Поўная версія

Лідар КНДР хоча ўстанавіць дыпламатычныя адносіны з ЗША

У свеце 12.03.2018 | 12:33
Кім Чэн Ын
Кім Чэн Ын

12 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Лідар КНДР Кім Чэн Ын імкнецца заключыць мірнае пагадненне і ўстанавіць дыпламатычныя адносіны з ЗША, паведамляе ТАСС са спасылкай на паўдневакарэйскую газету "Тона ільбо".

"Канчатковая мэта Кім Чэн Ына - устанавіць нармальныя дыпламатычныя адносіны і заключыць мірны дагавор з ЗША, а таксама размясціць амерыканскае пасольства ў Пхеньяне", - расказала газеце "Тона ільбо" крыніца ў адміністрацыі кіраўніка Рэспублікі Карэя. Яна таксама ўдакладніла, што аб гэтым намеры лідар КНДР згадаў на нядаўняй сустрэчы з паўднёвакарэйскай дэлегацыяй. Кім Чэн Ын таксама можа закрануць пытанне дэнуклеарызацыі Карэйскага паўвострава ў час сустрэчы з Дональдам Трампам.

Раней паведамлялася, што лідар КНДР прапанаваў прэзідэнту ЗША правесці сустрэчу. Дональд Трамп выказаў гатоўнасць сустрэцца з Кім Чэн Ынам да мая 2018 года.

Між тым міністр замежных спраў Рэспублікі Карэя Кан Гён Хва наведае 15-17 сакавіка ЗША для перагавораў з дзяржсакратаром Рэксам Тылерсанам. У МЗС Рэспублікі Карэя ўдакладнілі: "Бакі абмяняюцца меркаваннямі адносна хутказменлівай сітуацыі на Карэйскім паўвостраве, а таксама абмяркуюць план далейшага супрацоўніцтва ў вядзенні міжкарэйскага дыялогу і ажыццяўленні кантактаў паміж Вашынгтонам і Пхеньянам".

Акрамя таго, кіраўнікі дыпламатычных ведамстваў, магчыма, закрануць пытанні ўмацавання двухбаковага саюза, а таксама гандлёва-эканамічнага партнёрства. Кан Гён Хва таксама мае намер сустрэцца з прадстаўнікамі Кангрэса ЗША, каб указаць ім на неабходнасць удзяляць увагу пошукам мірнага вырашэння ядзернай праблемы КНДР.

Памочнік прэзідэнта Рэспублікі Карэя па нацыянальнай бяспецы Чон Ый Ён і дырэктар Нацыянальнай службы разведкі Со Хун 5-6 сакавіка наведалі Пхеньян і правялі там больш як чатырохгадзінныя перагаворы з Кім Чэн Ынам. Па выніках паездкі стала вядома, што дасягнута дамоўленасць аб правядзенні ў канцы красавіка сустрэчы лідараў КНДР і Рэспублікі Карэя. Акрамя таго, Пхеньян паведаміў аб гатоўнасці пачаць кансультацыі па нармалізацыі адносін з Вашынгтонам, у ходзе якіх можа абмеркаваць тэму дэнуклеарызацыі Карэйскага паўвострава. КНДР абяцала замарозіць на перыяд дыялогу ракетна-ядзерныя выпрабаванні.-0-

Навіны рубрыкі У свеце
Поўная версія