Поўная версія

Таццяна Пастушэнка: Якія дывідэнды атрымаюць мінчане ад ЧС па хакеі?

Каментарыі 12.05.2014 | 19:34

Чэмпіянат свету па хакеі - 2014, які стартаваў гэтымі днямі, змяніў беларускую сталіцу ва ўсіх адносінах. Зрэшты, назваць Мінск непрыгожым і раней ні ў каго не паварочваўся язык, але гэтай вясной горад проста расцвіў. Прызналі гэта нават тыя СМІ, у якіх раней рэгулярна з'яўляліся матэрыялы з заклікамі да байкоту ЧС. Некаторыя крытыкі цяпер паглядзелі на падзеі з новага ракурсу і гавораць аб плюсах, якія прынёс сусветны хакейны турнір.


Цяпер стала модным складаць рэйтынг пазітыўных момантаў, якія чэмпіянат свету падарыў Мінску і мінчанам. Сярод іх аднагалосна называюць будаўніцтва "Чыжоўка-Арэны", рэканструкцыю Нацыянальнага аэрапорта Мінск, мадэрнізацыю і набліжэнне да еўрапейскіх стандартаў грамадскага транспарту. Асабліва адзначаюць, што Мінск на час ЧС стаў сапраўдным турыстычным цэнтрам, для зручнасці замежных гасцей спрасцілі візавы рэжым, падрыхтавалі турыстычныя інфармацыйныя стэнды, зоны гасціннасці і фан-зоны, прадаставілі ў распараджэнне турыстаў студэнцкую вёску, распрацавалі экскурсійныя маршруты і многае іншае. Акрамя таго, усе звярнулі ўвагу, што Мінск на час турніру аб'яўлены свабодным ад курэння.


Не сціхаюць размовы пра беларускую кухню, якую, як гаварылі часам, у Мінску і днём з агнём не знойдзеш. Цяпер не цяжка знайсці і прадэгуставаць нацыянальныя далікатэсы ў розных варыяцыях. Для гасцей меню перакладзена на англійскую мову. Адзначаюць прыветлівы персанал, якога раней чамусьці ніхто не заўважаў, як быццам да ЧС мінчане толькі і рабілі, што сутыкаліся з хмурнымі і раззлаванымі супрацоўнікамі аб'ектаў грамадскага харчавання, аэрапорта, вакзала, метрапалітэна, магазінаў і г.д. Прынамсі, у час лядовых баталій на гэта паглядзелі па-новаму і больш пазітыўна, а гэта плюс. Хочацца толькі, каб людзі зразумелі: усё, што зроблена ў час падрыхтоўкі да ЧС, зроблена не толькі для турыстаў, але і для мінчан, жыццё якіх прадоўжыцца ў прывычным рытме і пасля хакейнага форуму, пры гэтым стане больш камфортным.


Хаця многія па-ранейшаму з сарказмам адзначаюць, што да Еўропы нам яшчэ вельмі далёка. Давайце спачатку разбяромся з гэтым міфічным выразам "зажыць як у Еўропе". Як ён звычайна ўспрымаецца? З майго асабістага вопыту - людзі мысляць наступнымі катэгорыямі: у Еўропе чыстыя вуліцы і добрая архітэктура, шмат помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны; вакол цывілізаваныя і дысцыплінаваныя людзі; усё робіцца для людзей і дзеля людзей; у Еўропе не прынята кідаць смецце на вуліцах, пляваць у пад'ездзе і дэманстраваць сваю любоў да выяўленчанага мастацтва ў ліфце; людзі ветлівыя незалежна да таго, які ў іх настрой і гумор. Прыкладна так.


