Поўная версія

Алена Прус: Індэкс сацыяльнага самаадчування беларускіх мужчын вышэйшы, чым жанчын

Каментарыі 05.06.2014 | 14:48
Гендарны падзел працы характэрны для ўсіх краін свету: сярод работнікаў любой галіны традыцыйна пераважаюць або мужчыны, або жанчыны, а за многімі прафесіямі трывала замацаваўся імідж жаночых або мужчынскіх. Пераважнае працаўладкаванне прадстаўнікоў абодвух полаў па пэўных прафесіях, галінах і службовых пазіцыях - гэта гендарная прафесійная асіметрыя. Менавіта яна садзейнічае сканцэнтраванню жанчын у сацыяльна значных, але нізкааплатных сектарах, з'яўляецца фактарам дыспрапорцый ва ўзроўні аплаты працы, у кар'ерных магчымасцях. Даследаванне гендарнай асіметрыі ў сацыяльна-эканамічнай сферы ўпершыню праведзена Інстытутам сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук.

Прэзентацыя вынікаў даследавання адбылася на пасяджэнні Нацыянальнага савета па гендарнай палітыцы пры Савеце Міністраў. Як адзначыла выканаўца праекта доктар сацыялагічных навук, прафесар Галіна Сакалова, аналіз гендарных аспектаў занятасці важны як з пункту гледжання сацыяльнай справядлівасці, так і ў плане павышэння эфектыўнасці выкарыстання працоўных рэсурсаў.

У ходзе сацыялагічнага даследавання, праведзенага ў снежні мінулага года, апытана амаль 1,6 тыс. рэспандэнтаў рознага ўзросту і ўзроўню адукацыі, якія выказалі сваё меркаванне наконт занятасці і грашовых даходаў. Вызначаны таксама індэксы сацыяльнага самаадчування мужчын і жанчын зыходзячы з іх ацэнкі матэрыяльнага становішча сваёй сям'і.

САМААЦЭНКА ЖАНЧЫН НА РЫНКУ ПРАЦЫ НІЖЭЙШАЯ, ЧЫМ МУЖЧЫН

Сацапытанне пацвердзіла агульнавядомы факт: большасць беларусаў - як жанчын, так і мужчын - з'яўляюцца наёмнымі работнікамі. Прычым сярод жанчын крыху больш працуючых па найме, а сярод мужчын вышэйшая доля занятых самастойна. З жанчынамі радзей заключаюць бестэрміновыя працоўныя дагаворы і часцей - працоўныя кантракты на пэўны тэрмін. Сярод мужчын ёсць невялікая доля тых, хто працуе без афіцыйнага афармлення, па вуснай дамоўленасці.

На думку аўтараў даследавання, даволі выразна праяўляюцца суб'ектыўныя перадумовы для развіцця ў краіне механізма гібкіх форм занятасці. Так, на работу з няпоўным рабочым днём арыентавана да 1/3 занятых жанчын, на работу па кантрактах і субкантрактах - 1/3, на няпоўны рабочы тыдзень - 1/3 занятых жанчын. Аднак трэба мець на ўвазе, што гібкія формы працы і рабочага часу суправаджаюцца аслабленнем сацыяльных гарантый і даступнасці сацыяльнага забеспячэння, зніжэннем заработнай платы і пагаршэннем умоў працы.

Апытанне рэспандэнтаў паказала, што мужчыны часцей мяняюць работу, а жанчыны даўжэй працуюць у аднаго наймальніка. Так, сярэдняя працягласць працоўнага стажу ў аднаго наймальніка склала 9,7 года сярод жанчын і 7,9 года сярод мужчын. Прычым жанчыны радзей маюць дадатковую занятасць (акрамя асноўнай работы).

Цікавая ацэнка ўласнай канкурэнтаздольнасці на рынку працы (крытэрыем служаць адказы рэспандэнтаў на пытанне "У выпадку страты работы ці зможаце знайсці раўнацэнную?"). У жанчын самаацэнка ніжэйшая: упэўненасць у тым, што яны лёгка знойдуць аналагічную работу, выказалі 23,1 працэнта жанчын, сярод рэспандэнтаў-мужчын - 31,5 працэнта.

А вось статыстычна значных адрозненняў паміж мужчынамі і жанчынамі ў ацэнцы патэнцыяльнага беспрацоўя не назіраецца: больш як 2/3 беларускіх мужчын і жанчын лічаць, што ім не пагражае страта работы.

Дарэчы, жанчыны праяўляюць большае імкненне да павышэння свайго прафесійнага ўзроўню. Так, неабходнасць павышэння сваёй кваліфікацыі, праходжання перападрыхтоўкі часцей адзначаюць жанчыны (1/4), чым мужчыны (1/5).

Тэндэнцыі ў сферы службовай структуры занятасці жанчын такія, што чым вышэйшая службовая ступень, тым ніжэйшая доля жанчын у агульнай колькасці занятых на гэтай ступені. Для апісання такіх з'яў нярэдка выкарыстоўваецца тэрмін "шкляная столь", які адлюстроўвае той факт, што нягледзячы на аднолькавыя магчымасці для абодвух полаў, існуе шмат нефармальных, нябачных бар'ераў, якія перашкаджаюць руху жанчын па ступенях службовай іерархіі.

РАЗРЫЎ У ЗАРПЛАЦЕ МУЖЧЫН І ЖАНЧЫН - 26,3 ПРАЦЭНТА

Паводле даных статыстыкі, суадносіны сярэдняй заработнай платы жанчын і мужчын складаюць 73,7 працэнта (прамысловасць - 72,3 працэнта, гандаль і грамадскае харчаванне - 74,7 працэнта, транспарт і сувязь - 79,4 працэнта, будаўніцтва - 79,8 працэнта, сельская гаспадарка - 88,6 працэнта, адукацыя, культура, навука - 82,5 працэнта, ахова здароўя - 82,7 працэнта, ЖКГ, бытавыя паслугі - 74,5 працэнта). Аднак простай канстатацыі факта, што жанчыны ў сярэднім атрымліваюць менш, недастаткова - для аналізу патрэбны комплексны падыход, з улікам розных абставін як аб'ектыўнага, так і суб'ектыўнага плана.

Узнікшая ў 1990-я гады тэндэнцыя перамяшчэння жанчын у невытворчыя галіны эканомікі, а таксама ў малааплатныя прафесійныя групы захоўваецца да гэтага часу. Яна і абумоўлівае больш нізкі ўзровень іх заработнай платы. Гэта тэндэнцыя набывае характар гендарнага падзелу працы, яна "прыжылася" ва ўсім свеце, існуе практычна ва ўсіх высокаразвітых дзяржавах, падкрэсліваюць аўтары даследавання.

Гендарны падзел працы вызначаецца тым, што кожная галіна характарызуецца дамінаваннем або жанчын, або мужчын. Так, у сацыяльна значных, але малааплатных галінах адукацыі, культуры і навукі працуюць 28,7 працэнта жанчын супраць 7,6 працэнта мужчын; у гандлі і грамадскім харчаванні - 17,7 працэнта жанчын супраць 6,5 працэнта мужчын; у ахове здароўя - 9 працэнтаў жанчын супраць 1,6 працэнта мужчын. Пры гэтым у сферах, дзе дамінуюць мужчыны, разрыў у кваліфікацыйных разрадах жанчын і мужчын складае, як правіла, 2-3 ступені, што з'яўляецца падставай для больш нізкай аплаты жаночай працы (да 72 працэнтаў). У сферах, дзе дамінуюць жанчыны, гэтыя суадносіны вышэйшыя - да 83 працэнтаў.

Акрамя таго, кожная пятая рэспандэнтка заявіла, што яе работа практычна не звязана з кваліфікацыяй і атрыманай адукацыяй. Гэта яшчэ адна падстава для больш нізкай аплаты працы жанчын.

Як паказала сацдаследаванне, узровень самаідэнтыфікацыі ў жанчын ніжэйшы, чым у мужчын. Вызначаецца гэта, перш за ўсё, па ўдзельнай вазе жанчын, якія лічаць сябе беднымі (амаль 1/4) у параўнанні з мужчынамі (менш як 1/5).

Яшчэ адным суб'ектыўным фактарам з'яўляецца вялікая эканамічная актыўнасць мужчын у вырашэнні матэрыяльных праблем. Так, толькі 17,9 працэнта жанчын стараюцца павышаць свой даход усімі магчымымі спосабамі - супраць 36,4 працэнта мужчын; 77,4 працэнта жанчын стараюцца жыць па сродках - супраць 59,2 працэнта мужчын.

Невысокая прадпрымальніцкая актыўнасць беларускіх жанчын. А прыватны сектар, сфарміраваны ў эканоміцы рэспублікі, стварае попыт на бізнесменаў, якія звязваюць сваё прафесійнае будучае з прадпрымальніцкай дзейнасцю. Аднак матэрыяльныя і сацыяльна-псіхалагічныя перадумовы для актыўнага прадпрымальніцтва сярод жанчын, на думку даследчыкаў, пакуль не склаліся. Між тым ва ўсім свеце малы бізнес і самазанятасць усё ў большай меры становяцца сферай прыкладання жаночай працы. Напрыклад, у ЗША палавіна прадпрымальнікаў у сферы малога бізнесу - жанчыны. А ў Беларусі жанчыны складаюць толькі каля 1/3 ад агульнай колькасці індывідуальных прадпрымальнікаў, якіх 31 працэнт у эканамічна актыўным насельніцтве.

Даследчыкі назвалі прычыны, якія тармозяць развіццё малога прадпрымальніцтва, нягледзячы на павышэнне ўвагі да гэтай праблемы дзяржавы. Гэта нераўнамернасць развіцця малых прадпрыемстваў па рэгіёнах рэспублікі; неразвітасць іх у малых гарадах, сельскай мясцовасці і ў інавацыйнай сферы; цяжкі доступ да фінансавых рэсурсаў, недастатковая фінансавая падтрымка і інш.

Як вядома, уплыў сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу, які пачаўся ў 2008 годзе, беларусы і беларуская эканоміка ў поўнай меры зведалі ў 2011 годзе. Гэта абумовіла зніжэнне асноўных паказчыкаў сацыяльнага самаадчування насельніцтва. Жанчыны аказаліся менш абароненыя і больш схільныя да ўплыву крызісных з'яў. Аднак у 2013 годзе наступствы крызісу, якія найбольш моцна ўплывалі на сацыяльнае самаадчуванне насельніцтва, удалося пераадолець - і гендарныя адрозненні ў ацэнках нівеліраваліся. Праўда, у мужчын дакрызісныя паказчыкі былі практычна дасягнуты ўжо восенню 2012 года, а ў жанчын - толькі вясной 2013 года (з паўгадавым спазненнем). Што датычыцца індэкса самаацэнак матэрыяльнага становішча, то ў жанчын ён ніжэйшы, мае нестабільную, "зменлівую" дынаміку.

Актыўнае ўключэнне жанчын у эканоміку рэспублікі і падтрымка з іх боку эканамічных рэформ вельмі неабходныя для забеспячэння дастойнага ўзроўню жыцця ў цэлым. У гэтых умовах асноўная задача - задзейнічаць сацыяльныя механізмы пераадолення беднасці сярод жанчын пры дапамозе развіцця прадпрымальніцтва, прафесійнага перанавучання, гібкіх форм працы і рабочага часу. На думку аўтараў даследавання, абгрунтаванне і рэалізацыя сацыяльнай палітыкі адносна жанчын перастае быць манаполіяй дзяржавы - у выпрацоўку яе стратэгіі павінны ўключацца грамадскія рухі, фонды, асацыяцыі, якія выказваюць інтарэсы розных сацыяльных груп.
Поўная версія