Поўная версія
Святлана Васілеўская

Ці гатовы прыватныя медцэнтры з 1 лютага выдаваць бальнічныя?

Каментарыі 16.01.2016 | 14:03
Святлана Васілеўская Карэспандэнт БЕЛТА

У снежні стала вядома, што медустановам недзяржаўнай формы ўласнасці дазволілі пачынаючы з 1 лютага 2016 года выдаваць лісткі часовай непрацаздольнасці, або, проста кажучы, бальнічныя. Гэта навіна выклікала немалую цікавасць у насельніцтва, а прыватнікам дала падставу для роздумаў. Сёння роўна месяц, як прадстаўнікі медыцынскага бізнесу ацэньваюць усе "за" і "супраць" новай магчымасці. Ці гатовы прыватныя медцэнтры праводзіць экспертызу непрацаздольнасці, хто з прыватнікаў зможа рэалізаваць сваё права на выдачу бальнічных ужо з лютага, вывучала карэспандэнт БЕЛТА.

Пасля некалькіх спроб дазваніцца ў недзяржаўныя медустановы высветлілася, што прыватнікі не спяшаюцца дзяліцца каментарыямі наконт гэтага. Недзе спаслаліся на занятасць, недзе - на адсутнасць кіраўніцтва, а недзе і зусім адмовіліся каменціраваць без тлумачэння прычын. У цэлым медустановы недзяржаўнай формы ўласнасці без асаблівага энтузіязму заяўляюць аб намеры арганізаваць гэту работу. Зрэшты, з прадстаўнікамі некаторых прыватных медцэнтраў усё ж такі ўдалося паразмаўляць.

Дырэктар адной са сталічных медустаноў Ігар Ступіш адзначыў, што яго цэнтр працуе над тым, каб арганізаваць выдачу лісткоў непрацаздольнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам. Аднак выдаваць бальнічныя з 1 лютага пакуль не гатовы, гаварыць аб канкрэтных тэрмінах дачасна.

Галоўны ўрач другога прыватнага медцэнтра Галіна Карніевіч паведаміла: "У нас у цэнтры ажыццяўляецца некалькі відаў медыцынскай дзейнасці, у тым ліку хірургічнага і тэрапеўтычнага профілю, таму мы разглядаем магчымасць выдачы лісткоў непрацаздольнасці". Аднак перад тым як арганізаваць гэту работу, неабходна папярэдняя падрыхтоўка, у тым ліку тэхнічнага плана. Напрыклад, арганізаваць захоўванне лісткоў непрацаздольнасці. Павінна быць створана ўрачэбна-кансультацыйная камісія (УКК), кожны са спецыялістаў якой павінен мець пэўны ўзровень падрыхтоўкі, для чаго яму трэба прайсці дадатковае навучанне.

Ёсць і такія медцэнтры, якім, у прынцыпе, гэта тэма нецікавая. У адной недзяржаўнай медустанове на ўмовах ананімнасці пракаменціравалі: "У нас свая спецыфіка, вельмі мала неабходнасці ў выдачы бальнічных людзям, якія да нас прыходзяць. Кансультацыі ўрачоў-спецыялістаў праводзяцца не па экстранных выпадках. Калі выпадак патрабуе шпіталізацыі, мы выклікаем хуткую".

Такая невысокая актыўнасць прыватных цэнтраў часткова зразумела і апраўдана. Тым, хто мае намер скарыстацца магчымасцю выдачы лісткоў непрацаздольнасці, давядзецца выканаць сур'ёзныя патрабаванні да штатаў супрацоўнікаў, у прыватнасці, стварыць урачэбна-кансультацыйную камісію, а гэта мінімум тры члены. Калі цэнтр працуе ў дзве змены, значыць, трэба арганізаваць два склады УКК. Недзяржаўныя ўстановы аховы здароўя, як вядома, эканомяць на сваіх штатах. Таму не выключана, што калі тыя або іншыя прыватнікі вырашаць выдаваць бальнічныя, то ім давядзецца дадаткова набраць спецыялістаў.

