Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
24 мая 2017, 11:41

Новым гендырэктарам СААЗ выбраны прадстаўнік Эфіопіі

24 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Новым генеральным дырэктарам Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) выбраны прадстаўнік Эфіопіі Тэдрас Аданам Гебрэйсус, які атрымаў перамогу ў трэцім туры галасавання, паведамляюць інфармагенцтвы.

Рашэнне было прынята на пасяджэнні 70-й сесіі Сусветнай асамблеі аховы здароўя, якая праходзіць 22-31 мая ў Жэневе (Швейцарыя). Тэдрас Аданам Гебрэйсус набраў 133 галасы.

Новага гендырэктара выбіралі дзяржавы - члены СААЗ шляхам галасавання за закрытымі дзвярамі. Канкурэнцыю прадстаўніку Эфіопіі склалі Дэвід Набара (Вялікабрытанія) і Санія Ніштар (Пакістан).

Новы генеральны дырэктар СААЗ уступіць на пасаду 1 ліпеня 2017 года. На гэтай пасадзе ён зменіць Маргарэт Чэн, якая была выбрана ў 2006 годзе, а ў 2012-м перавыбрана на другі тэрмін.

Тэдрас Аданам Гебрэйсус праходзіў навучанне ў сталіцы Эрытрэі і Лондане, мае ступень доктара навук па спецыяльнасці "грамадская ахова здароўя". У 2005-2012 гадах узначальваў Міністэрства аховы здароўя Эфіопіі.

Дарэчы, афіцыйная дэлегацыя Міністэрства аховы здароўя Беларусі на чале з кіраўніком Валерыем Малашкам таксама прымае ўдзел у рабоце 70-й сесіі Сусветнай асамблеі аховы здароўя.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі