Поўная версія

Лідзія Ярмошына: Як будуць шукаць бракаваныя аўтографы ў падпісных лістах

Каментарыі 20.08.2015 | 17:52

Тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі завяршаюць прыём подпісаў ад ініцыятыўных груп патэнцыяльных кандыдатаў на вышэйшую дзяржаўную пасаду 21 жніўня ў 19.00, і гэты тэрмін прадоўжаны не будзе. Кіраўнікам ініцыятыўных груп і іх членам трэба зрабіць апошні рывок, каб не толькі дабраць патрэбную колькасць запаветных аўтографаў, але і паспець у агавораны час здаць іх для праверкі на месцах. Аб тым, якім чынам будуць шукаць у камісіях бракаваныя подпісы, а таксама аб тэхналогіі падліку карэспандэнт БЕЛТА паразмаўляў са старшынёй Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзіяй Ярмошынай.


Паводле слоў старшыні ЦВК, праверка падпісных лістоў на сапраўднасць - адпрацаваны працэс. "Усе подпісы паступаюць у раённыя камісіі, пры гэтым іх прыёмка адзначаецца ў журнале, дзе распісваецца член камісіі. Здаваць подпісы павінен каардынатар па раёне, - растлумачыла Лідзія Ярмошына. - Мы прасілі, і гэта ў законе прапісана, каб у кожнай ініцыятыўнай групы былі каардынатары па раёнах. На жаль, яны ёсць не ўсюды - значыць, будзе шмат работы ў кіраўнікоў ініцыятыўных груп і ў саміх патэнцыяльных кандыдатаў".


Пасля акта здачы-прыёмкі лісты аглядаюцца, выключаюцца тыя подпісы, якія не падлягаюць праверцы і ўліку - у прыватнасці, гэта подпісы грамадзян, якія пражываюць у іншым раёне, у іншай адміністрацыйнай тэрытарыяльнай адзінцы (з-за таго што гэтыя подпісы адносяцца да іншай камісіі). "Такая памылка магчыма ў вялікіх гарадах, дзе, напрыклад, зборшчыкі подпісаў не вельмі ўважліва падышлі да працэсу і ў адзін падпісны ліст уключылі подпісы грамадзян з розных раёнаў. Будуць улічвацца толькі подпісы грамадзян раёна, куды здаюцца падпісныя лісты. Астатнія, лічыце, прапалі", - адзначыла старшыня ЦВК.


Яшчэ адна катэгорыя "браку" - подпісы, выключаныя самім зборшчыкам (ён упаўнаважаны гэта зрабіць, калі знаходзіць дэфект). Пры гэтым недакладнымі подпісамі лічаць фіктыўныя (выкананыя ад імя неіснуючых асоб і выдадзеныя за сапраўдныя), выкананыя ад імя розных людзей адным чалавекам або ад імя аднаго чалавека іншым, а таксама подпісы людзей, якія не валодаюць выбарчым правам, або сабраныя да 23 ліпеня 2015 года. Бракуюцца подпісы ў выпадку, калі ў звестках аб выбаршчыку адсутнічае адно або некалькі патрэбных у адпаведнасці з законам даных, калі звесткі аб выбаршчыку ўнесены нерукапісным спосабам або алоўкам і калі дата подпісу выканана няўласнаручна.


Як вядома, членам ініцыятыўных груп нельга прапаноўваць узнагароджанне за ўнясенне подпісу, і не павінна быць якога-небудзь  прымушэння ў гэтым працэсе. Усе без выключэння подпісы ў лісце прызнаюцца недакладнымі, калі яны сабраны не членам ініцыятыўнай групы, падпісны ліст не завераны членам ініцыятыўнай групы або завераны тым членам ініцыятыўнай групы, які подпісы не збіраў. У выпадку выяўлення некалькіх подпісаў аднаго і таго ж выбаршчыка ў падтрымку вылучэння аднаго і таго ж кандыдата дакладным лічыцца толькі адзін аўтограф, а астатнія анулююцца.


