22 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мільярдэр Дональд Трамп, якога 19 ліпеня зацвердзілі на ролю кандыдата ад Рэспубліканскай партыі на пасаду прэзідэнта ЗША, афіцыйна згадзіўся балаціравацца ў прэзідэнты, паведамляюць інфармацыйныя агенцтвы.
З такой заявай Трамп выступіў 21 ліпеня на партыйным з'ездзе, які прайшоў у Кліўлендзе. У сваёй прамове палітык паведаміў, што ўдзячны людзям за магчымасць быць вылучаным у якасці кандыдата ў прэзідэнты ЗША. Амерыканскі мільярдэр падкрэсліў, што, з'яўляючыся прэзідэнтам, ён зможа забяспечыць у краіне законнасць і правапарадак.
Далей Трамп расказаў, што тысячы нелегальных імігрантаў, якія знаходзяцца ў ЗША, неабходна дэпартаваць, паколькі яны з'яўляюцца пагрозай для грамадзян краіны. Палітык лічыць, што дазваляць уезд у ЗША трэба толькі тым бежанцам, якія падзяляюць амерыканскія каштоўнасці і любяць народ Амерыкі.
Не абышоў у сваёй размове Трамп і тэрарыстычную групоўку "Ісламская дзяржава". Мільярдэр заявіў, што ЗША павінны нанесці поўнае паражэнне баевікам ІД і пакласці канец іх вылазкам. Са слоў Трампа, каб паспяхова змагацца з тэрарызмам, неабходна мець лепшую ў свеце разведку.
У сваім выступленні Дональд Трамп паабяцаў, што ў выпадку выбрання яго прэзідэнтам ЗША, ён зможа зрабіць Амерыку працвітаючай краінай. Для гэтага мільярдэр мае намер ператварыць нявыгадныя гандлёвыя пагадненні ў прыбытковыя і аднавіць аслабленыя Узброеныя сілы.-0-