Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
20 верасня 2017, 18:33

Іспанскія ўлады правялі больш за 40 вобыскаў у Каталоніі ў сувязі з падрыхтоўкай да рэферэндуму

20 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вышэйшы суд Каталоніі паведаміў аб правядзенні 41 вобыску ў рамках аперацыі Грамадзянскай гвардыі ў Барселоне. Аб гэтым паведамляе ТАСС са спасылкай на размешчаную сёння заяву на афіцыйнай старонцы суда ў Twitter.

Адзначаецца, што быў санкцыянаваны вобыск у 41 памяшканні, у тым ліку ў будынках урада Каталоніі, офісах шэрага кампаній і прыватных дамах. "Заведзена справа аб непадпарадкаванні ўладам, злоўжываннях і растраце маёмасці. Расследаванне вядзецца ў адносінах амаль да 20 чалавек", - гаворыцца ў паведамленні.

Грамадзянская гвардыя Іспаніі правяла сёння шэраг вобыскаў у Барселоне. Былі затрыманы 12 чалавек, у тым ліку кіраўнікі эканамічнага і падатковага ведамстваў Каталоніі, супрацоўнікі яшчэ шэрага дэпартаментаў. Паводле даных іспанскага інфармацыйнага агенцтва EFE, вобыскі могуць быць звязаны з пошукам дакументацыі па запланаваным рэферэндуме аб незалежнасці аўтаноміі.

У МУС Іспаніі, як паведамляюць РІА Навіны, заявілі, што ў час вобыскаў у Каталоніі былі канфіскаваны амаль 10 млн бюлетэняў, прызначаных для галасавання на так званым рэферэндуме аб незалежнасці, запланаваным на 1 кастрычніка. Удакладняецца, што вобыск праходзіў на складзе ў Бігес-і-Рыельс, правінцыя Барселона.

Між тым кіраўнік Каталоніі сабраў экстраннае пасяджэнне выканаўчага камітэта ўрада пасля вобыскаў і затрыманняў некаторых яго членаў.

Улады Каталоніі маюць намер правесці 1 кастрычніка рэферэндум аб незалежнасці, нягледзячы на процістаянне Мадрыда. У падтрымку рэферэндуму праходзяць акцыі.

6 верасня парламент Каталоніі адобрыў закон аб рэферэндуме. Прэм'ер-міністр Іспаніі заявіў, што не дапусціць яго правядзення. Канстытуцыйны суд Іспаніі аб'явіў плебісцыт незаконным і забараніў яго праводзіць. Іспанскія ўлады падкрэсліваюць, што рэферэндум не з'яўляецца праяўленнем дэмакратыі, паколькі галасаваць будуць не ўсе жыхары краіны, а толькі каталонцы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі