Поўная версія

Святлана Саўко: Пераходны "ўзрост" беларускага мікрафінансавання

Каментарыі 06.02.2015 | 16:24

Рынак мікрафінансавання ў Беларусі паступова пераходзіць на новыя рэйкі. З 1 студзеня 2015 года ўступіў у сілу ўказ нумар 325, і цяпер рэгулярна прадастаўляць мікрапазыкі могуць толькі МФА з рэестра Нацыянальнага банка. Цяпер у гэтым пераліку ўжо шэсць арганізацый, з ім можна азнаёміцца на сайце рэгулятара. Там жа можна знайсці інфармацыю аб адрасах і тэлефонах канкрэтных месц прадастаўлення мікрапазык. У класічным разуменні мікрафінансаванне - гэта адзін са спосабаў крэдытавання малога і сярэдняга бізнесу. Мікрапазыкі могуць стаць для прадпрымальнікаў рэальнай альтэрнатывай банкаўскім крэдытам. Калі гэта адбудзецца і аб чым трэба помніць патэнцыяльным кліентам МФА, карэспандэнту БЕЛТА расказалі эксперты.


Указ нумар 325 прапанаваў празрысты механізм фінансавання прадпрымальніцкіх ініцыятыў. Ёсць дакладны пералік арганізацый, якія могуць займацца мікрафінансаваннем. Напрыклад, фонды, дзе атрымаць пазыкі могуць рамеснікі, уладальнікі аграэкасядзіб, суб'екты малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Акрамя таго, згодна з указам, дзелавыя людзі атрымалі права ствараць спажыўкааператывы фінансавай узаемадапамогі, таварыствы ўзаемнага фінансавання.


Зрэшты, старшыня праўлення Рэспубліканскай асацыяцыі мікрафінансавання Іван Радзюкевіч не схільны лічыць, што ў бліжэйшы час МФА пачнуць актыўна выдаваць пазыкі малому і сярэдняму бізнесу. "Для таго каб крэдытаваць малы і сярэдні бізнес, трэба самім аднекуль узяць гэтыя грошы. Пасля таго, як выпаў такі сегмент кліентаў, як фізічныя асобы, абаротныя сродкі вельмі моцна знізіліся", - канстатаваў субяседнік.


Асацыяцыя прапрацоўвае некалькі варыянтаў папаўнення "абароткі". У тым ліку за кошт прыцягнення фінансаў - замежных і з унутранага рынку. Такія крокі з боку МФА знаходзяць адабрэнне ў Нацыянальным банку, які з 2015 года стаў паўнапраўным рэгулятарам мікрафінансавай дзейнасці ў краіне. "Цяпер мы прапрацоўваем варыянты прыцягнення знешняга крэдытавання з-за мяжы. Ва ўсім свеце мікрафінансаванне лічыцца сацыяльна арыентаваным фінансавым інструментам, які дапаўняе банкаўскую сістэму. Разлічваем, напрыклад, на фінансавыя квоты міжнароднай фінансавай карпарацыі Сусветнага банка", - расказаў Іван Радзюкевіч.


Яшчэ адна надзённая праблема, вырашэннем якой займаюцца МФА, - павышэнне прэстыжу мікрафінансавання. "Крэдыт даверу да такіх структур пакуль невысокі. Трэба яшчэ нямала папрацаваць над іміджам. Пакуль, на жаль, патэнцыяльныя кліенты ўспрымаюць іх як нешта не вельмі добрае. Мы стараемся змяніць вектар меркавання. Але хутка гэтага не зробіш", - адзначыў старшыня праўлення асацыяцыі.


За павышэнне іміджу МФА выступаюць і ў Нацбанку. На гэта нацэлены ўказ нумар 325: упарадкоўваючы рынак мікрафінансавання, які раней развіваўся стыхійна, забяспечваючы абарону правоў спажыўцоў. Кліенты, якія палічаць, што іх інтарэсы ўшчэмлены, могуць звярнуцца ў Нацбанк, які пры неабходнасці накіруе МФА прадпісанне аб устараненні парушэнняў.