Пасля выключэння подпісаў, якія не падлягаюць праверцы, па кожнай групе адбіраецца аднолькавы працэнт астатніх подпісаў. "Вядома, іх колькасць будзе абсалютна рознай", - заўважыла старшыня Цэнтрвыбаркама. Яна растлумачыла: калі група здала ў раённую выбарчую камісію 6 тыс. подпісаў, у яе павінна быць адабрана для праверкі не менш як 20 працэнтаў (1,2 тыс.). Калі ў той жа час іншая група здала 60 подпісаў, у яе будзе адабрана для праверкі 12. І так па кожным раёне. Чым больш колькасць, тым больш маштабная работа наперадзе.


Калі сумарная колькасць недакладных подпісаў выбаршчыкаў складзе больш за 15 працэнтаў ад агульнай колькасці правераных, то раённая, гарадская, раённая ў горадзе камісія спыняе далейшую праверку і ўсе подпісы выбаршчыкаў не ўлічваюцца па гэтым раёне, горадзе, раёне ў горадзе. "Але адразу магу сказаць, што ў нас такога прэцэдэнту на прэзідэнцкіх выбарах не было ніколі. Выключаецца толькі нейкая колькасць подпісаў", - адзначыла Лідзія Ярмошына.


Праўда, паводле яе слоў, ініцыятыўныя групы, якія прадставілі для праверкі роўна 100 тыс. подпісаў або крыху больш, здорава рызыкуюць. "У выніку, верагодна, тысяча-другая адпадзе і можа аказацца менш за 100 тыс. Не хацелася б, таму што сабраць і прадставіць такую колькасць подпісаў - вельмі складаная работа", - упэўнена старшыня Цэнтрвыбаркама.


Калі подпісы будуць падлічаны, раённая камісія складзе пратакол аб іх колькасці па кожным патэнцыяльным кандыдаце і прадставіць у вобласць. "Пры жаданні абласная камісія таксама можа штосьці праверыць (калі будуць нейкія скаргі або падазрэнні), а затым ужо складае пратакол па вобласці", - нагадала тэхналогію Лідзія Ярмошына. Усе лічбы будуць падсумаваны Цэнтральнай выбарчай камісіяй.


"Таму, калі нехта пачынае сумнявацца ў выніках збору, а потым - у выніках выбараў, адразу магу сказаць, што якая-небудзь маніпуляцыя тут выключана. Ніводны з раёнаў не ведае, колькі прадстаўлена подпісаў у суседні раён і якая ў канчатковым рахунку атрымаецца лічба на тэрыторыі вобласці", - заўважыла субяседніца. Далей, паводле яе слоў, ЦВК усяго толькі плюсуе лічбы па рэгіёнах і падводзіць вынік. "Тут усё робіцца абсалютна надзейна. Гэта ўжо тэхнічная работа, у якой чалавечы фактар выключаны, таму што падлік вядзе камп'ютар", - падкрэсліла яна.


"Спадзяюся, што да 10 верасня мы правядзём пасяджэнне камісіі і зарэгіструем (кандыдатамі ў прэзідэнты. - Заўвага БЕЛТА) людзей, якія выканалі ўсе агавораныя ўмовы", - сказала Лідзія Ярмошына. Яна растлумачыла: асобы гэтых людзей павінны адпавядаць прад'яўленым патрабаванням, яны павінны сабраць не менш як 100 тыс. сапраўдных подпісаў. "У прынцыпе, ужо цяпер можна сказаць, што ўсе біяграфічныя даныя адпавядаюць рэчаіснасці, інакш мы не дапусцілі б ініцыятыўныя групы патэнцыяльных кандыдатаў да збору подпісаў. Адзінае, патэнцыяльныя кандыдаты павінны прадставіць дакладныя дэкларацыі аб даходах і маёмасці, і памылкі ў іх не павінны быць вельмі значнымі - каб яны не забылі ўказаць дамы, зямельныя ўчасткі, якія знаходзяцца ў іх ва ўласнасці або ва ўласнасці жонкі (мужа)", - дадала старшыня Цэнтрвыбаркама.


БЕЛТА.

Поўная версія