Поўная версія

Андрэй Панасенка: У Беларусі ўсе ўдзельнікі будаўнічага працэсу абавязаны праходзіць атэстацыю

Каментарыі 04.04.2014 | 19:50

У Беларусі прыняты шэраг мер па стабілізацыі будгаліны, дзякуючы гэтаму рынак будаўнічых паслуг стаў больш празрыстым і зразумелым. Яшчэ адным рашэннем, якое дасць магчымасць ачысціць згаданую сферу ад нядобрасумленных ігракоў, стане павышэнне прафесійных патрабаванняў да ўсіх удзельнікаў будаўнічага працэсу. У сувязі з гэтым беларускі ўрад вырашыў увесці новыя правілы паводзін на рынку будаўнічых паслуг - цяпер арганізацыям галіны, ды і самім удзельнікам будпрацэсу, давядзецца праходзіць атэстацыю. Гэта норма ўстаноўлена ўказам Прэзідэнта нумар 26 ад 14 студзеня 2014 года і пастановай Савета Міністраў нумар 252 ад 21 сакавіка. Аб тым, якім чынам яна будзе ажыццяўляцца, якая арганізацыя зоймецца гэтым і як будзе наладжана гэта работа ў рэгіёнах, карэспандэнту БЕЛТА расказаў намеснік дырэктара - начальнік Рэспубліканскага цэнтра кіравання якасцю ў будаўніцтве інжынернага РУП "Белбудцэнтр" Андрэй Панасенка.


ПРЫЧЫНА НОВАЎВЯДЗЕННЯ


На рэспубліканскай нарадзе па вырашэнні праблемных пытанняў у будаўнічай галіне і ўдасканаленні работы з кіруючымі кадрамі, якая адбылася 10 снежня мінулага года, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў увесці ў краіне кантроль допуску арганізацый і спецыялістаў на рынак будаўнічых паслуг. Затым указам нумар 26 "Аб мерах па ўдасканаленні будаўнічай дзейнасці" ад 14 студзеня 2014 года было даручана Савету Міністраў да 1 красавіка зацвердзіць палажэнні аб атэстацыі юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, а таксама кіраўнікоў, спецыялістаў арганізацый, якія ажыццяўляюць дзейнасць у архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай галіне, выкананне работ па абследаванні будынкаў і збудаванняў. Адпаведныя дакументы былі распрацаваны Міністэрствам архітэктуры і будаўніцтва і зацверджаны пастановай Саўміна нумар 252 "Аб некаторых пытаннях атэстацыі юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія ажыццяўляюць дзейнасць у галіне будаўніцтва". Такім чынам, у краіне вызначаны парадак правядзення атэстацыі.


Раней у Беларусі, пасля адмены з 1 студзеня 2011 года ліцэнзавання ў будаўнічай галіне, патрабаванні да праектных, інжынерных арганізацый і арганізацый, якія выконваюць даследчыя работы, абследаванне будынкаў і збудаванняў, не прад'яўляліся. "Цяпер усе арганізацыі, якія выконваюць гэтыя віды работ, павінны прайсці абавязковую атэстацыю. Прычына такога рашэння простая. Раней нядобрасумленныя юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі ўступалі ў тэндарную барацьбу з вялікімі інстытутамі і адкрыта заніжалі вартасць сваіх паслуг. У выніку яны перамагалі, але часта няякасна выконвалі работу, выпраўляць якую даводзілася ўсё тым жа інстытутам. Каб выключыць з рынку нядбайных удзельнікаў будаўнічага працэсу і спыніць несправядлівую канкурэнцыю, і прадугледжана ўвядзенне атэстацыі", - растлумачыў Андрэй Панасенка.


