Поўная версія

Аляксандр Якаўлеў: У Беларусі ўпершыню сталі прымяняць стваловыя клеткі ў рэабілітацыі дзяцей з ДЦП

Каментарыі 10.09.2014 | 14:16

Многія вучоныя, асабліва медыкі, з вялікай надзеяй глядзяць на стваловыя тэхналогіі, лічачы іх нараўне з нанатэхналогіямі і геннай інжынерыяй, медыцынай будучыні. Зразумела, стваловыя клеткі могуць не ўсё. Клінічна значныя вынікі пакуль дасягнуты ў лячэнні толькі невялікага пераліку захворванняў. Разам з тым ужо сёння можна сцвярджаць, што ў шэрагу выпадкаў кваліфікавана праведзеная клетачная тэрапія з'яўляецца радыкальным відам лячэння, а клінічны эфект пры гэтым можа перасягнуць дасягненні класічнай медыцыны. Якім чынам клетачныя тэхналогіі могуць дапамагчы пры ДЦП, расказаў карэспандэнту БЕЛТА галоўны ўрач Мінскага гарадскога цэнтра медыцынскай рэабілітацыі дзяцей з псіханеўралагічнымі захворваннямі, галоўны спецыяліст па дзіцячай рэабілітацыі Міністэрства аховы здароўя Беларусі Аляксандр Якаўлеў.


Дзіцячы цэрэбральны параліч лічыцца адным з найбольш сур'ёзных інвалідызіруючых неўралагічных захворванняў у дзяцей. Пры ДЦП назіраецца непрагрэсіруючае пашкоджанне цэнтральнай нервовай сістэмы, якое праяўляецца рухальнымі парушэннямі (парэзамі і паралічамі, міжвольнымі рухамі, парушэннем раўнавагі), парушэннем маўлення, часам інтэлектуальнымі расстройствамі, эпілепсіяй.


Паводле статыстычных даных, ва ўсім свеце двое з тысячы народжаных маюць дзіцячы цэрэбральны параліч. У Беларусі 70-80 працэнтаў дзяцей-інвалідаў маюць захворванні нервовай сістэмы, у тым ліку ДЦП. Дакладную прычыну развіцця захворвання ўстанавіць пакуль немагчыма, як, урэшце, знайсці эфектыўны метад лячэння. "Калі б сёння нехта прапанаваў спосаб лячэння праблемы дзіцячага цэрэбральнага паралічу, гэта быў бы нобелеўскі лаўрэат", - лічыць Аляксандр Якаўлеў.


"Мы першыя ў Беларусі і адны з першых на постсавецкай прасторы зрабілі спробу выкарыстоўваць мезенхімальныя стваловыя клеткі ў комплекснай рэабілітацыі дзяцей з цэрэбральным паралічам. Гэта адносна новы від тэрапіі, які заключаецца ў тым, што ў арганізм хворага дзіцяці ўводзяцца стваловыя клеткі, а потым праводзіцца комплекс рэабілітацыі. Аналагічнае ўжо выкарыстоўваюць у Кітаі, Канадзе і Расіі", - расказаў галоўны ўрач.


Прымяняць новую методыку ў цэнтры медыцынскай рэабілітацыі дзяцей пачалі ў канцы чэрвеня. Першай пацыенткай была дзяўчынка Ліза. Ёй правялі тэрапію стваловымі клеткамі ад маці і атрымалі добры вынік. У дзяўчынкі палепшылася паходка, павысілася вынослівасць і рухальная актыўнасць. Цяпер курс рэабілітацыі чакаюць яшчэ двое дзяцей. "Мы прадаўжаем фарміраваць групу. На першым этапе запланавана адабраць 15 чалавек - у кожнага чакаем паляпшэння ў рухальнай актыўнасці. Магчыма павышэнне і разумовага ўзроўню", - адзначыў Аляксандр Якаўлеў.


Новая методыка - гэта сімбіёз навуковай і практычнай медыцыны. РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі бярэ матэрыял і расціць на спецыяльным асяроддзі стваловыя клеткі. У якасці донара можа стаць любы здаровы чалавек, аднак чым маладзейшы донар, тым больш актыўна расце "будаўнічы матэрыял". Мінскі гарадскі цэнтр медыцынскай рэабілітацыі дзяцей з псіханеўралагічнымі захворваннямі ўводзіць гэтыя клеткі хвораму дзіцяці за два этапы: спачатку ўнутрывенна, а потым эндалюмбальна (у спіннамазгавы канал). Затым спецыялісты цэнтра праводзяць рэабілітацыю. Кафедра дзіцячай неўралогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі ажыццяўляе навуковае суправаджэнне, абгрунтоўвае, вызначае паказанні, проціпаказанні.


Паводле слоў галоўнага ўрача цэнтра медыцынскай рэабілітацыі дзяцей з псіханеўралагічнымі захворваннямі, апошнім часам учасціліся просьбы бацькоў адправіць іх дзяцей з ДЦП за мяжу на стваловыя клеткі. Каштуе такая паслуга ад $15 тыс. да $30 тыс. У залежнасці ад аб'ёму, шпіталя, краіны. Аднак вынік ніхто не гарантуе. Нярэдкія выпадкі, калі тэрапію праводзяць у паўпадвальных памяшканнях пры дапамозе сумніўнай тэхналогіі. Трэба адзначыць, што сусветныя спробы зменшыць паказчык захваральнасці не прывялі нават да нязначнага яго зніжэння. Варта прызнаць, што гэта малакіруемая праблема.


У Беларусі амаль 5 тыс. дзяцей маюць ДЦП. "Узнікае пытанне: няўжо мы ўсім зможам дапамагчы? Трэба вельмі цвяроза глядзець на рэчы. Дзетак адбіраем па пэўных крытэрыях: узрост, форма захворвання і ступень цяжкасці. Мы бяром дзяцей ва ўзросце ад 6 да 12 гадоў, якія няхай дрэнна, але ходзяць і маюць захоўныя кагнітыўныя функцыі", - паведаміў спецыяліст. Такія абмежаванні ўводзяцца з мэтай ацаніць канчатковы вынік. "На гэтым этапе мы праводзім рэабілітацыю ў ходзе навукова-даследчай работы, таму павінны быць дакладныя паказанні, проціпаказанні, павінна быць распрацавана методыка, сістэма ацэнкі і верыфікацыі вынікаў. Для гэтага мы вымушаны звузіць групу дзяцей", - адзначыў Аляксандр Якаўлеў.


"Нельга сказаць, што мы вылечым дзіця. Калі лячэнне мае на ўвазе радыкальны падыход (лячыў і вылечыў), то ў выніку рэабілітацыі адбываецца паляпшэнне пэўных функцый. Каб атрымаць вынік, трэба сфакусіравацца на адной праблеме. У нашым выпадку мы сканцэнтравалі свае сілы і ўвагу менавіта на рухальнай функцыі. Задачу развіцця разумовага ўзроўню мы не ставім, хоць паляпшэння гэтага паказчыка не выключаем", - растлумачыў галоўны ўрач.


"Мы структурна аднаўляем дэфект, аднак трэба добра разумець, што ад ін'екцый (нават стваловых клетак) дзіця не стане правільна рухацца, яго яшчэ трэба гэтаму навучыць. Пасля правядзення клетачнай тэрапіі мы займаемся з ім рэабілітацыяй, як з іншымі дзецьмі. Вынік значна лепшы за кошт новых здаровых нейронаў, якія ўзялі на сябе функцыю пашкоджаных", - растлумачыў спецыяліст. Як вядома, стваловыя клеткі - гэта недыферэнцыраваны "будаўнічы матэрыял", які пры ўвядзенні ў арганізм знаходзіць зону пашкоджання і фіксуецца там, выконваючы страчаную функцыю. Такая з'ява атрымала назву хоўмінг.


Як расказаў Аляксандр Якаўлеў, нельга сказаць, што заўтра настане прарыў у лячэнні ДЦП і праблема знікне. Сёння аб гэтым размова не ідзе. Задача вылечыць хворых на цэрэбральны параліч дзяцей не ставіцца. Ёсць задача рэабілітаваць. Кожны з бацькоў папярэджаны, што гэта методыка выкарыстоўваецца ўпершыню ў Беларусі. "Пакуль размова ідзе нават не аб вынаходстве новага метаду, а толькі аб станоўчым вопыце выкарыстання новай, упершыню прымененай методыкі, праўда, абнадзейлівай методыкі. Гарантый нікому не абяцаем. Мы займаемся гэтым у ходзе навукова-даследчай работы", - растлумачыў Аляксандр Якаўлеў.


На думку абывацеляў, рэабілітацыя - гэта выключна масаж, ЛФК. Аднак сёння прымяняюцца сучасныя высокатэхналагічныя метады - экзашкілеты, робататэхніка. "Так, гэта затратныя, але высокаэфектыўныя методыкі. Яны, дарэчы, выкарыстоўваюцца не толькі для рэабілітацыі дзяцей з ДЦП. Актуальны яны і пры траўмах, ДТЗ, інсультах, інфарктах", - заўважыў спецыяліст.


Напрыклад, локаматорная трэніроўка - методыка з выкарыстаннем даволі вялікай колькасці паўтораў. Дзіця змяшчаецца ў спецыяльнае ўстройства, на ніжнія канечнасці адзяваюць артэзы. Раней гэту функцыю выконвалі інструктары ЛФК, якія вучылі дзіця хадзіць, фарміравалі ў яго рухальны стэрэатып, правільную паходку. Цяпер гэту функцыю выконвае робат, які прыстасоўваецца да тыпу паходкі пацыента. У Мінскім гарадскім цэнтры медыцынскай рэабілітацыі дзяцей з псіханеўралагічнымі захворваннямі такі апарат ёсць.


Як расказаў галоўны ўрач, у свой час цэнтр першым у Беларусі пачаў выкарыстоўваць для рэабілітацыі пацыентаў з ДЦП КВЧ-тэрапію, методыку дынамічнай прапрыяцэптыўнай карэкцыі (лячэбны касцюм "Адэлі"), "мяккае" шыніраванне, этапныя гіпсавыя павязкі. Усе гэтыя методыкі прызнаны ў свеце. У стандарты рэабілітацыі дзяцей з цэрэбральным паралічам уваходзяць толькі два лекавыя сродкі, якія даказалі сваю эфектыўнасць з пазіцыі доказнай медыцыны: батулатаксін і баклафен (у выглядзе баклафенавых помпаў). Яны таксама выкарыстоўваюцца ў нас у краіне.


"Вельмі спадзяёмся, што новая медыцынская тэхналогія дасць магчымасць павысіць якасць рэабілітацыйных мерапрыемстваў і палепшыць якасць жыцця маленькіх пацыентаў", - рэзюмаваў Аляксандр Якаўлеў.


Святлана ВАСІЛЕЎСКАЯ,
БЕЛТА.

Поўная версія