Акрамя таго, выдача лісткоў непрацаздольнасці - каласальная адказнасць. Бо ў выпадку выяўлення карупцыйнага складніка пры выдачы бальнічных прыватныя медцэнтры рызыкуюць сваёй ліцэнзіяй.

З іншага боку, менавіта некаторыя прыватнікі ў свой час былі ў ліку ініцыятараў такога новаўвядзення. Асноўная прычына таго - прыцягненне дадатковых кліентаў, значыць, і атрыманне прыбытку. Бо калі лісток аб часовай непрацаздольнасці, як і ў дзяржаўнай медыцыне, будзе выдавацца бясплатна, то за прыём ва ўрача давядзецца заплаціць. Ды і пацыенты, гатовыя плаціць, зацікаўлены звярнуцца ў тую медустанову, дзе атрымаюць медыцынскую паслугу ў поўным аб'ёме, у тым ліку экспертызу часовай страты працаздольнасці. У сувязі з гэтым можна прагназаваць: медцэнтры або пачнуць гэта рабіць у перспектыве, або будуць страчваць пацыентаў і адпаведна свой прыбытак. Першапраходцамі па выдачы бальнічных, найбольш верагодна, стануць вялікія медустановы, а больш дробныя пакуль будуць прыглядацца да іх вопыту.

У Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі (БелМАПА) у адпаведнасці з заяўкамі камерцыйных цэнтраў сфарміравана першая група, якая будзе праходзіць павышэнне кваліфікацыі па экспертызе часовай страты працаздольнасці. Паводле слоў прарэктара па навучальнай рабоце БелМАПА Таццяны Калінінай, адпаведны курс будзе запушчаны з 1 лютага, каб цэнтры маглі правільна арганізаваць работу па выдачы бальнічных. Курсы будуць доўжыцца два тыдні.

На навучанне пададзена ўжо 16 заяў, у асноўным ад вялікіх медцэнтраў. Некаторыя медустановы, якія маюць філіялы ў розных гарадах, плануюць навучыць некалькі спецыялістаў. У БелМАПА лічаць, што да пачатку курсаў у лютым могуць паступіць яшчэ некалькі заяў ад прыватных цэнтраў. Тым больш што магчымасці медакадэміі паслядыпломнай адукацыі па такой падрыхтоўцы ў разы перасягаюць цяперашні попыт на яе.

Паводле слоў начальніка галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Алены Богдан, лісткі непрацаздольнасці на 2016 год заказаны, надрукаваны і накіраваны ў рэгіёны. "Яны ўжо атрыманы ўпраўленнямі аховы здароўя аблвыканкамаў, камітэтам па ахове здароўя. Цяпер мы чакаем заяўкі камерцыйных цэнтраў, каб выдаваць ім лісткі непрацаздольнасці. Некаторыя камерцыйныя медцэнтры звяртаюцца ў Міністэрства аховы здароўя за растлумачэннем тых ці іншых пытанняў. Усё гэта мы аператыўна вырашаем", - сказала яна. Напрыклад, напярэдадні адбыўся семінар па гэтых пытаннях з удзелам прадстаўнікоў камерцыйных цэнтраў.

У цэлым новая магчымасць - гэта крок у павышэнні даступнасці, якасці і сэрвіснасці аказання меддапамогі насельніцтву. Калі раней пасля прыёму або абследавання ў прыватным медцэнтры патрабавалася афармляць бальнічны ў паліклініцы па месцы жыхарства, то цяпер усё значна спрашчаецца. Звярнуўшыся за кансультацыяй (платна), пацыент тут жа можа пры наяўнасці прыкмет непрацаздольнасці атрымаць і лісток непрацаздольнасці. Што датычыцца перспектывы атрымаць бальнічны ў прыватным медцэнтры ўжо з 1 лютага, хутчэй за ўсё, гэта можна будзе зрабіць у адзінкавых недзяржаўных медустановах. Падключэнне прыватнікаў да гэтага працэсу не стане імгненным. У любым выпадку перад паходам да ўрача лепш загадзя ўдакладняць аб наяўнасці такой паслугі.

Поўная версія