Поўная версія

Ірына Бародзіч: У Беларусі зменіцца парадак вядзення адраснай сістэмы

Каментарыі 10.07.2015 | 18:18

Як карабель назавеш, так ён і паплыве. Упэўнена: кожны, хто глядзеў дзіцячы мультык аб прыгодах капітана Урунгеля, усвядоміў гэта раз і назаўсёды - планавалася "Победа", а ў выніку, страціўшы дзве літары, на старт выйшла "Беда". Вось тут усё і пачалося... Але цяпер не аб караблях размова. Дапытлівы розум, аналізуючы ўбачанае на шыльдах з назвамі вуліц, праспектаў і плошчаў нават Мінска, не гаворачы ўжо аб гарадах абласнога і раённага падпарадкавання, можа адчуць лёгкі эфект кагнітыўнага дысанансу - напрыклад, па вуліцы Гікалы назіраецца як мінімум тры варыянты напісання яе назвы: "вул. Гікалы", "вул. Гікала", "ул. им. Н.Ф.Гикало". І добра, калі прахожы - мясцовы жыхар. А калі размова аб турысце з картай у руцэ? Баюся, лёгкім здзіўленнем не абыдзецца. Чаму і дакуль - з гэтымі пытаннямі карэспандэнт БЕЛТА звярнуўся да кансультанта ўпраўлення геадэзіі і картаграфіі Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Ірыны Бародзіч.


На пытанне "Чаму?" адказ знайшоўся даволі хутка: таму што да 2010 года ў Беларусі пытанне назвы геаграфічных аб'ектаў (абласцей, гарадоў, вёсак, вуліц і г.д.) наогул заканадаўча не рэгулявалася. Гэта значыць як на душу мясцовым органам улады клалася, так і атрымлівалася. У выніку маем тое, што маем: пераважная большасць назваў на рускай мове, якія не маюць афіцыйных беларускіх эквівалентаў; адсутнасць аднастайнасці ў напісанні адной і той жа назвы вуліцы ў розных крыніцах; з'яўленне варыянтнасці пры абазначэнні аднайменных вуліц у розных населеных пунктах. Стварыць сістэму быў прызначаны закон "Аб назвах геаграфічных аб'ектаў", прыняты 16 лістапада 2010 года, і Інструкцыя аб парадку вядзення адраснай сістэмы, зацверджаная пастановай Дзяржаўнага камітэта па маёмасці ад 15 жніўня 2012 года.


"У моўным плане прыняцце закона стала сапраўды знакавай вяхой сучаснай беларускай тапанімікі - грунтуючыся на канстытуцыйна замацаваным у рэспубліцы двухмоўі, ён вызначыў: назвы геаграфічным аб'ектам прысвойваюцца на беларускай мове, з якой спосабам транслітарацыі перадаюцца на рускую мову, а ўліку падлягаюць на абедзвюх дзяржаўных мовах", - растлумачыла Ірына Бародзіч. Да ўступлення дакумента ў сілу імёны вуліцам прысвойваліся на адной, як правіла, рускай мове. Таксама законам і інструкцыяй вызначаны іншыя асноўныя прынцыпы, што датычацца назвы геаграфічных аб'ектаў.


Іншая справа - дэталі, якія, як аказалася, да гэтага часу нідзе не прапісаны. Напрыклад, найбольшую складанасць у спецыялістаў Тапанімічнай камісіі пры Савеце Міністраў (займаецца каардынацыяй дзейнасці па фарміраванні адзінага падыходу да выяўлення, нармалізацыі, прысваення назваў геаграфічным аб'ектам і іх перайменавання, дзяржаўнага ўлiку і выкарыстання назваў геаграфічных аб'ектаў) выклікалі назвы, прысвоеныя вуліцам у гонар выдатных асоб: грамадска-палітычных дзеячаў, дзеячаў культуры і мастацтва. Дзеючае заканадаўства не ахоплівае ўсе выпадкі, магчымыя пры выбары назвы, пакідае варыянтнасць напісання. Інструкцыя дапускае назву, якая складаецца з аднаго прозвішча: пр. Ракасоўскага, вул. Мендзялеева; з імя і прозвішча: вул. Адама Шэмеша, вул. Івана Навуменкі; з прозвішча і ініцыялаў: вул. Маслакова Д.А.; са звання, прафесіі або пасады і прозвішча: вул. Акадэміка Красіна, вул. Лейтэнанта Кіжаватава.


Прааналізаваўшы існуючыя праблемы, было зроблена некалькі ключавых вывадаў. Так, выкарыстанне ў назве толькі прозвішча выдатнай асобы магчыма не ва ўсіх выпадках. Паводле слоў Ірыны Бародзіч, гэта датычыцца ў першую чаргу двухсэнсоўных назваў: вул. Бяды (у гонар генерал-лейтэнанта авіяцыі СССР Леаніда Бяды), вул. Орды (у гонар мастака і кампазітара Напалеона Орды). Акрамя таго, выкарыстанне з прозвішчам ініцыялаў значна абцяжарвае назву, часта не нясе інфарматыўнасці: вул. Пальвінскай С.Т. (Соф'я Тарасаўна, Герой Сацыялістычнай Працы), вул. С.А.Ясеніна (Сяргей Аляксандравіч, паэт). Таксама ініцыялы могуць стаць дадатковай крыніцай памылак у выпадках, калі яны маюць розныя формы напісання на беларускай і рускай мовах: вул. Сазонава Я.С. (Ягор Сяргеевіч) - вул. Сазонова Е.С. (Егор Сергеевич). Ірына Бародзіч адзначыла і тое, што ўжыванне прозвішча выдатнай асобы са званнем або пасадай дабаўляе пытанні: хто варты называння рэгалій, што павінна быць пазначана ў назве, калі чалавек быў шматбакова адораным і праявіў сябе ў розных галінах грамадска-палітычнага або культурнага жыцця?