Начальнік аддзела рэгулявання мікрафінансавай дзейнасці ўпраўлення рэгулявання нябанкаўскіх аперацый Нацбанка Ірына Скумс раіць патэнцыяльным пазычальнікам, перш чым заключаць дагавор, пераканацца, што МФА ўключана ў рэестр рэгулятара. Арганізацыі, якіх у пераліку няма, не могуць прызнавацца мікрафінансавымі і не маюць права рэгулярна прадастаўляць мікрапазыкі. "Такая дзейнасць прызнаецца незаконнай і забараняецца. У мэтах аператыўнага выяўлення гэтых арганізацый і спынення іх незаконнай дзейнасці Нацыянальны банк наладзіў эфектыўнае супрацоўніцтва з правапрымяняльнымі і праваахоўнымі органамі", - адзначыла Ірына Скумс.


Яна нагадала, што ўказ нумар 325 прадугледжвае істотныя ўмовы дагавора мікрапазыкі. У дакуменце павінна быць пазначана, што пазычальнік мае права на датэрміновае вяртанне і ў гэтым выпадку яму не давядзецца плаціць няўстойку. МФА абавязаны таксама інфармаваць патэнцыяльнага пазычальніка аб памеры гадавой працэнтнай стаўкі або парадку яе вызначэння. "Нават калі пазыка прадастаўляецца на некалькі дзён, трэба звярнуць увагу на памер гадавой працэнтнай стаўкі. Гэта ўстаноўлена для таго, каб спажывец мог параўнаць умовы прапанаванай пазыкі з умовамі прадастаўлення іншых відаў пазык або крэдытаў", - растлумачыла Ірына Скумс. У дагаворы мікрапазыкі не павінна быць якіх-небудзь дадатковых камісійных і іншых плацяжоў. Дадатковыя расходы, якія можа панесці няўважлівы спажывец, іншым разам даходзяць да палавіны сумы пазыкі, і нават бываюць большыя за яе. Гэтыя і іншыя меры павінны прадаставіць пазычальніку па дагаворы мікрапазыкі дадатковыя правы і гарантыі забеспячэння яго інтарэсаў.


"Калі неабходна пазычыць значную суму грошай, прапаную звярнуць увагу на наяўнасць у дагаворы магчымасці пагашэння сумы пазыкі па частках. Часам пазычальнікі становяцца заложнікамі яе адсутнасці", - заўважыла прадстаўнік Нацбанка. Яна заклікала ўважліва вывучаць перад падпісаннем дагавор і ўсе прыкладзеныя дакументы.


Ірына Скумс адзначыла, што беларусы па-ранейшаму могуць браць грошы ў пазыку на спажывецкія патрэбы. Але ўжо толькі ў ламбардах, інфармацю аб якіх таксама можна будзе знайсці ў рэестры Нацбанка. У поўным аб'ёме яна там з'явіцца з сярэдзіны бягучага года. Справа ў тым, што ламбардам, якія дзейнічалі на дату афіцыйнага апублікавання ўказа нумар 325, прадастаўлена растэрміноўка на шэсць месяцаў для ўключэння ў рэестр мікрафінансавых арганізацый.


Атрыманне пазыкі ў ламбардах мае нямала плюсоў для пазычальнікаў. Так, мікрапазыкі выдаюцца пад забеспячэнне ў выглядзе залогу рэчаў, прызначаных для асабістага, сямейнага  або дамашняга выкарыстання. Ламбарды маюць просты і празрысты спосаб кампенсавання страт пры невыкананні пазычальнікам сваіх абавязацельстваў па вяртанні мікрапазыкі, а менавіта маюць права рэалізаваць прадмет залогу пасля завяршэння льготнага месячнага перыяду. "Пры гэтым нават калі сума, атрыманая ад рэалізацыі закладзенай маёмасці, недастатковая для поўнага пагашэння мікрапазыкі, кліент ужо нічога не будзе вінен ламбарду", - удакладніла Ірына Скумс.


Беларускі рынак мікрафінансавання перажывае цяпер не самы просты, але неабходны для цывілізаванага развіцця перыяд. Да ўступлення ў сілу ўказа нумар 325 знаходзілася нямала скептыкаў, якія лічылі, што новаўвядзенні, у прыватнасці забарона крэдытавання фізічных асоб, заб'е рынак. Аднак насуперак негатыўным чаканням ён змяняецца - колькасна і якасна. З цягам часу, упэўнены эксперты, на ім будуць працаваць сур'ёзныя ігракі, гатовыя актыўна развівацца, прадастаўляючы якасныя фінансавыя паслугі як малому і сярэдняму бізнесу, так і грамадзянам.

Поўная версія