Поўная версія

Як па шоўку: кітайскія тургрупы паедуць у Беларусь без візы

Каментарыі 17.06.2016 | 14:34

Беларусь і Кітай у хуткім часе ўзаемна адменяць візы для турыстычных груп. Падарожжы будуць арганізоўваць вызначаныя на афіцыйным узроўні турфірмы, у групу будуць набіраць пяць і больш чалавек. Як зрабіць Шаўковы шлях для турыстаў сапраўды шаўковым і што выйграе Беларусь, зрабіўшы стаўку на “чырвонае”?

СПРАВА НА МІЛЬЁН

Для кітайцаў групавыя паездкі - не адзіная магчымасць пабываць без візы ў Беларусі. Турысты з Паднябеснай цяпер ужо могуць знаходзіцца ў Беларусі да трох сутак без візы, такая магчымасць з'явілася ў іх амаль год таму. Але гэта паслабленне распаўсюджваецца не на ўсіх, а толькі на грамадзян КНР з візай краін, якія з'яўляюцца членамі Еўрасаюза або ўдзельнікамі Шэнгенскай зоны, пры гэтым прыбыць у Беларусь трэба прамымі авіярэйсамі з Кітая.

Мяркуючы па статыстыцы, з 2011 года колькасць турыстаў, што прыбываюць у Беларусь, з кожным годам расце, але каласальнага прарыву да гэтага часу не адбылося. Калі не ўлічваць краіны СНД, то Кітай замыкае топ-5 дзяржаў, адкуль да нас едуць турысты, уступаючы толькі нашым суседзям - Польшчы, Латвіі, Літве - і Германіі. Але ў той жа час кітайскія турысты ў агульнай колькасці людзей, якія прыязджаюць у Беларусь, складаюць усяго 0,4 працэнта.

Зразумела, што размова ідзе толькі аб арганізаваных тургрупах, якія ўлічваюцца афіцыйнай статыстыкай – на самай справе колькасць кітайцаў, што перасякаюць беларускую граніцу з мэтай турызму, большая (канкрэтную лічбу можна будзе назваць толькі пасля ўкаранення сатэлітных рахункаў). Сусветная статыстыка сведчыць аб тым, што кожны дзясяты турыст – кітаец. Але на фоне агульнага выязнога патоку з КНР (120 млн турыстаў адпачывалі за мяжой у 2015 годзе) даныя Белстата аб 992 арганізаваных кітайскіх турыстах у мінулым годзе выглядаюць кропляй у моры. Да таго лічыцца, што кітайскія турысты ў параўнанні з іншымі турыстамі ў свеце найбольш траццяцца, а беларускі экспарт турыстычных паслуг не дэманструе імклівага росту. У сусветных маштабах грамадзяне КНР, якія падарожнічаюць, у мінулым годзе патрацілі $215 млрд, павялічыўшы расходы ў параўнанні з 2014 годам у паўтара раза.

У Міністэрстве спорту і турызму пацвярджаюць, што і ў Беларусі кітайцы з'яўляюцца шчодрымі турыстамі. Такія высновы спецыялісты робяць у тым ліку зыходзячы з даных аб пакупках па сістэме tax free. Часцей за ўсё турысты вязуць у Кітай з Беларусі ювелірныя вырабы і футра. Упадабалі яны і тавары беларускага легпрама – асабліва абутак. Зрэшты, апошнім часам акцэнты ў тратах зрушваюцца – кітайцы вырашаюць патраціцца не толькі на шопінг, але і на забавы. Пры гэтым госці з Паднябеснай у паездках прывыклі разлічвацца карткамі плацежнай сістэмы UnionPay, а ў Беларусі гэта зрабіць пакуль складана. Напрыклад, у Расіі тэрміналаў, дзе можна разлічыцца UnionPay, - каля 350 тыс. За адну паездку ў гэту краіну кітаец траціць у сярэднім $2,3 тыс. – большасць плацежных аперацый праводзіцца з карткамі UnionPay.

СТАЎКА НА "ЧЫРВОНАЕ"

Паток кітайскіх турыстаў у Беларусь да гэтай пары быў нешматлікім, і спецыяльнай турыстычнай інфраструктуры менавіта для іх у краіне па сутнасці няма. Традыцыйна пераважная большасць прыезджых – гэта расіяне, якіх у першую чаргу цікавяць санаторыі, аграсядзібы, экскурсійны турызм. Кітайцы беларускімі санаторыямі наўрад ці зацікавяцца, а вось аграсядзібамі, экалагічным турызмам - магчыма. У той жа час сельскі турызм разлічаны ў асноўным на індывідуальных вандроўнікаў, аднак вялікія сядзібы маглі б падрыхтаваць праграму адпачынку і для груп, лічыць старшыня праўлення БГА "Адпачынак у вёсцы" Валерыя Кліцунова. Сярод перспектыўных аб'ектаў - Белавежская пушча (ужо цяпер тут можна знаходзіцца без візы да трох дзён) і Аўгустоўскі канал, дзе ў хуткім часе пачнуць дзейнічаць аналагічныя візавыя паслабленні.

