Поўная версія
Алег Такун

Дапамогу па беспрацоўі - павысіць, страхаванне ад беспрацоўя - укараніць

Каментарыі 21.11.2016 | 16:37
Алег Такун Алег Такун Начальнік упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны

Пытанне аб неабходнасці прыняцця мер па абароне работнікаў ад беспрацоўя дыскутуецца ў Беларусі ўжо не першы год. Але апошнім часам яно знаходзіцца ў зоне павышанай увагі дзяржавы і грамадства ў сувязі з існуючай на рынку працы сітуацыяй, у першую чаргу з-за наступстваў фінансавых і эканамічных праблем апошніх гадоў. Аб тым, якія перспектывы павышэння памеру дапамогі па беспрацоўі і для якіх катэгорый, ці з'явіцца ў Беларусі сістэма страхавання ад беспрацоўя і які міжнародны вопыт у гэтай сферы, расказаў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алег Такун.

Падтрымка людзей, якія страцілі работу па аб'ектыўных прычынах, шырока распаўсюджана ў свеце пры неспрыяльнай эканамічнай кан'юнктуры і з'яўляецца элементам сістэмы мер па стабілізацыі сітуацыі. "У большасці замежных краін сістэмы страхавання па беспрацоўі існуюць амаль шэсць дзесяцігоддзяў, а ў Даніі яны пачалі рэалізоўвацца яшчэ ў 1907 годзе, - сказаў Алег Такун. - Прыняцце або перагляд праграм страхавання па беспрацоўі часта звязаны з рэгіянальнымі або міжнароднымі крызісамі. Напрыклад, ЗША і Канада ўвялі свае сістэмы ў 1935 і 1940 гадах адпаведна ў адказ на Вялікую дэпрэсію 1930-х. Праграмамі страхавання ад беспрацоўя ў розных краінах ахопліваецца да 80 працэнтаў занятага насельніцтва".

У кожнай краіне - свая сістэма страхавання па беспрацоўі, яна залежыць ад агульнай сітуацыі, асаблівасцей беспрацоўя, характарыстык рынку працы і інш. "Але ні адна сістэма страхавання па беспрацоўі, як бы добра яна ні была распрацавана, не можа вырашыць праблему беспрацоўя ў цэлым. Мэта страхавання па беспрацоўі - забеспячэнне часовага і частковага замяшчэння даходу застрахаванай асобы, якая страціла работу, у перыяд пошуку новай занятасці", - адзначыў субяседнік.

Паводле даных Міжнароднай арганізацыі працы (МАП), у свеце налічваецца больш як 70 краін, якія забяспечваюць у той ці іншай форме выплату дапамог па беспрацоўі, у тым ліку і Беларусь. Аднак дзеючая цяпер у нашай краіне сістэма матэрыяльнай падтрымкі беспрацоўных не забяспечвае грамадзянам, якія страцілі работу, пакрыццё страчанага заработку (магчымы максімальны памер дапамогі па беспрацоўі - Br42, сярэдні памер - Br21). Дарэчы, фінансуюцца расходы па ўтрыманні беспрацоўных выключна з бюджэту дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва за кошт агульных сродкаў, што накіроўваюцца на сацыяльнае страхаванне, паколькі асобны тарыф не прадугледжаны.

Пытанні павышэння дапамогі па беспрацоўі актуальныя і для Беларусі. Так, на некаторых прадпрыемствах рэспублікі змяншаюцца аб'ёмы рэалізаванай прадукцыі, павялічваюцца складскія запасы, немалая колькасць прадпрыемстваў стратныя, адзначаюцца значныя аб'ёмы вымушанай няпоўнай занятасці і прастояў па віне наймальніка. Акрамя таго, паводле даных маніторынгу, які праводзіцца Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны, залішняя колькасць персаналу арганізацый перавышае 5 працэнтаў. Каб гэтыя прадпрыемствы пачалі працаваць эфектыўна, не абысціся без іх рэструктурызацыі і аптымізацыі колькасці работнікаў. І значыць, неабходны мерапрыемствы па ўзмацненні сацыяльнай абароны беспрацоўных. Такія меры прадугледжаны праграмнымі дакументамі, у тым ліку і прапрацоўка пытання аб увядзенні страхавання ад беспрацоўя.

У якасці пераходнай ступені да сістэмы страхавання прапануецца павысіць памер дапамогі па беспрацоўі асобным катэгорыям беспрацоўных. Гэта мера разлічана на кароткатэрміновы перыяд - да моманту фарміравання страхавога фонду ад беспрацоўя і накаплення неабходнай колькасці сродкаў. Так, плануецца павысіць дапамогу па беспрацоўі да 100 працэнтаў бюджэту пражытачнага мінімуму (БПМ) звольненым у сувязі са скарачэннем колькасці або штату работнікаў, да 50 працэнтаў БПМ - іншым работнікам, звольненым па ўважлівых прычынах.

Адпаведны праект указа распрацаваны Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны, падтрыманы Міністэрствам эканомікі і Міністэрствам фінансаў. У рэспубліканскім бюджэце запланаваны неабходныя фінансавыя рэсурсы.

У адпаведнасці з падпраграмай "Садзейнічанне занятасці насельніцтва" Дзяржаўнай праграмы аб сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці насельніцтва на 2016-2020 гады Навукова-даследчы інстытут працы распрацоўвае мадэль развіцця ў Беларусі сістэмы страхавання ад беспрацоўя.

Па даручэнні ўрада створана міжведамасная рабочая група для выпрацоўкі прапаноў аб стварэнні сістэмы страхавання ад беспрацоўя і яе прымяненні з 2018 года, а таксама аб мэтазгоднасці ўвядзення ў рэспубліцы, улічваючы міжнародны вопыт, сістэмы страхавання рызыкі нявыплаты заработнай платы пры банкруцтве арганізацыі. У рабочую групу ўключаны прадстаўнікі міністэрстваў працы і сацабароны, эканомікі, фінансаў, Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і прадстаўнікоў наймальнікаў. Прапановы павінны быць прадстаўлены ў Савет Міністраў да 1 лютага 2017 года.

Ужо адбылося некалькі пасяджэнняў рабочай групы. "Ні прадстаўнікі дзяржаўных органаў, ні прадстаўнікі прафсаюзаў і аб'яднанняў наймальнікаў не аспрэчваюць неабходнасці стварэння ў бліжэйшы час сістэмы абавязковага страхавання ад беспрацоўя", - падкрэсліў Алег Такун. Рабочая група разглядае некалькі розных мадэлей страхавання ад беспрацоўя.

Паводле папярэдніх разлікаў, сумарны ўклад наймальніка і работніка на ўзроўні 0,45 працэнта ад фонду заработнай платы дасць магчымасць забяспечыць патэнцыяльных атрымальнікаў страхавых дапамог па беспрацоўі на ўзроўні 50-70 працэнтаў страчанага заработку ў выпадку, калі сродкі страхавання будуць накапляцца не менш як 12 месяцаў з моманту ўкаранення сістэмы страхавання ад беспрацоўя без выплаты з гэтых сродкаў страхавых дапамог.

Да канца бягучага года разлікі расходаў і даходаў сродкаў страхавання ад беспрацоўя будуць удакладнены на падставе доўгатэрміновага (на 10 гадоў) прагнозу патэнцыяльнай колькасці атрымальнікаў страхавой дапамогі па беспрацоўі і на падставе прагнозу сярэдняспісачнай колькасці работнікаў, якія фарміруюць за кошт сваіх адлічэнняў сродкі (даходы) страхавання ад беспрацоўя.

"Пры выбары аптымальнай мадэлі неабходна вырашыць шэраг пытанняў, - падкрэсліў субяседнік. - Зразумела, што для атрымання права на дапамогу па беспрацоўі павінны быць выкананы пэўныя ўмовы. Па-першае, работнік павінен быць застрахаваны на апошнім рабочым месцы, і за яго павінны паступаць узносы. Па-другое, на выплату дапамогі можа паўплываць прычына скасавання працоўнага кантракта, напрыклад, ці звольніўся работнік па ўласным жаданні, ці быў звольнены. Па-трэцяе, абавязковым патрабаваннем застанецца рэгістрацыя ў дзяржаўнай службе занятасці. І, безумоўна, захаваюцца патрабаванні актыўнага пошуку работы або ўдзелу ў праграмах перанавучання (дарэчы, яны цяпер абавязковыя ў большасці краін)".

На яго думку, гэтыя патрабаванні - абавязковая ўмова для эфектыўнага функцыянавання сістэмы страхавання па беспрацоўі, асабліва калі памер дапамогі параўнальна высокі. Высокая дапамога павінна суправаджацца строгімі патрабаваннямі, дадаў ён.

У Беларусі арганізавана сацыялагічнае апытанне работнікаў і наймальнікаў, вынікі якога дадуць магчымасць ацаніць гатоўнасць насельніцтва да ўкаранення сістэмы страхавання ад беспрацоўя. Вынікі апытання будуць прааналізаваны да канца бягучага года.

Сістэма страхавання па беспрацоўі ў цэлым дае магчымасць забяспечыць прымальныя ўмовы жыцця для значнай часткі беспрацоўных і іх сем'яў і дае нейкі час для пошуку новага месца работы. З улікам дадатковых сацыяльных ільгот, у прыватнасці сямейных дапамог, жыллёвых субсідый, узровень пакрыцця даходаў сям'і беспрацоўнага, асабліва ў ніжняй частцы спектра рабочай сілы па даходах, можа дасягаць 70-90 працэнтаў страчанага заработку.

Алена ПРУС,

БЕЛТА.-0-

Поўная версія