Спецыялісты Тапанімічнай камісіі прыйшлі да высновы, што выкарыстанне ў назве імя і прозвішча выдатнай асобы ў поўнай меры адпавядае патрабаванням уніфікацыі тапанімічнай сістэмы ўнутры населеных пунктаў, служыць адукацыйна-выхаваўчым мэтам, дае магчымасць ідэнтыфікаваць асобу, у гонар якой названа вуліца. З практычнага пункту гледжання выкарыстанне ў назве імя, прычым на першым месцы, неабходна для правільнага напісання прозвішча на рускай і беларускай мовах, дапамагаючы пазбегнуць граматычных памылак. "Згодна з правіламі арфаграфіі прозвішча, якое заканчваецца на ненаціскную літару "о" ў рускай мове, на беларускую мову перадаецца як "i", калі размова ідзе пра мужчыну: ул. Алеся Осипенко - вул. Алеся Асіпенкі; і як "а", калі пра жанчыну: ул. Полины Осипенко - вул. Паліны Асіпенка; прозвішча, якое ў назоўным склоне заканчваецца на літару "к", у родным склоне перадаецца праз "ка", калі размова ідзе пра мужчыну: ул. Олега Ильюнчика - вул. Алега Ільюнчыка; і як "к", калі пра жанчыну: ул. Ирины Ильюнчик - вул. Ірыны Ільюнчык; прозвішча, якое заканчваецца на "вич/віч", не скланяецца, калі размова ідзе пра жанчыну: вул. Ірыны Багдановіч - ул. Ирины Богданович; скланяецца, калі размова ідзе пра мужчыну: вул. Максіма Багдановіча - ул. Максима Богдановича", - нагадала Ірына Бародзіч.


У выніку Тапанімічнай камісіяй было вырашана, што назвы, якія прысвойваюцца вуліцам у гонар выдатных асоб, павінны складацца з імя і прозвішча ва ўсіх выпадках (вул. Івана Шамякіна); псеўданіма (вул. Кузьмы Чорнага, вул. Кандрата Крапівы). Скарачэнне псеўданіма не дапускаецца (правільна пл. Якуба Коласа, а не пл. Я.Коласа). Таксама не дапускаецца паралельнае выкарыстанне псеўданіма выдатнай асобы і яе сапраўдных імя і прозвішча ў межах аднаго населенага пункта (вул. Цішкі Гартнага і вул. Дзмітрыя Жылуновіча). Акрамя таго, вырашана поўнасцю адмовіцца ад выкарыстання ініцыялаў і званняў у назвах (вул. Дзмітрыя Маслакова, а не вул. Маслакова Д.А.; прасп. Францыска Скарыны, а не прасп. Ф.Скарыны; вул. Леаніда Бяды, а не вул. генерал-лейтэнанта авіяцыі СССР Бяды). Справаздача аб нармалізацыі назваў элементаў вулічна-дарожнай сеткі Беларусі была прадстаўлена на 17-м пасяджэнні Балтыйскага аддзела Групы экспертаў ААН па геаграфічных назвах, якое прайшло з 29 чэрвеня па 1 ліпеня ў Варшаве.


"На аснове рашэння Тапанімічнай камісіі рыхтуюцца адпаведныя змяненні ў інструкцыю, і яны павінны будуць выконвацца адносна назваў новых вуліц, а таксама перайменавання існуючых. Прынятае рашэнне аднастайнага прысваення назваў вуліцам упарадкуе адрасную сістэму Беларусі і, як мы спадзяёмся, знойдзе станоўчы водгук з боку грамадзян і замежных гасцей", - адзначыла Ірына Бародзіч.


Праўда, трэба адзначыць, што пасля заканадаўчага замацавання рашэнні Тапанімічнай камісіі будуць распаўсюджвацца толькі на новыя назвы. Аднак гэта зусім не азначае, што шыльды з назвамі адной і той жа вуліцы, названай да новаўвядзення, могуць быць рознымі. Як растлумачыла Ірына Бародзіч, правільную і заканадаўча зацверджаную назву вуліцы, праспекта, плошчы можна знайсці на сайце Нацыянальнага кадастравага агенцтва. Калі гаварыць аб прыведзенай ужо ў прыклад вуліцы Гікалы, то яе афіцыйная назва - вул. Гiкалы. І абсалютна на ўсіх шыльдах павінна быць менавіта так. Гэта зона адказнасці мясцовых выканаўчых органаў улады. Калі па нейкай прычыне гэта не зроблена, то грамадзянін мае права звярнуцца ў выканкам або адміністрацыю раёна з просьбай замяніць шыльды або выправіць на іх дапушчаныя памылкі.


Вядома, на першы погляд можа здацца: якая розніца - правільныя шыльды або не, аднолькавыя яны на ўсіх дамах па адной вуліцы або не? Але давайце ўзгадаем фразу з "Прыгод капітана Урунгеля".


Юлія ОГНЕВА,
БЕЛТА.

Поўная версія