Добрыя перадумовы для абмену тургрупамі стварае праект Шаўковага шляху але нават з такім фундаментам без грунтоўнай работы з турыстычнай інфраструктурай і сэрвісам не абысціся. У кітайцаў запатрабаваны ў першую чаргу "чырвоны" турызм – усё, што звязана з тэмай камунізму, папулярны туры ваеннай тэматыкі Паралельна з прапрацоўкай маршрутаў у Мінспорту абяцаюць павялічваць тыражы турыстычных даведнікаў і карт на кітайскай мове, а таксама забяспечваць падрыхтоўку гідаў-перакладчыкаў. Група такіх спецыялістаў (13 чалавек) праходзіць паўгадавое навучанне ў адной з мінскіх ВНУ, пазней яны павінны будуць прайсці атэстацыю ў Нацыянальным агенцтве па турызме. Шматфункцыянальны сэрвіс анлайн-браніравання турыстычных паслуг vetliva.by, што рыхтуецца да запуску, будзе мець і кітайскую версію.

Яшчэ адно пытанне – харчаванне. "Гэта ўтопія, што кітайцы з задавальненнем спажываюць рускую кухню. Усё ж яны аддаюць перавагу кітайскім установам харчавання", - акцэнтуе ўвагу начальнік філіяла "Белінтурыст" РУП "Цэнтркурорт" Аляксей Стрэльчанка. У Беларусі накарміць кітайскай ежай можна хіба што ў Мінску, і тое гэта няпроста.У Гродне і Брэсце, якімі ўжо зацікавіліся госці з Паднябеснай, арганізаваць харчаванне для кітайцаў яшчэ больш складана.

Для абмену групамі будзе вызначаны спіс упаўнаважаных турыстычных агенцтваў з беларускага і кітайскага бакоў. Акрамя таго, Беларусь і Кітай створаць сумеснае турыстычнае прадпрыемства. Яно павінна пачаць працаваць на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў ужо да канца бягучага года.

РАНІЦАЙ МАСКВА, УВЕЧАРЫ МІНСК

Прадстаўнікі турбізнесу лічаць, што прадаваць кітайцам беларускі турыстычны прадукт варта ў тым ліку ў кааперацыі з краінамі-суседзямі. Напрыклад, Расія пачала праграму China Friendly (дружалюбна да кітайцаў), толькі ў мінулым годзе гэту краіну наведалі амаль 700 тыс. арганізаваных турыстаў з Паднябеснай. "Апошнія гады кітайскія турысты сталі ў Расіі “нумарам адзін”. За кошт чаго гэта адбылося? Расійскі турбізнес гаворыць аб тым, што амаль 90 працэнтаў кітайцаў едуць менавіта ў складзе арганізаваных груп, для якіх дзейнічае бязвізавы рэжым”, - адзначае Аляксей Стрэльчанка.

У той жа час у Заходнюю Еўропу амаль 75 працэнтаў грамадзян КНР едуць самастойна. Цікава, што ёсць адрозненні ва ўзросце турыстаў: сярэдні ўзрост кітайскіх вандроўнікаў, якія выбіраюць Расію, складае 45-50 гадоў, якія выбіраюць Еўропу - 30-35 гадоў. “Старэйшае пакалене кітайцаў выхоўвалася ў многім пад уплывам Савецкага Саюза і культуры. Беларусь як рускамоўная краіна ўспрымаецца кітайцамі ў большай ступені як краіна былога Савецкага Саюза, таму найбольш верагодна, што турпатокі ў Беларусь будуць фарміравацца па тым жа прынцыпе, што і ў Расію”, - лічыць эксперт.

Лідарамі па наведванні з'яўляюцца Масква і Санкт-Пецярбург, але расійская сталіца, як правіла, не апошні пункт у маршруце кітайскіх турыстаў (яны аддаюць перавагу камбінаваным маршрутам па некалькіх краінах). Цяпер найчасцей пасля Масквы яны адпраўляюцца ў Цэнтральную і Заходнюю Еўропу, абмінаючы Беларусь. Кааперацыя ў турыстычным плане з Масквой дасць свае вынікі, лічыць начальнік філіяла “Белінтурыст”. “Лічыць, што да нас масава паедуць індывідуальныя турысты, не варта, а на групы мы разлічваць можам. Напэўна, лагічны шлях, які можа даць хуткі вынік, - гэта далучэнне да ўжо існуючых у Расіі маршрутаў. Наяўнасць другой краіны ў туры значна павышае прывабнасць паездкі для кітайцаў”, - тлумачыць Аляксей Стрэльчанка.

Беларускі турызм доўгія гады "заточваўся" пераважна пад расійскага кліента, сёння настаў час шукаць на глобусе новыя кропкі. З адменай віз для груп перспектывы кітайскага рынку выглядаюць шматабяцальна, але, каб усё ішло як па шоўку, давядзецца рыхтавацца не адзін дзень.

БЕЛТА.

Поўная версія