Аднак не варта да гэтага ставіцца як да спробы ўскладніць жыццё айчынным арганізацыям. Гэта жаданне зрабіць рынак будаўнічых паслуг больш цывілізаваным, магчымасць спыніць праявы нядобрасумленнай канкурэнцыі. Акрамя таго, гэта дасць магчымасць павысіць узровень прафесіяналізму спецыялістаў будаўнічага комплексу, паколькі атрыманне атэстата - гэта пацвярджэнне наяўнасці пэўных ведаў і вопыту работы. У адваротным выпадку спецыяліст будзе абавязаны прайсці спецыяльнае навучанне і павысіць сваю кваліфікацыю, падкрэсліў эксперт.


АТЭСТАЦЫЯ ПЕРСАНАЛУ


У Расіі, Казахстане, Украіне, Беларусі і шэрагу іншых краін працэдура атэстацыі персаналу існавала. Напрыклад, у Расіі Адзіная сістэма атэстацыі кіраўнікоў і спецыялістаў будаўнічага комплексу дзейнічае з красавіка 2011 года на базе Нацыянальнага аб'яднання будаўнікоў. Ва Украіне аналагічная сістэма ўведзена з мая 2011 года, у Казахстане - са студзеня 2012 года. У Беларусі сістэма атэстацыі дзейнічае з лістапада 2003 года, базавай арганізацыяй Мінбудархітэктуры ў гэтай галіне з'яўляецца РУП "Белбудцэнтр". Прадпрыемства атэстуе спецыялістаў больш чым 80 розных катэгорый і спецыялізацый будгаліны. Гэта кіраўнікі службы заказчыка, інжынеры па тэхнічным наглядзе, спецыялісты па абследаванні будынкаў і збудаванняў, галоўныя інжынеры, майстры, прарабы будаўнічых арганізацый, галоўныя інжынеры і галоўныя архітэктары праектаў і гэтак далей. Цяпер пашыраны пералік спецыялістаў, якім неабходна праходзіць атэстацыю, у яго ўключаны кіраўнікі праектаў, спецыялісты, якія ажыццяўляюць інжынерныя пошукі для будаўніцтва, і іншыя.


Усяго "Белбудцэнтр" пачынаючы з лістапада 2003 года атэставаў больш за 56 тыс. спецыялістаў, дзеючыя атэстаты на гэты час маюць звыш 29 тыс. чалавек. Гэта тыя шчасліўцы, якія могуць пакуль не думаць аб праходжанні абавязковай атэстацыі, паколькі тэрмін дзеяння выдадзенага ім атэстата (5 гадоў) яшчэ не скончыўся, адзначыў Андрэй Панасенка.


Рашэнне аб выдачы атэстата будзе прымаць Мінбудархітэктуры, а сам дакумент падпісваць міністр архітэктуры і будаўніцтва або ўпаўнаважаная ім службовая асоба. Завярацца дакумент будзе гербавай пячаткай міністэрства.


Што датычыцца персанальнай адказнасці ўдзельнікаў будаўнічага працэсу, то яна будзе больш строгай. Так, калі раней інспекцыі Дзяржбуднагляду пры сістэматычных парушэннях патрабаванняў тэхнічных нарматыўных прававых актаў пры будаўніцтве аб'ектаў маглі ўносіць у "Белбудцэнтр" прапанову аб спыненні дзеяння кваліфікацыйных атэстатаў, то цяпер плануецца, што яны будуць уносіць у Мінбудархітэктуры такія прапановы, калі ўладальнікі атэстатаў неаднаразова на працягу года прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне патрабаванняў ТНПА ў галіне архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці або патрабаванняў праектнай дакументацыі пры выкананні будаўніча-мантажных работ. У хуткім часе такім правам надзеляць і органы дзяржаўнай экспертызы, якія будуць адсочваць дзейнасць праектных арганізацый Беларусі. "Цяпер дзеянне кваліфікацыйнага атэстата будзе не проста прыпыняцца, а спыняцца. У такім выпадку прэтэндэнт можа разлічваць на допуск да атэстацыі толькі пасля праходжання ім курсаў павышэння кваліфікацыі", - растлумачыў эксперт.


