Поўная версія
Васіль Малашэнкаў

Як падрыхтаваць дзяцей да ўвядзення манет

Каментарыі 04.05.2016 | 17:41
Васіль Малашэнкаў Рэдактар аддзела БЕЛТА

Менш як два месяцы засталося да дэнамінацыі і афіцыйнага ўвядзення ў абарачэнне манет, якія ў гісторыі незалежнай Беларусі з'явяцца ўпершыню. Цікава, што 55 гадоў таму, у 1961 годзе, у Савецкім Саюзе правялі грашовую рэформу, рашэнне аб якой было прынята 4 мая 1960 года. Прадстаўнікі старэйшых пакаленняў памятаюць капейкі савецкага ўзору, але многім не даводзілася выкарыстоўваць манеты. Каб мы маглі паступова адаптавацца да змяненняў, якія чакаюць нас з 1 ліпеня, некаторыя магазіны пазначаюць ужо дзве цаны: актуальную і пасля дэнамінацыі. З'явіліся табліцы адпаведнасці старых і новых грошай. У сувязі з гэтым важна не забыць пра дзяцей, паколькі купляць сабе марожанае яны будуць за наяўныя. Падрыхтаваць іх да выкарыстання новых грошай павінны дарослыя - бацькі і настаўнікі.

Пакуль манеты не ўведзены, даць дзецям патрымаць іх у руках мы не можам, але можам успомніць савецкія методыкі і запазычыць напрацоўкі, якія існуюць у суседніх краінах. Напрыклад, ёсць гульні і практыкаванні для трэніроўкі "манетнага вакамера". Кожную манету пры разліку на касе разглядаць няма калі, таму важна ўмець хутка вызначаць яе намінал па колеры і памеры.

Беларускія манеты дзеляцца па колеры на тры групы: светла-карычневыя (сталь з медным пакрыццём), жоўтыя (сталь з медна-латунным пакрыццём) і шэрыя (сталь з медна-нікелевым пакрыццём). У металічных рублях разабрацца нескладана: шэрая манета - 1 рубель, шэрая з шырокай жоўтай паласой - 2 рублі. Манеты наміналам 1, 2 і 5 капеек маюць светла-карычневы колер, 10, 20 і 50 капеек - жоўты. Да дзяцей трэба данесці агульную ідэю наконт кожнай колеравай групы: светла-карычневыя - дробныя грошы і г.д.

Можна паказаць дзецям лісток, на якім раздрукаваны выявы ўсіх манет (зыходнік можна скачаць на сайце БЕЛТА - http://www.belta.by/president/view/v-belarusi-s-1-ijulja-2016-goda-budet-provedena-denominatsija-169030-2015/), і расказаць, што ёсць што. Можна выразаць кардонныя кругі, аналагічныя манетам па колеры і памеры, і даць дзецям вывучыць іх. Напрыклад, шэры кардонны кружок дыяметрам 21,25 мм - гэта 1 рубель. Абрыс на кружочках з лічбамі павінен быць вельмі падобны на арыгінальны шрыфт.

Калі дзеці азнаёміліся з манетамі, можна пагуляць у магазін, выкарыстоўваючы цацкі. Прайграём сітуацыі правільнага падліку здачы. Важна ўлічваць узрост і ўзровень ведаў дзіцяці. Перагружаць яго за адзін раз не трэба. Лепш раскласці курс на серыю гульняў-урокаў.

Калі ў рукі пападуць ужо сапраўдныя манеты, трэба растлумачыць дзіцяці асаблівасці кожнай, напрыклад, у светла-карычневых манет кант роўны, без насечак, у рублёвай - у насечках, двухрублёвая манета мае гладкі кант, але з надпісам "Беларусь". Прапануйце дзіцяці заплюшчыць вочы і паспрабаваць навобмацак адгадаць, якую манету яму далі.

Гаворачы на тэму азнаямлення дзяцей з грашыма, звернем увагу і на другі важны аспект. На якіх умовах трэба даваць грошы на кішэнныя расходы? З якога ўзросту трэба вучыць карыстацца грашыма?

"Зразумела, трэба дзяцей прывучаць карыстацца грашыма, - лічыць член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах Валерый Барадзеня. - Чым раней, тым лепш. Грошы - гэта частка нашага жыцця". На думку дэпутата, дзецям неабходна адразу прывіваць пэўныя прынцыпы. Не лішнім будзе сказаць, што грошы не падаюць з неба, не даюцца проста так і ставіцца да іх трэба адказна. Гэта не проста інструмент, які забяспечвае атрыманне даброт, а рэч, якая патрабуе да сябе адказнага стаўлення.

