Поўная версія

Святлана МІХОВІЧ: На шляху да эканомікі ведаў

Каментарыі 15.05.2015 | 19:02

Беларускія айцішнікі забяспечылі ў мінулым годзе значны прыток валюты ў краіну - $680 млн. Гэты факт падкрэсліў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч, вітаючы ўдзельнікаў рэспубліканскага форуму IT Youth - 2015("Моладзь у ІТ - 2015"), які прайшоў 15 мая ў новым бізнес-інкубатары Парка высокіх тэхналогій. Як звязаны праграмісты ПВТ і Шаўковы шлях, навошта парку свой бізнес-інкубатар і якія прагнозы дырэктара адміністрацыі ПВТ Валерыя Цапкалы не апраўдаліся, даведалася карэспандэнт БЕЛТА.


У новым бізнес-інкубатары Парка высокіх тэхналогій 15 мая прайшло першае вялікае грамадскае мерапрыемства - рэспубліканскі форум IT Youth - 2015 ("Моладзь у ІТ - 2015"), прымеркаваны да Сусветнага дня электрасувязі і інфармацыйнай супольнасці. Больш як 200 айцішнікаў з усёй Беларусі прыехалі ў ПВТ, каб сустрэцца з экспертамі і прэзентаваць свае праекты. Гэта сумеснае мерапрыемства БРСМ і Парка высокіх тэхналогій, і больш за палавіну праектаў, якія былі прадстаўлены журы, - гэта праекты "100 ідэй для Беларусі".


"Адкрыццё бізнес-інкубатара і правядзенне такіх мерапрыемстваў вельмі важна. Гэта той пасяўны матэрыял, які дасць у перспектыве добры ўраджай. Вы з'яўляецеся носьбітамі новых ведаў, таму і парк, і дзяржава будуць рабіць усё, каб вашы ініцыятывы перараслі ў самастойныя ІТ-кампаніі", - падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч, звяртаючыся да маладых праграмістаў.


ПВТ у гэтым годзе будзе святкаваць сваё дзесяцігоддзе. "Калі мы рыхтавалі праект абгрунтавання стварэння Парка высокіх тэхналогій, то падлічвалі, што гэта можа даць дзяржаве. І напісалі, што праз дзесяць гадоў экспарт паслуг у галіне камп'ютарных праграм можа дасягнуць $300-350 млн. Гэту лічбу мы чакалі толькі да 2016 года, але для мяне тады гэтыя прагнозы здаваліся супераптымістычнымі. Былі вялікія сумненні, што мы гэтага дасягнём, таму што тады ўся краіна экспартавала праграмнае забеспячэнне прыкладна на $16 млн у год. Уявіць, што праз 10 гадоў будзе $350 млн, улічваючы тэмпы росту сусветнай ІТ-індустрыі 3-5 працэнтаў, здавалася фантастыкай", - успомніў Валерый Цапкала.


Дзесяць гадоў яшчэ не прайшлі, а парк ужо ў два разы перасягнуў заяўленыя паказчыкі. Кампаніі-рэзідэнты ПВТ вядомы па ўсім свеце. Viber, World of Tanks, EPAM, Apalon - спіс гэты не можа не ўражваць маладых беларускіх айцішнікаў, вось і развіваецца гэта сфера ў Беларусі паскоранымі тэмпамі.


Дадатковым штуршком развіцця ІТ стане і работа бізнес-інкубатара, дзе, паводле слоў Валерыя Цапкалы, людзі з ідэямі змогуць знайсці партнёраў, якія дапамогуць гэтыя ідэі рэалізаваць Гэта партнёрства паслужыць асновай пачынаючай тэхналагічнай кампаніі. "Паводле  статыстыкі, з 10 кампаній 8 аказваюцца непаспяховымі. Але калі нават адна або дзве кампаніі з гэтага дзясятка выстрэльваюць - гэта дае каласальны эфект і для галіны, і для краіны. Мы бачым, наколькі здольныя нашы праграмісты, як яны асвойваюць новыя рынкі, ствараюць новыя прадукты і прыцягваюць інвестыцыі", - адзначыў дырэктар адміністрацыі ПВТ.


Уменне гібка рэагаваць на змяненні ў краіне і свеце, паводле слоў Валерыя Цапкалы, адметная рыса беларускіх айцішнікаў. Таму яны не могуць не рэагаваць на тое, што Беларусь актывізуе супрацоўніцтва з Кітаем, становіцца часткай Шаўковага шляху. І Міхаіл Мясніковіч падкрэслівае, што веды і ўменні беларускіх праграмістаў будуць пры гэтым вельмі дарэчы. "Выгаднае геаграфічнае становішча - гэта яшчэ далёка не ўсё. Тое, што мы станем часткай Шаўковага шляху, патрабуе ад нас значных пераўтварэнняў у сферы лагістычнага суправаджэння тавараў, якое павінна ісці анлайн, тое ж датычыцца і пасажыраперавозак. Трэба прызнаць, што ў нас тут ёсць пытанні", - канстатаваў ён і заклікаў айцішнікаў парка паўдзельнічаць у вырашэнні гэтых праблем.


"Сёння ПВТ - візітная картка краіны. Цудоўна, што парк не спыняецца на сваіх дасягненнях і не задавольваецца сваімі вынікамі", - рэзюмаваў Міхаіл Мясніковіч.


І гэта пацвярджалі адзін за другім спікеры форуму - прадстаўнікі кампаній Viber, EPAM, Apalon, якія расказвалі аб поспехах і планах сваіх кампаній. "Галоўнае ў паспяховым праекце нават не ідэя, ідэй жа шмат, мне здаецца, што галоўнае - гэта каманда. Калі ў вас будзе класная каманда, то можна выцягнуць любы праект", - падкрэсліў адзін з заснавальнікаў Viber Ігар Магазіннік і паведаміў, што цяпер яго каманда займаецца новым праектам, які павінен з'явіцца ў пачатку наступнага года. У лік выступаючых трапіў і адзінаццацікласнік са Старых Дарог Павел Бацылеў, мабільным дадаткам "Хімія Х10" якога карыстаюцца больш за 120 тыс. чалавек.


"Беларусь будуе эканоміку ведаў, таму сур'ёзную ролю адыгрывае інтэлект, творчасць, здольнасць вынаходзіць", - адзначыў Валерый Цапкала. Ён выказаў надзею, што на пляцоўцы бізнес-інкубатара змогуць сустрэцца беларускія Стывы Джобсы, якія створаць у нашай краіне кампаніі сусветнага ўзроўню.

Поўная версія