Цяпер давайце задумаемся: а што ў нас, у Беларусі? Няўжо тыя відавочныя дывідэнды, якія атрымалі ад ЧС гараджане, не могуць кампенсаваць нейкія часовыя нязручнасці, якія, уласна кажучы, і набліжаюць нас да цывілізаванай Еўропы? Узяць тыя ж валідатары ў грамадскім транспарце. Ужо колькі пра іх было нездавальняючых водгукаў пры кожным зручным выпадку! Пры гэтым многія з тых, хто асабліва хоча "жыць як у Еўропе", забываюць, што ў развітых краінах такая сістэма таксама дзейнічае і значна спрашчае карыстанне грамадскім транспартам, асабліва іншаземцам. У пачатку красавіка, калі аўтаматызаваная сістэма аплаты праезду была толькі-толькі ўведзена, гэта мінчан у некаторай ступені збянтэжыла. Для таго каб купіць праязны на метро, асабіста мне давялося спусціцца ў падземку ў 23.30, дзе нават у гэты час была вялікая чарга. Размоў толькі і было - аб тым, што ўсе новаўвядзенні ўводзяцца вельмі раптоўна і ніхто не паспявае падрыхтавацца да іх як след. Узнікае пытанне: а колькі часу трэба для таго, каб грунтоўна падрыхтавацца да навацый у любой сферы жыццядзейнасці? Месяц, два або, магчыма, год? Як паказвае практыка, часу шмат ніколі не бывае. І нават калі б за год папярэдзілі аб змяненнях, верагодна, усё роўна ў дзень "ікс" былі б чуваць вохканне і ўздыхі. Не будзем забываць і аб тым, што ў іншых еўрапейскіх краінах сістэма праязных дакументаў часта больш складаная.


Напрыклад, у добра вядомым нам Вільнюсе на картку-праязны на ўсе віды транспарту (метро там няма) можна дабавіць не колькасць паездак, а колькасць "паўгадзінных" або, напрыклад, "гадзінных" білетаў. Гэта значыць пасажыр павінен паспець перасесці з аднаго віду транспарту на іншы і нейкім чынам укласціся ў адведзены час, а інакш трэба актываваць наступную паўгадзіну або гадзіну. Далёка не для ўсіх гэта зручна. Да таго ж сістэма асабліва складаная для іншаземцаў. Тым больш што літоўскую мову ведаюць далёка не ўсе, а на экранах валідатараў, прынамсі да нядаўняга часу, інфармацыя была толькі на літоўскай мове. Асаблівай увагі заслугоўвае сістэма аплаты праезду ў Стакгольме з яго тарыфнымі зонамі. Некалькі гадоў таму там трэба было не пракампасціраваць, а праштампаваць талон у вадзіцеля. Гэта доўга і нязручна. Добра, цяпер сістэму спрасцілі, але яна не стала больш зручнай за мінскую.


Новая аўтаматызаваная сістэма праезду ў Мінску працуе нядрэнна, асабліва калі ўлічыць, што запушчана яна зусім нядаўна. Асабіста ў мяне не здаралася такога, каб праязны не спрацаваў ці мяне не пусцілі ў метро. У большасці сваёй персанал у грамадскім транспарце добразычліва ставіцца да пасажыраў, ды і работа яго значна спрошчана. Таму найбольш аптымальны варыянт - ставіцца да ўсяго новага і незнаёмага з разуменнем, а яшчэ лепш - паспрабаваць разабрацца, а не займацца псаваннем маёмасці, як гэта робяць хлопцы, якія на вачах у людзей у аўтобусе спрабуюць зламаць кампосцер і потым, як апараныя, выскакваюць у адкрытыя дзверы на бліжэйшым прыпынку.


Або ўспомніць хаця б праславутую "беларускую англійскую мову", якую многія чамусьці пачулі ў метро пры аб'яўленні прыпынкаў. За вымаўленне на англійскай мове ручаюцца прафесійныя выкладчыкі лінгвістычнага ўніверсітэта і носьбіты мовы. Дык чым нам не дагадзілі?


І яшчэ некалькі слоў пра метрапалітэн. Напярэдадні адкрыцця ЧС-2014 у Інтэрнэце актыўна абмяркоўваўся пераклад паказальнікаў на станцыях на замежную мову. Людзей здзіўляла тое, што прывычная кірыліца дубліруецца лацініцай з дыякрытычнымі знакамі, якая больш зразумела літоўцам, латышам і заходнім славянам, чым амерыканцам ці брытанцам. У Інтэрнэце гэта актыўна абмяркоўвалася. Але ў выніку выйшла так, што ў Мінск прыехала нямала чэхаў і славакаў, якім такое напісанае блізкае.


