Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
19 сакавіка 2019, 13:41

У Японіі хочуць забараніць фізічныя пакаранні дзяцей

19 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кабінет міністраў Японіі адобрыў сёння законапраект, які забараняе фізічна караць дзяцей. Папраўкі ў закон аб папярэджанні жорсткага абыходжання з дзецьмі былі вынесены на разгляд пасля серыі рэзанансных выпадкаў жорсткага абыходжання з малалетнімі, паведамляе японская дзяржаўна-грамадская цэнтральная тэлерадыёкампанія NHK.

"Усе дарослыя абавязаны ахоўваць жыццё дзяцей. Мы збіраемся прыняць сур'ёзныя меры па прадухіленні жорсткага абыходжання з дзецьмі", - заявіў прэм'ер-міністр Японіі Сіндза Абэ на пасяджэнні Кабінета міністраў, на якім ён адобрыў законапраект па барацьбе з дзіцячым насіллем, паведамляе японская газета The Mainichi.

У выпадку адабрэння законапраекта ў японскім Сейме бацькам, прыёмным бацькам, апекунам і сацыяльным работнікам будзе забаронена фізічнае пакаранне дзяцей у якасці сродку дысцыпліны.

У законапраекце таксама выкладзены планы па павелічэнні колькасці цэнтраў па барацьбе з дзіцячым насіллем у 23 акругах Токіа і буйных гарадах Японіі на працягу пяці гадоў пасля прыняцця закона. У такіх цэнтрах будуць працаваць не толькі ўрачы, але і юрысты. Прафесіяналы, якія прапануюць падтрымку і кансультаванне ахвярам дамашняга насілля, будуць дапамагаць выяўляць выпадкі жорсткага абыходжання з дзецьмі на яго ранніх стадыях.

Нацыянальнае паліцэйскае ўпраўленне Японіі паведаміла, што ў 2018 годзе колькасць выпадкаў жорсткага абыходжання з дзецьмі дасягнула рэкордна высокага ўзроўню. Паліцыя Японіі цяпер расследуе 1380 выпадкаў жорсткага абыходжання з дзецьмі, зафіксаваных у 2018 годзе, гэта колькасць на 21,3 працэнта большая ў параўнанні з 2017 годам. Колькасць дзяцей - ахвяр дамашняга насілля таксама дасягнула ў 2018 годзе рэкорднага ўзроўню: у параўнанні з 2017 годам колькасць пацярпелых павялічылася на 19,3 працэнта і склала 1394 чалавекі.

У студзені бягучага года Японію ўскалыхнула гісторыя 10-гадовай дзяўчынкі, якая была знойдзена мёртвай у сваім доме ў прэфектуры Тыба недалёка ад Токіа. Яе бацька быў арыштаваны па падазрэнні ў жорсткім абыходжанні. Смерць гэтай дзяўчынкі стала штуршком да актыўнага грамадскага абмеркавання больш строгіх мер па прадухіленні фізічнага насілля над дзецьмі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі