Поўная версія

Наталля Злотнік: Навагоднія канікулы ў Беларусі будуць каштаваць турысту ад $400

Каментарыі 14.11.2014 | 12:42

У індустрыі падарожжаў напярэдадні Новага года назіраецца асаблівы ўздым - у чароўныя падарожжы адпраўляюцца мільёны людзей ва ўсім свеце. У Беларусі туры на Каляды і Новы год масава пачалі прадаваць яшчэ ў кастрычніку, і, хоць надвор'е ў нашай краіне пакуль не зусім зімовае, думаць аб снежаньскіх святах і купляць пуцёўкі пачалі ўжо многія. Для айчынных турыстаў праграму свята фарміруюць зыходзячы з таго, што канікулы беларусаў прадоўжацца з 1 па 4 студзеня, іншаземцам прапануюць затрымацца даўжэй. Прадстаўнікі турыстычнага бізнесу расказалі карэспандэнту БЕЛТА, што новае з'явілася ў гэтым сезоне, колькі гатовы плаціць за адпачынак беларусы і іншаземцы і дзе ўжо забраніраваны амаль усе месцы.


Павелічэнне патоку турыстаў у Беларусь на зімовыя святы ў параўнанні з мінулым годам прагназуюць многія спецыялісты. Наплыў гасцей, паводле іх слоў, забяспечаць у асноўным расіяне. Колькасць расійскіх турыстаў, якія адпачывалі тут на лістападаўскія святы, прадстаўнікі турыстычнага рынку называюць рэкорднай. Паводле даных Асацыяцыі тураператараў Расіі, іх паток у Беларусь павялічыўся ўжо на 15-20 працэнтаў. "У мінулым зімовым сезоне канікулы расіян прадаўжаліся восем дзён, тады папулярнасцю карысталіся ў асноўным тыднёвыя праграмы. Цяпер адпачываць яны будуць адзінаццаць дзён запар, таму выбіраюць, як правіла, доўгія студзеньскія туры", - расказалі ў адной з буйных турыстычных кампаній. Прычым едуць не толькі з Масквы, Санкт-Пецярбурга, але і з аддаленых рэгіёнаў. "Расіяне выбіраюць у асноўным прапановы ў сярэднім цэнавым сегменце. Вядома, усё залежыць ад канкрэтнага кліента, але аб нейкіх неймаверных тратах размова ў гэтым сезоне не ідзе", - адзначаюць спецыялісты.


Паводле слоў намесніка міністра спорту і турызму Беларусі Часлава Шульгі, павышаны попыт назіраецца не толькі з боку іншаземцаў, але і з боку саміх беларусаў. "Усе, хто можа прапанаваць якія-небудзь паслугі на турыстычным рынку, павінны максімальна скарыстацца гэтай сітуацыяй", - лічыць ён. Разам з тым рэзкага скачка цэн з-за наплыву турыстаў напярэдадні свят адпачывальнікі не павінны адчуць. Паводле слоў намесніка міністра, рост цэн стрымлівае адкрытасць турыстычнага рынку і канкурэнцыя з іншымі краінамі Усходняй Еўропы.


Самы вялікі попыт у гэтым сезоне - на беларускія санаторыі. Для многіх расіян адпачынак у іх даўно стаў нязменным атрыбутам навагодніх канікул. Паводле даных турфірм, некаторыя аздараўленчыя комплексы пад Мінскам ужо заняты на 90-95 працэнтаў. Цэнавы дыяпазон даволі шырокі - ёсць і тры дні адпачынку ў аздараўленчым комплексе "Сасновы бор" пад Мінскам за Br1,7 млн, і пуцёўкі ў "Азёрны" Гродзенскай вобласці на 14 дзён з пражываннем у люксе коштам больш як Br17 млн. Але ў першым выпадку аплачваецца пражыванне і толькі некаторыя паслугі, у кошт другога варыянта ўжо ўключаны навагодні банкет і забаўляльная праграма.


На турыстычныя базы, як правіла, прадаюць пакеты, сфарміраваныя па прынцыпе "ўсё ўключана". Адпачыць 8 дзён/7 начэй у туркомплексе ў радыусе 10 км ад Белавежскай пушчы з пражываннем, навагоднім банкетам, экскурсіямі ў пушчу, Брэст, на страусіную ферму і наведваннем аквапарку можна за $680.


Традыцыйныя туры з 31 снежня па 3 студзеня фармату 4 дні/3 ночы прапануюць у асноўным Мінск і абласныя цэнтры. У сталіцы навінка гэтага года - туры з навагодняй ноччу ў сталічным аквапарку "Лебядзіны", што абыдзецца $100-150. Каб сустрэць свята ў сталіцы з пражываннем у гасцініцах "Юбілейная" або "Беларусь", частковым харчаваннем, агляднай экскурсіяй, паездкамі ў Белавежскую пушчу, Сілічы і Дудуткі, спатрэбіцца крыху больш як $450.


Да навагодніх праграм падключыліся і гасцініцы, пабудаваныя да чэмпіянату свету па хакеі. Гэта, як адзначаюць эксперты, дало магчымасць не проста стрымаць, але і ў некаторых выпадках знізіць цэны на пражыванне. Зрэшты, засяліцца ў прэзідэнцкія люксы коштам больш як $1 тыс. таксама ніхто не перашкаджае. Самыя папулярныя напрамкі ў рэгіёнах - Брэст і Гродна, дзе турыстаў гатовы звазіць у Белавежскую пушчу, Мірскі і Нясвіжскі замкі, турыстычны комплекс "Каробчыцы". Кіраўнікі туркампаній пры выбары любога навагодняга туру рэкамендуюць у першую чаргу звяртаць увагу, ці ўключаны кошт банкету ў тур. Калі не, то ён можа аўтаматычна падаражэць на $100-200 або больш - у залежнасці ад таго, дзе вы будзеце сустракаць Новы год.


Дарэчы, у некаторых турах аплачваць экскурсіі трэба самастойна. Па $15-20 возьмуць за экскурсіі па Мінску, навагоднія Мір і Нясвіж пакажуць за $50, Белавежскую пушчу - таксама за $50. Дадаткова да гэтага можна заказаць любую са стандартных экскурсій - на Курган Славы, у Хатынь, Дудуткі, Строчыцы, Брэсцкую крэпасць. Турыстам, якія здаволіліся "класікай жанру", прапануюць акунуцца ў атмасферу 1812 года і прайсці па слядах Напалеона, пабываць на заводзе алмазаў або ў музеі цвярозасці. Дарэчы, некаторыя экскурсіі ў першыя дні студзеня будуць каштаваць крыху даражэй, чым звычайна. Па жаданні турыстаў могуць быць арганізаваны індывідуальныя туры, але іх кошт будзе на парадак вышэйшы.


Аднак турыстычны рынак характарызуюць не толькі цэнавая палітыка і колькасць турыстаў, але і глыбіня продажаў. З дапамогай гэтага паказчыка ацэньваюць часавыя інтэрвалы паміж купляй туру і самім падарожжам. Так, паводле слоў старшыні праўлення БГА "Адпачынак у вёсцы" Валерыі Кліцуновай, цяпер свабодных месц у аграсядзібах дастаткова, але тыя аб'екты, гаспадары якіх мэтанакіравана займаюцца прыцягненнем турыстаў і арганізацыяй навагодніх праграм, былі забраніраваны яшчэ за некалькі месяцаў да Новага года. "Гэтыя сядзібы маюць пастаянных кліентаў, якія загадзя плануюць святы. Цяпер з боку расійскага пакупніка глыбіня продажаў некалькі спала. Расіяне пакуль толькі плануюць паездкі, але гэта не значыць, што яны зусім адмовяцца ад адпачынку", - адзначыла Валерыя Кліцунова. "Гэтымі днямі ў Маскве беларускія спецыялісты сустракаліся з расійскімі калегамі са сферы турбізнесу, вядома, размова ішла і аб няпростай сітуацыі на турыстычным рынку Расіі. Цяпер мы бачым, што некаторыя расіяне пераарыентавалі свой адпачынак на карысць нашай краіны, але гаварыць аб нейкіх канкрэтных лічбах пакуль рана", - дадала яна.


