Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
19 сакавіка 2018, 09:01

Пуцін перамагае на прэзідэнцкіх выбарах у Расіі, набіраючы больш за тры чвэрці галасоў

19 сакавіка, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Уладзімір Пуцін упэўнена перамагае на праведзеных у Расіі 18 сакавіка прэзідэнцкіх выбарах. Аб гэтым сведчаць папярэднія рэзультаты падліку галасоў выбаршчыкаў, паведамляе БЕЛТА.

Паводле звестак Цэнтрвыбаркама Расіі, дзякуючы прымяненню новых інфармацыйных тэхналогій ужо а чацвёртай гадзіне раніцы апрацавана амаль 100 працэнтаў бюлетэняў, за дзеючага прэзідэнта прагаласавалі 76,6 працэнта выбаршчыкаў. Другое месца з рэзультатам 11,8 працэнта заняў вылучаны КПРФ Павел Грудзінін, трэцяе - лідар ЛДПР Уладзімір Жырыноўскі, які атрымаў 5,7 працэнта. Астатнія кандыдаты мелі больш сціплыя лічбы: тэлевядучая Ксенія Сабчак, якая прадстаўляе партыю "Грамадзянская ініцыятыва", набрала 1,6 працэнта, лідар "Яблока" Рыгор Яўлінскі - 1 працэнт, а бізнес-омбудсмен і старшыня "Партыі Росту" Барыс Цітоў, кандыдат ад "Камуністаў Расіі" Максім Сурайкін і кандыдат ад "Расійскага агульнанароднага саюза" Сяргей Бабурын - менш за 1 працэнт.

Такім чынам, новы прэзідэнт Расіі вызначыўся ў першым туры выбараў, паколькі, у адпаведнасці з заканадаўствам, для перамогі кандыдату неабходна атрымаць больш за палавіну галасоў выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у галасаванні.

Разам з тым кіраўнік Цэнтрвыбаркама Эла Памфілава заявіла, што ЦВК не будзе спяшацца аб'яўляць канчатковыя рэзультаты выбараў. "Афіцыйныя вынікі будуць падведзены, калі ў ЦВК паступяць папяровыя пратаколы падліку галасоў", - адзначыла яна.

У выбарчым штабе Уладзіміра Пуціна папярэднія рэзультаты выбараў назвалі чаканымі і больш чым уражальнымі. Мяркуючы па першай рэакцыі большасці астатніх кандыдатаў, для іх вынікі галасавання таксама не сталі нечаканымі. Пры гэтым Уладзімір Жырыноўскі выказаў незадаволенасць тым, што, на яго думку, умовы для прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта былі няроўнымі. А Павел Грудзінін ахарактарызаваў праведзеную прэзідэнцкую кампанію як самую брудную на постсавецкай прасторы за апошні час.

Сам жа Уладзімір Пуцін яшчэ да апоўначы прыйшоў на Манежную плошчу Масквы, дзе праходзіў мітынг-канцэрт, каб выказаць падзяку сваім выбаршчыкам за падтрымку. "Я бачу ў гэтым, як мінімум, прызнанне таго, што зроблена за апошнія гады ў вельмі складаных умовах, бачу ў гэтым давер і надзею нашых людзей на тое, што мы будзем працаваць гэтак жа напружана, гэтак жа адказна і яшчэ больш вынікова", - заявіў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі