыт юрыдычных асоб на валютныя крэдыты захоўваецца, але банкі сталі намнога больш жорсткімі ў ацэнцы рызык, звязаных з валютным крэдытаваннем, і насцярожана ставяцца да кліентаў, якія не маюць валютнай выручкі. Мы прадаўжаем крэдытаваць юрыдычных асоб, але скрупулёзна вывучаем, адкуль кліент будзе генерыраваць валюту для пагашэння крэдыту", - растлумачыў Андрэй Жышкевіч. Зніжэнне ставак па валютных дэпазітах звязана яшчэ і з тым, што ў некаторых банкаў ёсць больш выгадная альтэрнатыва папаўнення валютных рэсурсаў, чым сродкі ўкладчыкаў. Напрыклад, у МТБанка адкрыты крэдытныя лініі ад міжнародных фінансавых арганізацый тыпу ЕБРР, МФК. "Банкі, якім удалося ў няпростай эканамічнай сітуацыі захаваць рэпутацыю надзейнага пазычальніка перад замежнымі крэдыторамі, маюць магчымасць атрымаць валютныя рэсурсы танней, чым на лакальным унутраным рынку. Гэта становіцца яшчэ больш відавочным, улічваючы, што ў адрозненне ад замежных ліній па валютных дэпазітах банкі фарміруюць абавязковыя рэзервы ў беларускіх рублях, якія даражэюць", - растлумачыў эксперт.

У пачатку года працэнтныя стаўкі па валютных дэпазітах знаходзіліся на даволі высокім узроўні, якога дасягнулі яшчэ ў 2009 годзе, - амаль 12 працэнтаў гадавых. Затым у сувязі з эканамічнымі абставінамі пачаўся адток укладаў. Каб перашкодзіць гэтаму працэсу, банкі не спяшаліся зніжаць стаўкі па валютных дэпазітах. У другой палавіне года адмоўная дынаміка спынілася і раней знятую валюту беларусы зноў панеслі ў банкі. А ў банкаў з'явілася магчымасць паступова зніжаць стаўкі па валютных дэпазітах.

Нягледзячы на вяртанне рэсурсаў у банкаўскую сістэму ў цэлым, розныя банкі дэманструюць розную ступень аднаўлення аб'ёмаў укладаў. "Тыя, якія прапануюць максімальныя стаўкі на рынку, даўно кампенсавалі страты і нават пераўзышлі паказчыкі пачатку года. Паміж банкамі адбываюцца ператокі сродкаў у залежнасці ад прывабнасці ўмоў па дэпазітах на канкрэтны момант", - дадаў Андрэй Жышкевіч.

Што датычыцца тэрмінаў размяшчэння сродкаў ва ўклады, то ва ўмовах гіперінфляцыі (у гэтым годзе яна перасягнула псіхалагічны парог 100 працэнтаў) насельніцтва аддае перавагу кароткім дэпазітам - ад 3 да 6 месяцаў. Аднак хуткія грошы для кліентаў - гэта дарагія грошы для банка. Таму банкі прымаюць меры, якія стымулююць грамадзян укладваць сродкі на доўгатэрміновай аснове. Паводле слоў экспертаў, ёсць два асноўныя матыватары для кліента. Першы - высокія працэнтныя стаўкі на дэпазіты з вялікімі тэрмінамі або рост стаўкі па меры павелічэння тэрміну размяшчэння дэпазіту (стаўка павялічваецца з кожным месяцам, прычым праводзіцца пералік працэнтаў за ўвесь папярэдні перыяд). Другі - адмоўны матыватар, які забяспечвае стабільнасць дэпазітнага рэсурсу для банка, - зніжэнне стаўкі пры датэрміновым спагнанні сродкаў. Многія банкі былі б не супраць прапанаваць кліентам безадзыўныя дэпазіты. У большасці краін Еўропы гэта нармальная практыка, калі два бакі (укладчык і банк) дамовіліся, напрыклад, на гадавы дэпазіт і да заканчэння гэтага тэрміну банк не абавязаны вяртаць сродкі ўкладчыку. Аднак гэта супярэчыць беларускаму заканадаўству, якое ў рэгуляванні банкаўскай сферы арыентуецца перш за ўсё на абарону інтарэсаў кліентаў. Любы банкаўскі ўклад у Беларусі можна зняць датэрмінова на працягу 5 дзён.

Ірына Мяснікова,
БЕЛТА.
Поўная версія