Валерый Барадзеня звярнуў увагу, што цяпер многія банкі развіваюць сістэмы безнаяўных разлікаў. І частка іх - дзіцячыя карткі. "У такіх выпадках можна вельмі проста кантраляваць расходы дзіцяці: дзе і калі праведзены разлік і г.д. Мне здаецца, што гэта вялікі плюс. Такія разлікі дзецям таксама трэба асвойваць. Думаю, наступны крок - рахункі дзяцей на мабільных тэлефонах", - сказаў дэпутат.

"Усе гэтыя пытанні трэба разглядаць у кантэксце сямейнай фінансавай культуры, - гаворыць сямейны псіхолаг цэнтра дадатковай адукацыі "Крыніца" Андрэй Туравец. - Стаўленне да грошай у кожнай сям'і ўнікальнае. У адной яны - фетыш і сэнс жыцця. У другой - сродак для развіцця і самарэалізацыі кожнага члена сям'і і ўсёй сям'і ў цэлым. У трэцяй - галаўны боль".

Псіхолаг лічыць, што дзіця прыкладна з 6-8 гадоў здольна самастойна ажыццяўляць дробныя пакупкі - спачатку пад наглядам дарослых, а потым самастойна. Яны разумеюць, што такое кошт адзінкі тавару, кошт набору тавараў, што такое здача. "Дзіця ўмее ўсведамляць парадак, прыярытэтнасць пакупак. Адрознівае куплю для асабістай патрэбы ад куплі тавараў для ўсёй сям'і, для іншых членаў сям'і. Гэта падобна на авалоданне любымі формамі культуры або маўленнем. Бацькі не робяць нічога спецыяльнага для навучання дзіцяці роднай мове - яно засвойвае яе ў працэсе жыцця. Гэтак жа адбываецца з фінансавай культурай", - тлумачыць Андрэй Туравец.

На думку псіхолага, дзіця можна навучыць розным формам абыходжання з грашыма - і яно асвоіць іх. Напрыклад, гэта накапленне грошай або сувымярэнне фінансавых магчымасцей і патрэбнасцей сям'і, яе членаў, самога дзіцяці. "У некаторых сем'ях гэта сувымярэнне часта парушана тым, што дзіця - найвышэйшая каштоўнасць, атрымліваецца такі збой іерархіі ў сям'і. Дзеці з такіх сем'яў часта не могуць правільна ацаніць фінансавую сітуацыю, патрэбнасці і магчымасці сям'і і эгаістычна патрабуюць выдзялення ўсяго рэсурсу для іх. Другі перакос - абмежаванне і яўная эканомія на дзіцяці ў параўнанні з іншымі членамі сям'і. Такое часта бывае з малодшымі дзецьмі, якія даношваюць рэчы старэйшага дзіцяці", - разважае Андрэй Туравец.

Ён лічыць, што кішэнныя грошы можна ўводзіць з малодшых класаў. Трэба быць гатовым да таго, што дзеці будуць рабіць памылкі пры карыстанні грашыма. Гэта нармальна, яны ж вучацца. Навучання без памылак не бывае. Галоўнае - навучыць дзіця выпраўляць іх. "Спакойнае і добразычлівае стаўленне бацькоў да гэтага пытання, уменне ў даступнай форме расказаць дзецям пра ўласны стыль абыходжання з фінансамі - лепшая прафілактыка памылак у гэтай сферы", - раіць Андрэй Туравец.

Соцыум, іншыя члены сям'і будуць дэманстраваць дзіцяці разнастайныя варыянты стаўлення да грошай і спосабы іх атрымання, трат, накаплення. Але дзіця будзе карыстацца найбольш актыўна тымі варыянтамі, якія яно асвоіць у сям'і ва ўзросце ад 3 да 8-10 гадоў. Псіхолаг пры гэтым адзначае, што кожная сям'я свядома ці не праводзіць сваю фінансавую адукацыйную палітыку адносна дзяцей. Важна вызначыць для сябе, якая гэта палітыка. Унёсшы разумныя карэктывы, трэба ўстойліва яе прытрымлівацца. Стабільнасць у гэтых пытаннях - лепшая платформа фарміравання ўстойлівага стаўлення дзіцяці да грошай.

Будучая дэнамінацыя - падстава правесці рэвізію сямейнай фінансавай палітыкі, а заадно чарговы раз праверыць, наколькі адладжаны механізмы стасункаў у сям'і. Гэта ніколі лішнім не бывае.

Поўная версія