11 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Імёны лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры за 2018-ы і 2019 гады будуць вядомы ў кастрычніку. Па традыцыі іх узнагароджанне адбудзецца 10 снежня - у дзень памяці заснавальніка прэміі Альфрэда Нобеля. Аб гэтым паведаміла газета Dagens Nyheter са спасылкай на пастаяннага сакратара Шведскай акадэміі Андэрса Ульсана.
Пасля скандалу ў Шведскай каралеўскай акадэміі навук у 2018 годзе, звязанага з сексуальнымі дамаганнямі і раскрыццём імён лаўрэатаў да іх афіцыйнага аб'яўлення, у правілы Нобелеўскага камітэта па літаратуры ўнеслі змяненні. У прыватнасці, адтуль выключылі членаў, якія фігуравалі ў крымінальных расследаваннях, і выбралі новых. А таксама ў бліжэйшыя некалькі гадоў у выбранні новых лаўрэатаў будуць удзельнічаць пяць незалежных экспертаў, якія не ўваходзяць у Шведскую акадэмію.
Акрамя таго, у лістападзе 2018 года акадэмія сумесна з Нобелеўскім фондам стварыла новы Нобелеўскі камітэт па літаратуры, які пачаў працаваць з 1 лютага.
Нобелеўская прэмія складае амаль $1 млн. Лаўрэатам прэміі па літаратуры ў 2017 годзе стаў Кадзуа Ісігура, у 2016-м - Боб Дзілан, у 2015-м - Святлана Алексіевіч.-0-