Ды і наогул у нашым метро не ўсё так дрэнна. Ну, не адкрылі пакуль доўгачаканую "Малінаўку", хоць і абяцалі, але адкрыюць жа. Паступова мінскі андэграўнд становіцца ўсё больш шырокім, з'яўляюцца новыя станцыі, і арыентавацца ў ім не так складана. Усюды размешчаны таблічкі з паказальнікамі магчымых напрамкаў руху. У Барселоне, напрыклад, дзе ліній увогуле 11, разабрацца толькі што прыехаўшым турыстам нялёгка. Некалькі гадоў таму ніякага перакладу паказальнікаў і карт метрапалітэна на англійскай мове не было - каб сарыентавацца, трэба было хоць крыху валодаць або іспанскай, або каталонскай мовай.


Не будзем выпускаць з-пад увагі і тое, што як мы настройваем самі сябе, як ставімся да людзей і навакольнага свету, так і складваецца агульная карціна. Можна выкідаць смецце з акна шматпавярховага дома, можна рэгулярна прамахвацца міма смеццевага кантэйнера, пазбаўляючыся ад адходаў уласнай жыццядзейнасці. Можна пакідаць у парку на лаўцы пустыя бутэлькі, ды і яшчэ шмат чаго можна...


А як жа Еўропа, на якую мы пастаянна аглядаемся? Які там узровень культуры? Хіба плюне немец ці швед у сябе ў пад'ездзе? Ці пакіне паўпустую бутэльку піва каля ўвахода ў жыллё? І галоўнае - ці выкажыцца ён супраць, калі краіна яго грамадзянскай прыналежнасці будзе прымаць і арганізоўваць якое б там ні было першынство - чэмпіянат свету, чэмпіянат Еўропы, "Еўрабачанне"? Наўрад ці. Людзі, шчыра адданыя сваёй краіне, заўсёды парадуюцца за сябе і суайчыннікаў. Паўтару чарговы раз: усё, што робіцца ў перыяд падрыхтоўкі да мерапрыемстваў такога ўзроўню, робіцца і для мясцовых жыхароў. Гэта трэба праецыраваць і на Беларусь. Турысты прыехалі і паехалі. Хтосьці з іх закахаецца ў нашу краіну з першага погляду і абавязкова вернецца, хтосьці - не, і гэта нармальна. А мы тут застанемся. Можна шмат скардзіцца на ўладу, пастаянна ўказваючы на хібы ў рабоце. З аднаго боку, абгрунтаваная крытыка спраўджвае сябе і сапраўды дапамагае выявіць і выправіць недахопы, з іншага - пагардліва гаварыць пра ўсё, не заўважаючы нічога добрага, няправільна. Калі мы любім сваю краіну, павінны берагчы тое, што ўжо зроблена для нас.


Давайце пачнём з сябе. Збяром бутэлькі з-пад піва, якое цішком пілі ў парку. У курылцы ці на вуліцы трапім акуркам у цэль. Паспрабуем раз і назаўсёды разабрацца з сістэмай аплаты праезду ў мінскім гарадскім транспарце. І не будзем знішчаць тое, што пабудавана ўжо для нас. Тады і зажывём "як у Еўропе". Цяпер пытанне нават не наконт таго, што даў нам ЧС, а ці зможам мы гэта ўсё захаваць.


Адзін мой знаёмы, які доўгі час жыў у Сібіры, расказваў, што ў адным з гарадоў быў мэр, які, нягледзячы ні на што, стараўся зрабіць жыццё гараджан прыгожым і камфортным. На рэплікі тыпу "Навошта вам гэта патрэбна, калі знаходзяцца тыя, хто ўсё ламае і псуе?" ён адказваў прыкладна наступнае: А я ўсё роўна буду рабіць новыя прыпынкі і лавачкі, каб яны ў рэшце рэшт зразумелі, як жывуць у цывілізаваным свеце". Дык давайце не будзем скардзіцца на мэраў, якія штосьці робяць для нас. Будзем імкнуцца захоўваць і берагчы свой горад.


Таццяна ПАСТУШЭНКА

Поўная версія