Што датычыцца гарналыжных цэнтраў, то ў "Сілічах", дзе навагодняе браніраванне адкрыта з верасня, сустрэча Новага года абыдзецца $673 c чалавека (4 дні/3 ночы, двухмесны нумар). У гэты кошт увойдуць пражыванне, харчаванне (поўны пансіён), карыстанне крытым катком, забаўляльныя праграмы і экскурсія па сталіцы. Прыкладна ў такую ж суму абыдуцца канікулы ў "Лагойску" (пражыванне Br1,5 млн у суткі). Як растлумачылі ў аддзеле продажаў комплексу, з 3 па 8 студзеня ўсе месцы заняты, большасць месц выкуплены расійскімі турыстамі. А вось 12-дзённыя канікулы ў "Сілічах" будуць каштаваць амаль $2 тыс., затое акрамя стандартных паслуг турысту прапануюць дадатковыя экскурсіі і забаўляльныя праграмы, медыцынскія паслугі.


Старшыня праўлення Рэспубліканскага саюза турыстычных арганізацый (РСТА) Аляксандр Мірскі адзначае, што пры снежнай зіме менавіта гарналыжныя цэнтры і сядзіба Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы стануць у святы самымі запатрабаванымі турыстычнымі аб'ектамі. Што датычыцца тых, хто вырашыў сустрэць Новы год за мяжой, то, паводле слоў Аляксандра Мірскага, самымі папулярнымі краінамі ў беларусаў сталі Егіпет, Тайланд, ААЭ. Аматары астраўнога адпачынку выбіраюць Кубу, Дамінікану і Канарскія астравы. На гарналыжныя курорты беларусы адпраўляюцца ў Славакію, Польшчу, Чэхію, Аўстрыю, Швейцарыю, Андору, Італію і Грузію.


Такім чынам, адпачыць на Новы год у Беларусі можна ад $400 на кароткіх канікулах у фармаце 4 дні/3 ночы. Але такі тур будзе без празмернасцей, адразу папярэджваюць у турфірмах. За больш доўгі адпачынак давядзецца раскашэліцца на больш буйную суму. Да таго ж іншаземным турыстам дадаткова трэба аплаціць білеты ў Беларусь. Дарэчы, што датычыцца транспартнага складніка, то авіякампанія "Белавія" абяцае ў святочныя дні значна павялічыць частату палётаў па найбольш запатрабаваных маршрутах, адначасова паветраныя судны для зручнасці турыстаў заменяць на больш умяшчальныя. На перыяд калядных і навагодніх свят дадатковыя паязды плануе назначыць і Беларуская чыгунка.


У цэлым эксперты турыстычнага рынку робяць аптымістычныя прагнозы адносна навагодняга сезона. Разам з тым, паколькі на працягу года амаль 60 працэнтаў гасцей прыбываюць у Беларусь з Расіі, у будучым сітуацыя з экспартам турпаслуг і ўязным патокам па-ранейшаму будзе ў многім залежаць ад сітуацыі на расійскім турыстычным рынку. Падзеі гэтага года ў Расіі з банкруцтвам буйных тураператараў і ваганні курса расійскага рубля істотна паўплывалі на выязны паток, паводле ацэнак спецыялістаў, да канца года ён можа скараціцца на трэць. У гэтай сітуацыі айчынныя турфірмы таксама рызыкуюць страціць расійскіх кліентаў, але пакуль на хвалі адмоў ад замежных курортаў папулярнасць беларускага напрамку не змяншаецца.

Поўная версія