Поўная версія
Таццяна Пастушэнка

Абарона дзяцей ад шкоднай інфармацыі: як будуць маркіраваць кантэнт?

Каментарыі 02.11.2016 | 10:16
Таццяна Пастушэнка Карэспандэнт БЕЛТА

Засцерагчы дзяцей ад непажаданай інфармацыі, якая паўсюль ідзе патокам, надзвычай складана. Як і кругласутачна кантраляваць падрастаючае пакаленне пры карыстанні інтэрнэтам, праглядзе тэлевізара. Спробы ўрэгуляваць гэту сітуацыю ў Беларусі, аднак, ужо зроблены - парламентам былі разгледжаны і прыняты адпаведныя папраўкі ў заканадаўства. У працяг гэтай тэмы для абароны непаўналетніх ад кантэнту, які можа нанесці шкоду іх здароўю і развіццю, урад зацвердзіў яшчэ некалькі палажэнняў.

Калі гаварыць проста, заканадаўства абавязвае маркіраваць інфармацыйную прадукцыю ў Беларусі спецыяльнымі значкамі з пазначэннем узросту, пасля дасягнення якога дзецям становіцца даступным азнаямленне з ёю. Пры гэтым маецца на ўвазе кантэнт друкаваных, тэлевізійных і радыйных СМІ, друкаваных выданняў, інтэрнэт-рэсурсаў. Маркіроўка таксама датычыцца камп'ютарных гульняў, аўдыявізуальных твораў, фанаграм і распаўсюджваецца на ўваходныя білеты, запрашэнні або іншыя дакументы, якія даюць права наведваць культурныя мерапрыемствы.

Што ўяўляюць сабой тыя самыя ўзроставыя значкі, пра якія мы гаворым? У класічным разуменні гэта круг, на фоне якога прапісаны лічбы. Катэгорыя "0+" азначае, што інфармацыйная прадукцыя з'яўляецца ўніверсальнай, якіх-небудзь абмежаванняў наконт яе няма. З такой прадукцыяй могуць азнаёміцца нават малышы, і ў негатыўным плане яна не паўплывае на іх далейшае развіццё. У расійскіх выданнях такі значок, напрыклад, можна ўбачыць на дзіцячых або спецыялізаваных часопісах.

Катэгорыя "6+" азначае, што прадукцыя прызначана для дзяцей, якім ужо споўнілася шэсць гадоў. Такая ж логіка з катэгорыямі "12+" і "16+". Катэгорыя "18+" сігналізуе аб тым, што азнаямленне з кантэнтам забаронена непаўналетнім, а значыць, бацькі, якія ў канкрэтным выпадку інфармаваны аб такім абмежаванні, павінны ўберагчы дзіця ад масавых мерапрыемстваў, друкаваных выданняў, інтэрнэт-рэсурсаў і г.д.

Калі гаварыць аб размяшчэнні маркіровачнага значка на друкаваных выданнях, ён павінен знаходзіцца на бачным месцы, а памер шрыфту - быць зручным для чытання. Напрыклад, калі мы маркіруем друкаваны СМІ, знак узроставай катэгорыі па памеры не можа быць меншы за шрыфты, якія выкарыстоўваюцца на першай паласе або вокладцы. Займацца абазначэннем узроставай катэгорыі абавязана юрыдычная асоба, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі.

Прыблізна такая ж схема працуе і пры распаўсюджванні іншага інфармацыйнага кантэнту. Напрыклад, што датычыцца тэлевізійных СМІ, знак узроставай катэгорыі паказваецца ў пачатку трансляцыі кожнай новай тэлеперадачы, а таксама пры аднаўленні яе трансляцыі (пасля перапынку на рэкламу). Уладальнік інтэрнэт-рэсурсу мае права размясціць знак узроставага абмежавання на галоўнай старонцы або ў іншым зручным для агляду месцы, ён павінен быць выразным і добра бачным. У сваю чаргу выдаўцу пры падрыхтоўцы друкаванай кнігі неабходна размяшчаць значок на паласе выдання разам з выпускнымі данымі. Што ж датычыцца маркіроўкі аўдыявізуальных твораў, фанаграм, камп'ютарных гульняў і праграм, якія распаўсюджваюцца на матэрыяльным носьбіце, значок павінен знаходзіцца або на самой прадукцыі, або на прымацаванай да яе этыкетцы, або на спажывецкай упакоўцы.

Крыху інакш будзе з радыйным кантэнтам. Згодна з заканадаўствам, радыёперадачы, якія, вядома, немагчыма прамаркіраваць наглядна, павінны мець аўдыямаркіроўку. Гэта спецыяльнае гукавое папярэджанне, якое называе ўзроставую катэгорыю дзяцей, сярод якіх дапускаецца распаўсюджванне. Яго трэба агучыць у пачатку трансляцыі кожнай новай радыёперадачы, а таксама пры аднаўленні трансляцыі пасля рэкламы.

У той жа час для распаўсюджвання на тэрыторыі Беларусі інфармацыйнай прадукцыі з-за мяжы (калі раней яна не была адзначана ўзроставымі абмежаваннямі) распаўсюджвальнік мае права ў адпаведнасці з устаноўленымі крытэрыямі прамаркіраваць яе самастойна. Алгарытм той жа - размяшчэнне наклейкі з адлюстраваннем значка непасрэдна на прадукцыі, прымацаванай да яе этыкетцы, спажывецкай упакоўцы, на афішах культурных мерапрыемстваў.

Для разгляду неадназначных пытанняў у сітуацыі з узроставымі цэнзамі пры беларускім урадзе ствараецца грамадска-кансультатыўны савет па абароне дзяцей ад інфармацыі, якая можа нанесці шкоду іх здароўю і развіццю. Гэты савет - грамадскі кансультацыйны і каардынацыйны орган, менавіта ён будзе выпрацоўваць рэкамендацыі і прапановы па фарміраванні і правядзенні адпаведнай дзяржпалітыкі.

У грамадска-кансультатыўны савет увойдуць прадстаўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, грамадскіх аб'яднанняў і іншых арганізацый. Узначаліць яго міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч. Старшыня савета, яго намеснікі і іншыя ўдзельнікі будуць працаваць на грамадскіх пачатках. Аднак да работы па меры неабходнасці могуць прыцягвацца спецыялісты, вучоныя і эксперты іншых арганізацый, таксама на бязвыплатнай аснове.

Асноўныя палажэнні, якія датычацца абароны дзяцей ад шкоднай інфармацыі, уступаюць у сілу з 1 ліпеня 2017 года. Гэтыя дакументы важныя, хоць усіх праблем яны, вядома, не вырашаюць. Не толькі дзяржорганы павінны кантраляваць, што адбываецца з дзецьмі, у першую чаргу за гэта нясуць адказнасць іх бацькі. Кантроль з боку бацькі і маці - вось што павінна пастаянна адчуваць дзіця. Тады і абмежавальны значок на часопісе будзе здавацца сапраўднай дробяззю, у якой няма асаблівай неабходнасці.

Поўная версія