Поўная версія

Андрэй Худык: Бязвізавы рэжым садзейнічае большаму прыцягненню замежных турыстаў у Белавежскую пушчу

Каментарыі 09.09.2015 | 11:42

Беларусь становіцца ўсё больш папулярнай краінай для замежных турыстаў. На дзяржаўным узроўні прымаецца дастаткова мер, каб зрабіць больш прывабнымі беларускія турыстычныя аб'екты для замежных гасцей. Так, з 12 чэрвеня пачаў дзейнічаць бязвізавы рэжым для наведвання замежнымі гасцямі нацыянальнага парку "Белавежская пушча". Намеснік кіраўніка спраў Прэзідэнта Беларусі Андрэй Худык расказаў карэспандэнту БЕЛТА, што ў сувязі з гэтым новаўвядзеннем павялічылася колькасць замежных турыстаў, палюбавацца прыгажосцю старажытнай пушчы імкнуцца нараўне з суседзямі з Польшчы жыхары геаграфічна далёкіх Кітая, ЗША, Мексікі, Тайланда і нават мала знаёмай для нас Коста-Рыкі.


Бязвізавы парадак уезду і выезду замежных грамадзян на турыстычныя аб'екты Белавежскай пушчы праз пункт пагранічнага пропуску "Перароў-Белавежа" пачаў дзейнічаць у адпаведнасці з указам Прэзідэнта Беларусі.


Паводле слоў намесніка кіраўніка спраў Прэзідэнта, новаўвядзенне накіравана на далейшае, больш эфектыўнае выкарыстанне рэкрэацыйных магчымасцей нацыянальнага парку "Белавежская пушча". Пашырэнне сферы прадастаўляемых паслуг будзе садзейнічаць павышэнню эфектыўнасці турыстычнай дзейнасці нацыянальнага парку і фарміраванню пазітыўнага міжнароднага іміджу Беларусі.


Для арганізацыі прыёму замежных турыстаў праз пункт пропуску "Перароў-Белавежа" праведзена вялікая падрыхтоўчая работа. У ліку іншых мерапрыемстваў праводзіліся неабходныя кансультацыі з зацікаўленымі службамі МУС, Міністэрства спорту і турызму, Міністэрства юстыцыі, а таксама Дзяржаўным пагранічным камітэтам. У Польшчы сумесна з супрацоўнікамі Гайнаўскага павета была арганізавана сустрэча з удзельнікамі міжнародных праектаў, на якой ішла размова аб перавагах наведвання Белавежскай пушчы ў бязвізавым рэжыме. Заключана таксама 7 дагавораў аб супрацоўніцтве з вядучымі польскімі турфірмамі, якія выказалі гатоўнасць накіроўваць турыстаў у Беларусь на бязвізавай аснове.


Умовы для прыезду ў пушчу прадугледжаны як для індывідуальных турыстаў, так і арганізаваных груп. Праграмы для іх знаходжання ў парку прадугледжваюць не толькі аднадзённыя, але і двух-, трохдзённыя туры. Што цікава, спецыяльна для замежных турыстаў, якія прыбываюць на тэрыторыю нацыянальнага парку праз пункт пропуску "Перароў", распрацаваны новы веласіпедны маршрут пад назвай "Падарожжа па Белавежскай пушчы". Усю неабходную інфармацыю аб магчымасцях знаёмства з турыстычнымі аб'ектамі парку можна прачытаць у спецыяльнай памятцы турысту - на рускай, польскай і англійскай мовах.


Каб максімальна спрасціць бязвізавае наведванне, на сайце нацпарку "Белавежская пушча" створана старонка для запаўнення заявак замежнымі турыстамі. Ужо непасрэдна каля самога пагранічнага пераходу пачаў дзейнічаць турыстычны інфармацыйны пункт з неабходнай інфраструктурай. Дарэчы, арганізаваны і рэгулярны аўтобусны маршрут Перароў - Каменюкі - Перароў, якім з задавальненнем карыстаюцца госці.


Намеснік кіраўніка спраў Прэзідэнта звярнуў увагу на той факт, што з мэтай удасканалення турыстычнай дзейнасці нацыянальны парк прыняў удзел у міжнародным праекце "Развіццё трансгранічнага актыўнага турызму і турыстычнай галіны". Размова ідзе і аб тым, каб сумесна з польскім бокам у рамках трансгранічнага супрацоўніцтва пашырыць удзел нацпарку "Белавежская пушча" ў міжнародных турыстычных выстаўках. Напрыклад, вялікая цікавасць з боку палякаў і іншых замежных гасцей была да беларускіх турыстычных аб'ектаў, у тым ліку Белавежскай пушчы, у час выстаўкі ў польскім Любліне.


Як адзначыў Андрэй Худык, хоць новыя бязвізавыя правілы толькі нядаўна ўступілі ў сілу, імі пачалі ўжо актыўна карыстацца замежныя турысты, што сведчыць аб эфектыўнасці прынятых на дзяржаўным узроўні мер. Так, вынікі першых трох месяцаў сведчаць аб паступовым павелічэнні колькасці замежных наведвальнікаў нацыянальнага парку. Для параўнання можна прывесці некаторыя лічбы. Так, у мінулым годзе ў нацпарку пабывала больш як 136,6 тыс. замежных турыстаў, у тым ліку з далёкага замежжа амаль 3,8 тыс. іншаземцаў. Толькі за восем месяцаў гэтага года сюды прыехалі ўжо 139,7 тыс. замежных грамадзян. У тым ліку з далёкага замежжа - 4,5 тыс., з якіх змаглі скарыстацца бязвізавым рэжымам амаль 3 тыс. гасцей далёкага замежжа.


Прычым, як паказвае статыстыка апошніх месяцаў, турыстычныя аб'екты пушчы карыстаюцца папулярнасцю ў індывідуальных турыстаў і арганізаваных турыстычных груп.


Прыкладна 90 працэнтаў турыстаў, якія бязвізава прыехалі ў Белавежскую пушчу, - грамадзяне Польшчы. Бязвізавым рэжымам скарысталіся таксама жыхары Германіі, ЗША, Літвы, Латвіі, Іспаніі, Чэхіі, Швецыі, Швейцарыі, Нарвегіі, Галандыі, Вялікабрытаніі, Ізраіля, Мексікі, Кітая, Тайланда і Коста-Рыкі.


У нацыянальным парку аналізуецца статыстыка наведвання з тым, каб яшчэ больш удасканаліць работу па прыцягненні ў пушчу турыстаў.


Андрэй Худык выказаў надзею, што колькасць замежных гасцей будзе паступова павялічвацца, і ў Белавежскай пушчы, якая з'яўляецца адной з яркіх візітных картак Беларусі, пабываюць турысты з яшчэ большай колькасці краін свету.


Аліна ГРЫШКЕВІЧ,
БЕЛТА.

Поўная версія