Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
13 сакавіка 2019, 17:41

Змяненні па аптымізацыі адказнасці за эканамічныя злачынствы ўступяць у сілу 19 ліпеня

13 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Змяненні, накіраваныя на аптымізацыю крымінальнай адказнасці за правапарушэнні супраць парадку ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці, уступяць у сілу 19 ліпеня, паведаміў у прэс-цэнтры БЕЛТА начальнік аддзела дзяржаўнага абвінавачання Генеральнай пракуратуры Беларусі Эльдар Сафараў.

Змяненні прадугледжаны законам ад 9 студзеня 2019 года "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя кодэксы Рэспублікі Беларусь". У прыватнасці, павышаецца парог буйнога і асабліва буйнога памеру ўрону па эканамічных злачынствах. Напрыклад, для кваліфікацыі дзеяння па арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў) - з 1 тыс. і 2,5 тыс. да 2 тыс. і 3,5 тыс. БВ адпаведна.

Выключаецца крымінальная адказнасць за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць (арт. 233 КК), якая ажыццяўляецца без рэгістрацыі ва ўстаноўленым парадку, і за забароненую заканадаўчымі актамі прадпрымальніцкую дзейнасць. Злачынствам будзе прызнавацца толькі прадпрымальніцкая дзейнасць, ажыццяўляемая без спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі), звязаная з атрыманнем даходу ў буйным і асабліва буйным памеры.

Сярод выключаемых артыкулаў - арт. 234 КК (ілжэпрадпрымальніцтва). Як адзначыў Эльдар Сафараў, ілжэпрадпрымальніцкія структуры часта выкарыстоўваюцца пры ўчыненні іншых злачынстваў, у прыватнасці, ухіленні ад падаткаў або незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці - менавіта гэтыя злачынствы прэваліруюць. Па артыкуле "лжэпрадпрымальніцтва" ў 2018 годзе былі асуджаны восем чалавек.

Паводле слоў намесніка дырэктара Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Віктара Франскевіча, росту злачынстваў па артыкуле "лжэпрадпрымальніцтва" па выніках 2018-га не было. Наадварот, іх колькасць, як і спадарожных злачынстваў, з 2013-га зніжалася.

Акрамя таго, выключаецца так званая агульная канфіскацыя маёмасці як дадатковы від пакарання і пашыраецца прымяненне спецыяльнай канфіскацыі.

Як інстытут спецканфіскацыя існуе ў Крымінальным кодэксе Беларусі з моманту яго ўступлення ў сілу ў 2001 годзе. Сутнасць заключаецца ў прымусовай бязвыплатнай канфіскацыі ва ўласнасць дзяржавы прылад і сродкаў учынення злачынстваў, якія належаць асуджанаму, маёмасці, здабытай злачынным шляхам, даходу, атрыманага ад выкарыстання гэтай маёмасці, прадметаў, якія звязаны непасрэдна са злачынствам, калі яны не вяртаюцца пацярпеламу або іншай асобе. Таксама пад спецканфіскацыю падпадаюць транспартныя сродкі, якімі кіраваў чалавек, што ўчыніў злачынства, прадугледжанае арт. 317-1 КК.

Адказваючы на пытанні журналістаў, Эльдар Сафараў растлумачыў, каго вызваляць ад канфіскацыі маёмасці ў сувязі са змяненнямі. "Што датычыцца агульнай канфіскацыі, у законе гэтаму пытанню ўдзелена ўвага і адзначана наступнае: асобы, асуджаныя да дадатковага пакарання ў выглядзе канфіскацыі маёмасці, вызваляюцца ад гэтага пакарання, калі канфіскацыя не выканана да дня ўступлення ў законную сілу змяненняў. Прыгаворы ў частцы канфіскацыі маёмасці, выкананыя поўнасцю або часткова да ўступлення ў сілу закона, лічацца выкананымі і ў гэтай частцы не пераглядаюцца", - сказаў прадстаўнік Генеральнай пракуратуры.

Эльдар Сафараў адзначыў, што ў 2018 годзе канфіскацыя маёмасці як дадатковае пакаранне была назначана 80 асобам, асуджаным за злачынствы супраць парадку ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці.

Уводзіцца палажэнне аб тым, што пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі не можа быць назначана ўпершыню асуджаемай асобе, якая ўчыніла злачынства, што не ўяўляе вялікай грамадскай небяспекі, або менш цяжкае злачынства супраць парадку ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці. Выключэнне складае кантрабанда, незаконны экспарт або перадача ў мэтах экспарту аб'ектаў экспартнага кантролю, легалізацыя (адмыванне) сродкаў, атрыманых злачынным шляхам.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі