Поўная версія

Гэты дзень хакеісты набліжалі, як маглі

Каментарыі 08.05.2015 | 17:06

Напярэдадні 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне асноўная ўвага звернута да падзей, звязаных са святочнай датай. І хакейная зборная Беларусі напярэдадні 9 мая дабавіла станоўчых эмоцый многім беларусам, нават тым, хто асабліва і не сочыць за спартыўнымі баталіямі. На XXXIчэмпіянаце свету па хакеі ў Чэхіі зборная Беларусі абыграла з лікам 5:2 аднаго з фаварытаў турніру - нацыянальную каманду ЗША.


Перамогу беларускіх хакеістаў у СМІ і сацсетках без перабольшання назвалі гістарычнай. І гэта не пафасныя словы, а факт. Раней зборныя Беларусі і ЗША сем разоў сустракаліся на вялікіх міжнародных турнірах, і наша каманда нязменна цярпела паражэнне. Поспех у сустрэчы з амерыканцамі дазволіў выйсці лядовай дружыне Дэйва Льюіса на першае месца ў групе В. Гэта яшчэ адна падстава для гордасці за наш хакей - Беларусь у лідарах сярод вядучых каманд і практычна ўжо забяспечыла сабе месца ў васьмёрцы наймацнейшых па выніках сусветнага форуму ў Чэхіі.


Перад пачаткам чэмпіянату свету ў балельшчыкаў і спецыялістаў не без падстаў былі сумненні адносна паспяховага выступлення нашай каманды на папярэднім этапе ў Остраве: склад не самы аптымальны, паражэнні ў таварыскіх матчах. Трэнерскі штаб Дэйва Льюіса не стаў утойваць праблемы, і ў інтэрв'ю журналістам настаўнікі называлі чорнае - чорным, а белае - белым, пры гэтым настойліва прадаўжалі патрабаваць ад сваіх падапечных дапускаць менш памылак у дзеяннях на лёдзе і абыходзіцца без выдаленняў.


У рашаючых матчах сусветнага форуму, прынамсі ў мінулых чатырох гульнях са славенцамі, славакамі, датчанамі і амерыканцамі, беларусы стараліся строга прытрымлівацца гэтай тактыкі.


У матчы з ЗША беларусы прыемна здзівілі ўменнем дакладна і хутка пераходзіць з абароны ў атаку. Разбурыўшы ўсе абаронныя парадкі апанентаў, падапечныя Дэйва Льюіса як мінімум не ўступілі сапернікам у хуткасці. Сур'ёзная работа на працягу красавіка над функцыянальнай гатоўнасцю ігракоў пасля складанага сезона ў клубах цяпер дае свой плён.


"Гульня атрымалася цяжкай, асабліва на старце сустрэча ішла пад дыктоўку амерыканцаў, але мы ведалі да чаго рыхтавацца - уся каманда прысутнічала на матчы Расіі і ЗША, такія дзеянні саперніка не сталі для нас сюрпрызам. У другім і трэцім перыядах нам удавалася больш атакаваць, мы змаглі забіць важныя галы і стрымаць націск саперніка. Нам удалося зрабіць некалькі атак адразу, некаторыя з іх прывялі да галоў. У прыватнасці, гол Гаўруса быў забіты, калі нашы сапернікі праводзілі змену складу. Я адчуў упэўненасць у нашай перамозе толькі за 30 секунд да завяршэння матчу, калі ўзяў тайм-аўт", - расказаў пасля матчу на прэс-канферэнцыі галоўны трэнер зборнай Беларусі Дэйв Льюіс.


Зборная Беларусі па-ранейшаму ў ліку лідараў на турніры па гульні ў меншасці, што таксама сведчыць аб добрай гульнявой дысцыпліне каманды. Зрэшты, немалая заслуга ў гэтым і варатара Кевіна Лаланда. Пасля складанага сезона ў маскоўскім ЦСКА галкіпер зноў выдаў нядрэнны адрэзак з чатырох сустрэч у складзе зборнай Беларусі. У матчы супраць амерыканцаў наш варатар адбіў 28 кідкоў з 30. Можна доўга спрачацца, шанцуе ці не ў асобных эпізодах Лаланду, але яго майстэрства не выклікае сумнення.


У Дзень Перамогі ўсіх балельшчыкаў чакае яшчэ адна яркая гульня - Беларусі з Расіяй. Вядомы беларускі трэнер Міхаіл Захараў падзяліўся сваімі ўражаннямі аб матчы з амерыканцамі і расказаў, чаго чакае ад маючай адбыцца сустрэчы з дзеючымі чэмпіёнамі свету.


"Зборная Беларусі па хакеі доўга ішла да гэтага поспеху. Вельмі рады за хакеістаў, яны паказалі сябе сапраўднымі прафесіяналамі. Рады за капітана Аляксея Калюжнага, братоў Касціцыных, Аляксандра Кітарава - усе малайцы. Вельмі нядрэнна праявіў сябе галкіпер беларусаў Кевін Лаланд, усё рабіў упэўнена і без мітусні. Наперадзе матч з Расіяй. Упэўнены, зборная Беларусі пазмагаецца. Шчыра кажучы, быў здзіўлены, калі расіяне прайгралі амерыканцам. У нашых усходніх суседзяў такія зоркі ў камандзе, а ў ЗША хоць і знакамітыя, але маладыя ігракі. У матчы, які завяршыўся паражэннем Расіі ад ЗША 4:2, зборныя быццам світарамі памяняліся. Беларусам давядзецца няпроста ў маючым адбыцца 9 мая матчы з чэмпіёнамі свету, якія выйгралі залатыя медалі год таму ў Мінску, але каманда Дэйва Льюіса паказала ўжо на турніры ў Чэхіі, што ўмее выціскаць максімум са сваіх магчымасцей", - адзначыў Міхаіл Захараў.


Матч Беларусь - Расія ў Остраве пачнецца ў 13.15. "Беларусь-2" правядзе прамую трансляцыю сустрэчы.

Поўная версія