Да асноўных крытэрыяў допуску да здачы экзамену адносяцца наяўнасць спецыяльнасці, якая адпавядае заяўленай для атэстацыі, і неабходнага стажу работы. Аднак для такіх спецыяльнасцей, як галоўны інжынер і галоўны архітэктар праектаў, спецыяліст па абследаванні будынкаў і збудаванняў, уводзіцца дадатковае патрабаванне - вопыт праектавання аб'ектаў або абследавання будынкаў і збудаванняў пэўнага класа складанасці. Пры гэтым спецыялісту неабходна прадставіць дакументы, якія пацвярджаюць стаж і вопыт работы.


АТЭСТАЦЫЯ АРГАНІЗАЦЫЙ


Атэстацыя арганізацый у Беларусі цяпер абавязковая, калі яны ажыццяўляюць праектную, пошукавую, горадабудаўнічую дзейнасць, выконваюць функцыі заказчыка, прадастаўляюць інжынерныя паслугі або займаюцца абследаваннем і будаўніцтвам аб'ектаў 1-4 класаў складанасці. "Гэта норма прызначана паставіць бар'ер на шляху нядобрасумленных выканаўцаў, а ў выніку - няякаснай будаўнічай прадукцыі", - лічыць начальнік рэспубліканскага цэнтра кіравання якасцю ў будаўніцтве.


Рашэнне аб выдачы атэстата арганізацыі, таксама як і ў выпадку з персаналам, прымае Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва. Сам дакумент таксама будзе падпісваць міністр або ўпаўнаважаная ім службовая асоба. Атэстаты будуць дзяліцца на чатыры катэгорыі, і для кожнай з іх устанаўліваецца клас складанасці будынкаў і збудаванняў, па якім будзе дадзена права выконваць работы або аказваць паслугі. Як адзначыў Андрэй Панасенка, будаўнічым арганізацыям атэстаты адпаведнасці будуць даваць права выступаць у якасці генеральнага падрадчыка, падрадчыка і субпадрадчыка, а праектным - у якасці генеральнага праекціроўшчыка, праекціроўшчыка і субпраекціроўшчыка.


Асноўныя патрабаванні для атрымання атэстата - наяўнасць кваліфікаванага персаналу, вопыту выканання работ на аб'ектах пэўнага класа складанасці, вытворчых фондаў (для будаўнічых арганізацый) і гэтак далей. Спатрэбяцца станоўчыя водгукі заказчыкаў або рэкамендацыі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і (або) мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў улады. Праектным арганізацыям можна таксама прадастаўляць водгукі органаў Дзяржэкспертызы, а бударганізацыям - Дзяржбуднагляду. Акрамя таго, будаўнічым арганізацыям будзе вызначана мінімальная колькасць персаналу, якая дасць магчымасць ім выконваць неабходныя віды работ.


"Аднак гэта не значыць, што ўсе павінны быць атэставаны. Атрымаць атэстат павінны толькі тыя арганізацыі, якія маюць намер прапаноўваць свае паслугі пры будаўніцтве аб'ектаў 1-4 узроўняў складанасці, гэта значыць больш складаныя і сур'ёзныя будынкі і збудаванні. Узвядзенне аб'ектаў пятага ўзроўню - аднакватэрныя жылыя дамы вышынёй да 7 м, часовыя будынкі і збудаванні, садовыя домікі, гаспадарчыя пабудовы на прысядзібных, садовых і дачных участках і гэтак далей - могуць выконвацца і сіламі невялікіх кампаній без наяўнасці абавязковай атэстацыі", - растлумачыў Андрэй Панасенка.


ДЗЕ І ЯК?


Праводзіць атэстацыю юрыдычных асоб, індывідуальных прадпрымальнікаў і персаналу, які выконвае работы ў галіне будаўніцтва, будзе РУП "Белбудцэнтр", якое раней ажыццяўляла выдачу ліцэнзій. Для атэстацыі персаналу спецыялісту першапачаткова неабходна падаць дакументы асабіста або праз спецыяліста аддзела кадраў прадпрыемства. У гэты пералік уваходзяць заяўка, дакументы, якія пацвярджаюць адукацыю і стаж работы, копія пасведчання аб павышэнні кваліфікацыі, дзве фатаграфіі. Затым будзе праводзіцца кваліфікацыйны экзамен на камп'ютары. Усяго ў базе больш за 11 тыс. пытанняў, па асобных спецыялізацыях атэстацыі ёсць ад 600 да 1,2 тыс. пытанняў. Пры здачы экзамену праграма выпадковым чынам выбірае 40 пытанняў з розных тэматычных блокаў, на якія неабходна даць адказ на працягу гадзіны. Для станоўчага выніку камп'ютарнага тэсціравання трэба даць правільныя адказы не менш як на 80 працэнтаў пытанняў. "Для азнаямлення з кваліфікацыйнымі патрабаваннямі да атэстуемых юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў дастаткова зайсці на сайт "Белбудцэнтр", дзе размешчаны неабходныя нарматыўныя дакументы і ўзоры форм для запаўнення асобна для кожнай катэгорыі атэстацыі. На сайце таксама вядзецца электронная рэгістрацыя на праходжанне атэстацыі", - дадаў эксперт.


Для рэгіянальных прадпрыемстваў гэты момант таксама прадуманы. Каб не было праблем і не ствараць ажыятажу, у абласных цэнтрах створаць рэгіянальныя прадстаўніцтвы "Белбудцэнтра". Яны будуць ўпаўнаважаны прымаць дакументы і праводзіць электроннае тэсціраванне. "Рэгіянальным прадпрыемствам не трэба будзе спецыяльна прыязджаць у беларускую сталіцу, мы арганізуем гэту работу на месцах, тым больш адпаведны вопыт у нас ужо напрацаваны", - падкрэсліў намеснік дырэктара.


ПЕРСПЕКТЫВЫ І ПЛАНЫ


Згодна з указам нумар 26 ад 14 студзеня гэтага года, якім удасканалена дзейнасць у будаўнічай галіне краіны, арганізацыі, якія прэтэндуюць на будаўніцтва аб'ектаў першага класа складанасці, могуць праходзіць атэстацыю з 1 красавіка 2014 года, другога класа - з 1 ліпеня, трэцяга класа - з 1 кастрычніка, чацвёртага класа складанасці - з наступнага года. Такім чынам, гэты год стане пераходным этапам, а з 1 студзеня 2015 года ў Беларусі будзе дзейнічаць сістэма атэстацыі ў поўным аб'ёме.


Таксама Андрэй Панасенка паведаміў, што падрыхтавана пастанова Мінбудархітэктуры, якой вызначаны крытэрыі ацэнкі атэстуемых арганізацый і спецыялістаў. Цяпер гэты дакумент знаходзіцца на экспертызе ў Міністэрстве юстыцыі.


Гаворачы аб карысці атэстацыі для простых грамадзян, намеснік дырэктара "Белбудцэнтр" адзначыў, што з яе дапамогай чалавек можа пракантраляваць, наколькі наняты ім спецыяліст або арганізацыя надзейныя і здольныя якасна выконваць сваю работу. Гэта магчыма дзякуючы агульнадаступнаму Рэестру кваліфікацыйных атэстатаў кіраўнікоў і спецыялістаў будаўнічай галіны, які створаны "Белбудцэнтрам" і размешчаны ў агульным доступе на сайце гэтага прадпрыемства. У рэестры паказаны таксама статус кваліфікацыйнага атэстата: дзеючы, прыпынены або ануляваны. "У бліжэйшы час плануецца стварыць аналагічны спіс арганізацый будаўнічай галіны. Так, чалавек заўсёды зможа быць у курсе, з кім ён мае справу, перш чым заключаць са спецыялістам або арганізацыяй кантракт на выкананне тых ці іншых работ. Карысць відавочная", - рэзюмаваў Андрэй Панасенка.


Кацярына МАРКОВІЧ,
БЕЛТА.

Поўная версія