Поўная версія

Святлана САЎКО: Бесперапынны двайны аўкцыён на біржы: фізічныя асобы вялікай розніцы не заўважаць, рыначнасць курса павысіцца

Каментарыі 28.05.2015 | 16:21

Біржавыя таргі ў Беларусі з 1 чэрвеня пераходзяць у рэжым бесперапыннага двайнога аўкцыёну. Такім чынам Нацыянальны банк прадаўжае павышаць гібкасць абменнага курса беларускага рубля, а значыць яго валацільнасць павінна ўзрасці. Аднак, як адзначаюць эксперты, чакаць сюрпрызаў ад лічбаў у абменніках не трэба. Якія змяненні ў сувязі з пераходам на бесперапынны двайны аўкцыён чакаюць фізічных, юрыдычных асоб і банкі, высвятляла карэспандэнт БЕЛТА.


Ваганні курса беларускага рубля пасля пераходу таргоў на бесперапынны двайны аўкцыён павялічацца. Дыяпазон можа быць даволі шырокі. Нешта падобнае цяпер адбываецца з расійскім рублём, які можа вагацца на 10 працэнтаў то ў адзін, то ў другі бок, расказаў аналітык групы кампаній Forex Club Валерый Палхоўскі. Фізічныя асобы розніцу наўрад ці адчуюць, лічыць ён. У пачатку года Нацбанк павялічыў гібкасць беларускага рубля, вярнуўшы яго прывязку да карзіны валют, таму да некаторых ваганняў беларусы паспелі прывыкнуць.


Больш істотнай будзе розніца для арганізацый. Пры пакуль дзеючым рэжыме таргоў юрыдычныя асобы маглі адсачыць, якія аб'ёмы валют і па якіх цэнах гатовы купляцца-прадавацца ў бягучы момант. Пасля пераходу на новы рэжым спрагназаваць сітуацыю будзе складаней. Узровень нявызначанасці для юрыдычных асоб узрастае. Аднак сусветная практыка паказвае, што бесперапынны двайны аўкцыён - гэта больш празрысты механізм, а фармiруемая ім цана - больш рыначная, падкрэсліў Валерый Палхоўскі. "Двайны аўкцыён будзе павышаць давер удзельнікаў валютных таргоў да існуючага курса", - дадаў фінансавы аналітык.


Нацыянальны банк правёў сур'ёзную падрыхтоўчую работу па пераходзе да механізма правядзення валютных таргоў у форме бесперапыннага двайнога аўкцыёну. На мінулым тыдні былі зняты абмежаванні па сумах здзелак на пазабіржавым валютным рынку. У снежні 2014 года купля-продаж замежнай валюты тут была наогул забаронена. Мера павінна была дзейнічаць да 1 студзеня 2017 года. Аднак ужо ў лютым 2015 года ў сувязі са стабілізацыяй сітуацыі пазабіржавы валютны рынак адкрыўся. Купля замежнай валюты банкамі ў суб'ектаў валютных аперацый аднавілася у суме не больш як 20 лотаў, устаноўленых на біржавых таргах, адной з замежных валют у дзень па кожным суб'екце. Аднавіўся таксама продаж замежнай валюты банкамі суб'ектам валютных аперацый. У гэтым выпадку таксама прадугледжаны ліміт - не больш як 20 лотаў, устаноўленых на біржавых таргах, адной з замежных валют па кожным дагаворы (аперацыі).


Што датычыцца біржы, то гэтымі днямі рэгулятар устанавіў, што купляць і прадаваць тут валюту да 1 студзеня 2017 года будуць банкі і нябанкаўскія крэдытна-фінансавыя арганізацыі ад свайго імя і за свой кошт, а таксама ад свайго імя і па даручэнні кліентаў пры абавязковым продажы валюты. Пры гэтым Нацбанк назваў асаблівасці, якія банкі павінны ўлічваць пры абавязковым продажы замежнай валюты па даручэнні кліентаў. Банк прымае такія даручэнні і фарміруе з іх адну або некалькі заявак для таргоў, якія праводзяцца Беларускай валютна-фондавай біржай. Калі пасля выканання заявак у ходзе гандлёвай сесіі якая-небудзь іх частка не была выканана, то банк мае права падаць заяўку на продаж у перыяд закрыцця гандлёвай сесіі па курсе, разлічаным як сярэднеўзважанае значэнне на аснове мінімальных курсаў праведзеных здзелак па адпаведнай валюце, зафіксаваных у ходзе гандлёвай сесіі.


Новыя правілы таргоў распрацавалі і зацвердзілі на Беларускай валютна-фондавай біржы. Праўленне БВФБ устанавіла змест і працягласць гандлёвага дня, пералік фінансавых інструментаў, дапушчаных да таргоў на біржы, часавы рэжым правядзення таргоў і разлікаў і іншыя асаблівасці заключэння здзелак куплі (продажу) фінансавых інструментаў і правядзення разлікаў.

Поўная версія