Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
01 сакавіка 2018, 17:19

У Рэспубліцы Карэя абмежавалі рабочы тыдзень да 52 гадзін

1 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Рэспубліцы Карэя знізяць максімальную колькасць рабочых гадзін у тыдзень з 68 да 52 гадзін. Як паведамляе The Guardian, перагледжаны закон аб працоўных нормах прыняў парламент краіны.

Адзначаецца, што з 52 гадзін у рабочым тыдні 40 гадзін будуць складаць асноўны час і 12 - звышурочныя. Пры пяцідзённым тыдні рабочы дзень будзе доўжыцца 8-10 гадзін. Раней жыхары Рэспублікі Карэя працавалі прыкладна па 14 гадзін у дзень.

Як піша The Guardian, эпідэмія працавітасці захліснула Рэспубліку Карэя пасля эканамічнага скачка ў 1980-90 гады. Грамадзяне краіны занялі другое месца ў сусветным спісе самых працавітых, уступіўшы першую пазіцыю толькі мексіканцам. Пры гэтым нараджальнасць у Карэі за 30 гадоў знізілася да рэкордна нізкіх паказчыкаў.

Паводле даных агенцтва Рэнхап, каб змякчыць магчымы негатыўны ўплыў скарачэння рабочага часу, новаўвядзенне будзе ўкараняцца паэтапна. Новыя правілы будуць прымяняцца да кампаній з 300 і больш супрацоўнікамі з 1 ліпеня бягучага года. Фірмы з 50-299 работнікамі і тыя, у каго працуюць ад 5 да 49 работнікаў, будуць кіравацца новымі нормамі часу пачынаючы з 1 студзеня 2020 года і з 1 ліпеня 2021 года адпаведна.

Ужо цяпер некаторыя буйныя кампаніі скарацілі рабочы час. У іх ліку рознічны гігант Shinsegae Group, які кіруе ўнівермагам Shinsegae і сеткай гіпермаркетаў E-Mart. Кампанія заявіла, што супрацоўнікам рэкамендуецца больш эфектыўна выкарыстоўваць свой час, больш гадзін праводзіць са сваімі сем'ямі і займацца іншымі відамі дзейнасці, такімі як фізічныя практыкаванні. Гэта дапаможа людзям больш плённа працаваць.

Іншыя буйныя кампаніі перанялі гэты прыклад. Так, фірма LG Electronics Inc. запусціла эксперыментальную праграму, якая дазваляе супрацоўнікам працаваць менш. Некаторыя ІТ-кампаніі дазволілі сваім работнікам выкарыстоўваць рэжым гібкага рабочага часу. Такая сістэма дазваляе супрацоўнікам выбіраць свае рабочыя гадзіны штодзень і штотыдзень, каб яны маглі праводзіць час са сваімі дзецьмі, прымаць удзел у забаўляльных мерапрыемствах або ўдзяляць час хобі.

Між тым некаторыя работнікі малых і сярэдніх кампаній выказалі заклапочанасць з-за таго, што скарачэнне рабочага часу можа прывесці да зніжэння іх заработнай платы. Іншыя выказалі апасенні, што новаўвядзенне паўплывае на інтэнсіўнасць іх работы, бо яны павінны будуць забяспечыць ранейшы ўзровень прадукцыйнасці пры меншым часе на рабоце.

Скарачэнне рабочага часу было адным з ключавых абяцанняў Прэзідэнта Рэспублікі Карэя Мун Чжэ Іна, прызначанае палепшыць якасць жыцця работнікаў і стварыць новыя рабочыя месцы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі