Поўная версія

Алена Прус: Сям'я можа рэалізаваць права на назначэнне сямейнага капіталу адзін раз

Каментарыі 12.12.2014 | 18:55

У Беларусі з 1 студзеня 2015 года ўступае ў сілу ўказ "Аб дадатковых мерах дзяржаўнай падтрымкі сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей", ён накіраваны на стымуляванне нараджальнасці другіх і наступных дзяцей у сем'ях. Трэба адзначыць, што ў краіне дзейнічае і пастаянна ўдасканальваецца сістэма мер падтрымкі сем'яў з дзецьмі. У многім дзякуючы ёй у рэспубліцы дасягнуты самыя высокія паказчыкі нараджальнасці за апошнія 20 гадоў. Важнейшай задачай наступнага пяцігоддзя з'яўляецца дасягненне стабільнай колькасці насельніцтва, павышэнне яго якасных характарыстык і ўсебаковае развіццё чалавечага патэнцыялу. І, безумоўна, ва ўмовах існуючай дэмаграфічнай сітуацыі неабходны далейшыя меры падтрымкі сем'яў. Паколькі менавіта матэрыяльны фактар часта дыктуе рэпрадуктыўныя паводзіны: людзі адважваюцца на нараджэнне дзіцяці або адкладваюць здзяйсненне свайго жадання мець вялікую сям'ю, зыходзячы са сваіх магчымасцей забяспечыць дзецям дастойныя ўмовы - размова ідзе аб жыллі, адукацыі, лячэнні і г.д. У гэтым сэнсе сямейны капітал, новая дапамога і падтрымка ў вырашэнні жыллёвай праблемы - галоўныя навацыі ўказа - маюць і тактычнае, і стратэгічнае значэнне.


Указам зацверджаны Палажэнне аб аднаразовым прадастаўленні сем'ям безнаяўных грашовых сродкаў пры нараджэнні, усынаўленні (удачарэнні) трэцяга або наступных дзяцей і Палажэнне аб парадку назначэння і выплаты штомесячнай дапамогі сем'ям на дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў у перыяд выхавання дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў. У іх рэгламентаваны парадак і ўмовы прадастаўлення новых відаў дзяржпадтрымкі.


КОЛЬКІ, КАМУ І НА ШТО?


Такім чынам, сямейны капітал - гэта безнаяўныя грашовыя сродкі ў памеры $10 тыс. Яны прадастаўляюцца сем'ям для выкарыстання ў Беларусі ў поўным аб'ёме або па частках у безнаяўным парадку. Гэтыя грошы можна будзе выкарыстоўваць па адным або некалькіх напрамках: паляпшэнне жыллёвых умоў; атрыманне адукацыі; атрыманне паслуг у сферы сацыяльнага абслугоўвання, аховы здароўя; фарміраванне накапляльнай (дадатковай) пенсіі маці (мачахі) у поўнай сям'і, аднаго з бацькоў у няпоўнай сям'і. Сродкі сямейнага капіталу не могуць расходавацца на іншыя мэты, інакш яны падлягаюць вяртанню. У выпадку адмовы ад добраахвотнага вяртання сродкаў сямейнага капіталу яны спаганяюцца ў судовым парадку.


Права на назначэнне сямейнага капіталу маюць грамадзяне Беларусі, якія пастаянна пражываюць у рэспубліцы: маці (мачаха) у поўнай сям'і, адзін з бацькоў у няпоўнай сям'і, усынавіцель (удачарыцель) пры нараджэнні, усынаўленні (удачарэнні) трэцяга або наступных дзяцей у перыяд з 1 студзеня 2015 года па 31 снежня 2019 года, калі з улікам народжанага, усыноўленага (удачаронага) дзіцяці (дзяцей) у сям'і выхоўваюцца не менш як тры дзіцяці ва ўзросце да 18 гадоў. Пры гэтым дата нараджэння дзіцяці павінна быць не раней за 1 студзеня 2015 года (снежаньскія нараджэнні ў гэту праграму не трапляюць). Калі ў поўнай сям'і маці (мачаха) не мае права на назначэнне сямейнага капіталу, то такое права прадастаўляецца бацьку (айчыму) пры захаванні астатніх умоў.


Трэба падкрэсліць, што сям'я можа рэалізаваць права на назначэнне сямейнага капіталу адзін раз. Напрыклад, калі ў сям'і, у якой ужо ёсць адно дзіця, народзяцца двайняты, то сума сямейнага капіталу аўтаматычна не падвоіцца. Як і пры нараджэнні наступных дзяцей у шматдзетнай сям'і ў 2015-2019 гадах.


У складзе сям'і ўлічваюцца маці (мачаха), бацька (айчым), усынавіцель (удачарыцель); дзеці ва ўзросце да 18 гадоў, якія выхоўваюцца ў сям'і, пастаянна пражываюць у Беларусі, у тым ліку ўсыноўленыя (удачароныя), пасынкі і падчарыцы. Прычым пастаяннае пражыванне дзяцей у рэспубліцы вызначаецца на дзень звароту за назначэннем сямейнага капіталу. Пры раздзельным пражываннi бацькоў, якія скасавалі шлюб або не былі ў шлюбе, дзеці ўлічваюцца ў сям'і аднаго з бацькоў, на выхаванні якога яны знаходзяцца. Калі дзеці былі ўлічаны пры назначэнні сямейнага капіталу ў адной сям'і, у іншай сям'і яны не ўлічваюцца.


Акрамя таго, у складзе сям'і не ўлічваюцца дзеці, у адносінах да якіх бацькі (адзiны з бацькоў) пазбаўлены бацькоўскіх правоў; над якімі ўстаноўлена апека (папячыцельства); адабраныя з сям'і; памерлыя; у выпадку адмовы ад іх.


За назначэннем сямейнага капіталу трэба звяртацца ў мясцовыя органы ўлады ў адпаведнасці з рэгістрацыяй па месцы жыхарства на працягу 6 месяцаў з дня нараджэння, усынаўлення (удачарэння) трэцяга або наступных дзяцей. Мясцовы выканаўчы і распарадчы орган у месячны тэрмін з дня падачы заявы прымае рашэнне аб назначэнні або адмове ў назначэнні сямейнага капіталу.


Права на распараджэнне сродкамі сямейнага капіталу ўзнікае пасля 18 гадоў з даты нараджэння дзіцяці, з'яўленне якога ў сям'і дало ёй права на назначэнне сямейнага капіталу. Урэшце, сродкі сямейнага капіталу могуць быць выкарыстаны датэрмінова ў поўным аб'ёме або па частках у безнаяўным парадку, калі якому-небудзь члену сям'і або некалькім з іх спатрэбяцца платныя медыцынскія паслугі, што аказваюцца арганізацыямі аховы здароўя.


Распараджацца сродкамі сямейнага капіталу са згоды членаў сям'і можа той, каму ён быў назначаны, або іншы паўналетні член сям'і. Калі згода паўналетніх членаў сям'і не дасягнута, то сямейны капітал размяркоўваецца паміж усімі членамі сям'і ў роўных долях. Распараджаюцца долямі сямейнага капіталу непаўналетніх членаў сям'і іх законныя прадстаўнікі.


Пры размеркаванні сродкаў сямейнага капіталу ў складзе сям'і ўлічваюцца маці (мачаха), бацька (айчым), усынавіцель (удачарыцель), якія ўлічваліся пры вызначэнні права на назначэнне сямейнага капіталу; дзеці, якія ўлічваліся пры вызначэнні права на назначэнне сямейнага капіталу, а таксама дзеці, народжаныя, усыноўленыя (удачароныя), вернутыя ў сям'ю (у сувязі з іх адабраннем без пазбаўлення бацькоўскіх правоў або ў сувязі з аднаўленнем у бацькоўскіх правах) пасля назначэння сямейнага капіталу.


АДКУЛЬ ГРОШЫ І ЯК ІМІ КІРАВАЦЬ?


Фінансаванне расходаў на выплату сямейнага капіталу ажыццяўляецца ў доларах ЗША: $10 тыс. - за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, у тым ліку дзяржаўнага мэтавага бюджэтнага фонду нацыянальнага развіцця; налічваемых працэнтаў - за кошт сродкаў, што атрымліваюць ад кіравання сродкамі сямейнага капіталу.


Сродкі сямейнага капіталу размяшчаюцца на дэпазітных рахунках грамадзян у ААТ "Ашчадны банк "Беларусбанк". Гэты банк адкрывае і вядзе дэпазітныя рахункі грамадзян, укладвае акумуляваныя сродкі ў фінансавыя інструменты адкрытага акцыянернага таварыства "Банк развіцця Рэспублікі Беларусь", уключаючы аблігацыі Банка развіцця, налічэнне і капіталізацыю працэнтаў па дэпазітных рахунках, пералік сродкаў на рахункі арганізацый, пазначаных распарадчыкам сродкаў сямейнага капіталу ў адпаведнай заяве.


Банк развіцця ажыццяўляе выплату працэнтнага даходу па фінансавых інструментах у памеры, роўным працэнтнай стаўцы па дэпазітных рахунках грамадзян, у апошні рабочы дзень года. Гэты банк фактычна кіруе сродкамі, атрыманымі ад ААТ "ААБ Беларусбанк" на прынцыпах дыверсіфікацыі і мінімізацыі рызык, у тым ліку ўкладвае сродкі ў валютаакупныя праекты, якія адбірае самастойна, забяспечвае штогадовае накіраванне часткі прыбытку ў спецыяльны фонд банка для наступнага пералічэння гэтых сродкаў у рэспубліканскі бюджэт. Фарміраванне спецыяльнага фонду ажыццяўляецца ў беларускіх рублях з наступнай канвертацыяй сродкаў у долары ЗША.


Захаванасць сродкаў сямейнага капіталу ў ААТ "ААБ Беларусбанк" гарантуецца дзяржавай.


Працэнты, налічаныя ААТ "ААБ Беларусбанк" па стаўцы, вызначанай Міністэрствам фінансаў, за перыяд знаходжання грашовых сродкаў на дэпазітным рахунку капіталізуюцца (залічваюцца на дэпазітныя рахункі грамадзян) штогод у апошні рабочы дзень года, пры поўным выпатрабаванні сродкаў сямейнага капіталу. Капіталізаваныя працэнты становяцца часткай сямейнага капіталу.


Сродкі сямейнага капіталу не пераходзяць у спадчыну, вызваляюцца ад падаходнага падатку з фізічных асоб, на іх не можа быць накіравана спагнанне. Змяненне колькаснага складу сям'і пасля назначэння сямейнага капіталу на яго памер не ўплывае.


Сродкі сямейнага капіталу, адносна якіх грамадзяне не звярнуліся з заявай аб распараджэнні імі на працягу 3 гадоў пасля спаўнення дзіцяці 18 гадоў, падлягаюць вяртанню ў даход рэспубліканскага бюджэту.


Паводле ацэнкі, за 18 гадоў сямейны капітал "пацяжэе" да $14-15 тыс.


ПРЫБАЎКА Ў ПАМЕРЫ 50 ПРАЦЭНТАЎ БПМ


Новая дапамога накіравана на падтрымку сем'яў з маленькім дзіцем, у якіх ужо ёсць адзін або некалькі непаўналетніх дзяцей. Памер гэтай штомесячнай дапамогі - 50 працэнтаў бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва (з 1 лістапада бягучага года па 31 студзеня 2015 года БПМ складае Br1 млн 396 тыс. 20).


Дапамога будзе выплачвацца сем'ям, у якіх выхоўваецца маленькае дзіця ва ўзросце да 3 гадоў, і ёсць старэйшыя дзеці - ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў. Права на дапамогу маюць маці (мачаха) або бацька (айчым), усынавіцель (удачарыцель), апякун (папячыцель), якія выхоўваюць адначасова дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў і ад 3 да 18 гадоў. Прычым пры выхаванні дваіх і больш дзяцей назначаецца і выплачваецца адна дапамога на сям'ю. Людзям, якія маюць права адначасова і на новую дапамогу, і на дапамогу на дзяцей старэйшых за 3 гады, трэба будзе выбраць, якую дапамогу яны хочуць атрымліваць (выплачваецца адзін від дапамогі).


Днём узнікнення права на новую дапамогу з'яўляецца дзень назначэння дапамогі па догляду дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў. Пры звароце за дапамогай пасля заканчэння 6 месяцаў з дня ўзнікнення права на яе дапамога назначаецца з дня звароту.


Трэба падкрэсліць, што права на назначэнне дапамогі не залежыць ад даты нараджэння дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў (да 1 студзеня 2015 года або пасля гэтай даты) і ад занятасці маці (мачахі), бацькі (айчыма), усынавiцеля (удачарыцеля), апекуна (папячыцеля).


Палажэннем вызначаны выпадкі, калі выплата дапамогі спыняецца. Гэта спыненне выплаты дапамогі па догляду дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў; пры спаўненні старэйшаму дзіцяці 18 гадоў; адмова ад дзіцяці (дзяцей); адмена ўсынаўлення (удачарэння), апекі (папячыцельства); адабранне дзіцяці (дзяцей) з сям'і; пазбаўленне атрымальніка дапамогі бацькоўскіх правоў; змяшчэнне дзіцяці (дзяцей) у дзіцячую інтэрнатную ўстанову, установу адукацыі з кругласутачным рэжымам знаходжання; выезд дзіцяці (дзяцей) за межы Беларусі на тэрмін большы за 2 месяцы; уступленне непаўналетняга ў шлюб або нараджэнне непаўналетняй маці дзіцяці.


Фінансаванне расходаў на выплату дапамогі ажыццяўляецца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту.


У праекце бюджэту на наступны год прадугледжана Br1,8 трлн на стварэнне сямейнага капіталу і Br1,6 трлн - на выплату новай штомесячнай дапамогі.


Указам таксама ўстанаўліваецца працэнтная стаўка за карыстанне льготнымі крэдытамі на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылых памяшканняў, што прадастаўляюцца ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі адкрытым акцыянерным таварыствам "Ашчадны банк "Беларусбанк" маладым сем'ям, якія маюць дваіх непаўналетніх дзяцей на дату зацвярджэння спісаў на атрыманне льготных крэдытаў, у памеры 5 працэнтаў гадавых.

Поўная версія