Поўная версія

Юрый Чарнышоў: Вучоныя апасаюцца, што высокія цэны на цыгарэты могуць справакаваць з'яўленне кантрабанднай прадукцыі

Каментарыі 25.04.2014 | 16:48

Высокія цэны на цыгарэты справакуюць з'яўленне кантрабанднай прадукцыі на рынку Беларусі. Такое меркаванне выказаў генеральны дырэктар ААТ "Гродзенская тытунёвая фабрыка "Нёман" Юрый Чарнышоў на прэс-канферэнцыі "Барацьба з курэннем: як адвучыць людзей ад курэння і не справакаваць з'яўленне шэрага рынку цыгарэт", перадае карэспандэнт БЕЛТА.


 Юрый Чарнышоў апасаецца, што высокія цэны на цыгарэты могуць справакаваць з'яўленне кантрабанднай прадукцыі на ўнутраным рынку. "Кошт цыгарэт у Беларусі дасягнуў мяжы пакупной здольнасці насельніцтва, і, на маю думку, вельмі важна не пераступіць гэту грань. У мінулым годзе фабрыка знізіла пастаўкі на ўнутраны рынак на 15 працэнтаў, за чатыры месяцы гэтага года - яшчэ на 24 працэнты. Між тым на фабрыку пачынаюць паступаць сігналы ад праваахоўных органаў аб канфіскацыі незаконна ўвезеных у краіну тытунёвых вырабаў", - адзначыў кіраўнік прадпрыемства. Паводле яго слоў, гэта першы сігнал, што людзі, якія адчуваюць фінансавы дыскамфорт ад росту цэн на цыгарэты, пачынаюць звяртацца да шэрага рынку. "Пакуль гэта толькі адзінкавыя выпадкі. Галоўнае, каб яны не перараслі ў тэндэнцыю. Дарэчы, у краінах, у якіх рэзка павышалі кошт тытунёвых вырабаў за кошт акцызаў, адзначаўся рост курцоў. І перш за ўсё сярод непаўналетніх, паколькі ценявыя гандляры не пытаюцца пашпартоў у пакупніка. І курэнне сярод падлеткаў у гэтых дзяржавах у два разы вышэйшае, чым у Беларусі", - паведаміў ён.



Гендырэктар фабрыкі адзначыў, што першапачаткова прадпрыемства выбрала сацыяльна адказную пазіцыю: не iмкнуцца павялічыць аб'ёмы збыту, а старацца задаволіць попыт. "Калі афіцыйныя вытворцы не могуць задаволіць спажывецкі попыт - па якасці прадукцыі, асартыменце, аб'ёмах паставак або цане, то адразу ўзнікае ценявы рынак. Гэты этап у Беларусі мы ўжо праходзілі. Да сярэдзіны 2000-х гадоў амаль кожная другая цыгарэта з'яўлялася кантрабанднай", - паведаміў ён. Змяніць такую сітуацыю, паводле слоў Юрыя Чарнышова, атрымалася з вялікай цяжкасцю. "Нелегальшчына знікла, толькі калі магазіны былі насычаны якаснымі тытунёвымі вырабамі па разумным з пункту гледжання спажыўцоў кошце. Вельмі не хацелася б страціць дасягнутыя з такой цяжкасцю пазіцыі і зноў скаціцца да высокай долі кантрабанды. А такая небяспека існуе", - падкрэсліў ён.


Паводле яго слоў, ад зніжэння ўнутранага попыту прадпрыемства вялікіх праблем не адчувае: магутнасці загружаны на 100 працэнтаў, аб'ёмы вытворчасці растуць за кошт экспарту. Так, у 2013 годзе экспарт павялічыўся ў 5 разоў, у гэтым годзе дынаміка пакуль такая ж - плюс 500 працэнтаў. "За дзевяць гадоў у мадэрнізацыю было ўкладзена больш за $70 млн, і вытворчая пляцоўка ў Гродне з'яўляецца адной з лепшых у Еўропе. Таму са сваімі гандлёвымі маркамі мы ўпісваемся ў міжнародны рынак і па сабекошце прадукцыі, і па якасці. Больш таго, пастаўкі за мяжу прадпрыемству намнога больш выгадныя ў параўнанні з унутраным рынкам: і рэнтабельнасць вышэйшая, працуем без адтэрміноўкі плацяжу, а толькі па перадаплаце, не трэба плаціць акцыз і ПДВ", - паведаміў ён.


Юрый Чарнышоў нагадаў, што дзевяць гадоў таму кіраўнік дзяржавы паставіў перад фабрыкай задачу насыціць менавіта ўнутраны рынак нармальнай тытунёвай прадукцыяй. "Мы гэту задачу выконваем. Але калі за кошт росту акцызаў давядзецца ўзнімаць цану, то канкурыраваць з кантрабандай мы ўжо не зможам. Асабіста маё меркаванне, што акцызы не павінны быць высокімі або нізкімі, яны павінны ўлічваць пакупную здольнасць насельніцтва, каб не справакаваць з'яўленне шэрага рынку, а ценявая эканоміка падаткаў не плаціць, больш таго, становіцца крыніцай фінансавага сілкавання і крымінальнага свету, і карупцыйнага", - лічыць гендырэктар фабрыкі.


Намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко ў сваю чаргу адзначыў, што акцызы сёння з'яўляюцца адной з асноўных крыніц паступлення ў бюджэт пасля падатку на дабаўленую вартасць, паступленняў ад знешнеэканамічнай дзейнасці, падаходнага падатку і падатку на прыбытак. У цэлым на 2014 год паступленні ад акцызаў запланаваны ў памеры Br22,7 трлн, у тым ліку ад акцызаў на тытунёвыя вырабы - каля Br4,1 трлн. Гэта складае 17,8 працэнта ад акцызаў у цэлым, паведаміў ён.



У 2013 годзе, паводле інфармацыі Дзмітрыя Кійко, у бюджэт краіны паступіла Br17,5 трлн ад акцызаў, у тым ліку ад акцызаў на тытунёвыя вырабы - Br3,1 трлн. У параўнанні з 2010 годам даходы бюджэту ад акцызаў у цэлым павялічыліся ў 4 разы, ад акцызаў на тытунёвыя вырабы - у 11,3 раза.


Доля паступлення ад акцызаў у даходах кансалідаванага бюджэту павялічылася з 8,9 працэнта ў 2010 годзе да 9,3 працэнта ў 2013 годзе, у тым ліку ад акцызаў на тытунёвыя вырабы - з 0,6 працэнта да 1,6 працэнта. Пры гэтым удзельная вага паступлення ад акцызаў на тытунёвыя вырабы ў агульнай суме акцызаў павялічылася з 6,2 працэнта ў 2010 годзе да 17,5 працэнта ў 2013 годзе. "Гэта абумоўлена павелічэннем ставак акцызаў на цыгарэты ў 2011-2013 гадах, якое апярэджвала тэмпы інфляцыі. Так, за гэты перыяд стаўкі акцызаў на тытунёвыя вырабы павялічыліся ў сярэднім у 11,4 раза", - паведаміў намеснік кіраўніка ведамства.


У 2014 годзе найменшае павышэнне ставак акцызаў на тытунёвыя вырабы закранула першы цэнавы сегмент, найбольшае - па сярэднім і вышэйшым цэнавым сегменце.

Поўная версія