Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
04 снежня 2018, 13:58

Генсакратар ААН заклікаў сусветную супольнасць аб'яднацца ў барацьбе са змяненнем клімату

4 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш заклікаў міжнародную супольнасць аб'яднаць намаганні ў барацьбе са змяненнем клімату. Аб гэтым ён заявіў у час кліматычнай канферэнцыі, якая праходзіць у Польшчы, паведамляе Цэнтр навін ААН.

Паводле слоў Антоніу Гутэрыша, змяненне клімату ўжо з'яўляецца пытаннем жыцця і смерці для многіх народаў і краін свету. Ён прывёў даныя з некалькіх дакладаў ААН, аўтары якіх папярэджваюць аб павышэнні канцэнтрацыі парніковых газаў у атмасферы, і заклікаў урады звярнуць увагу на вывады вучоных.

"Нават назіраючы разбуральныя наступствы змянення клімату па ўсім свеце, мы ўсё яшчэ адмаўляемся прымаць неабходныя меры і дзейнічаць аператыўна, каб прадухіліць неабарачальныя змяненні і катастрафічныя кліматычныя з'явы", - адзначыў Антоніу Гутэрыш.

Генеральны сакратар ААН заклікаў міжнародную супольнасць аб'яднаць намаганні, каб да 2030 года скараціць шкодныя выкіды ў атмасферу на 45 працэнтаў у параўнанні з 2010 годам і дабіцца нулявога значэння гэтага паказчыка да 2050 года. Для гэтага ад палавіны да дзвюх трацей патрэбнасцей чалавецтва ў энергіі да сярэдзіны стагоддзя павінны пакрывацца за кошт аднаўляльных крыніц, а доля выкапнёвага паліва, адпаведна, павінна зніжацца.

"Калі нам не ўдасца дабіцца гэтага, ільды Арктыкі і Антарктыкі будуць і далей раставаць, каралы абясколервацца і гінуць, узровень акіяна павышацца; колькасць людзей, якія паміраюць ад хвароб, звязаных з забруджваннем паветра, будзе павялічвацца; значная частка чалавецтва будзе адчуваць няхватку вады, а эканамічны ўрон ад прыродных катаклізмаў дасягне астранамічных паказчыкаў", - папярэдзіў кіраўнік ААН.

Антоніу Гутэрыш нагадаў аб тым, што пытанне фінансавання павінна заставацца ў цэнтры ўвагі. "Нам трэба адшукаць рэсурсы і дабівацца інвестыцый, каб паспяхова змагацца са змяненнем клімату", - заявіў генеральны сакратар. Ён таксама падкрэсліў неабходнасць увядзення платы за выкіды вуглякіслага газу, адмены субсідыі на здабычу выкапнёвага паліва і інвесціравання ў праекты, звязаныя з экалагічна чыстымі тэхналогіямі.

"Неабходна таксама забяспечыць справядлівыя ўмовы для ўсіх у пераходны перыяд, у тым ліку сацыяльную дапамогу людзям, занятым у традыцыйных сектарах эканомікі, якія чакаюць змянення, - заявіў ён. - Мы ўсе разам нясём адказнасць за дабрабыт слабаабароненых абшчын і краін, такіх як малыя астраўныя дзяржавы і найменш развітыя краіны, якім трэба дапамагчы адаптавацца да новых умоў".

У 2015 годзе 18 краін з высокім узроўнем даходу абяцалі да 2020 года выдзеліць $100 млрд на барацьбу са змяненнем клімату ў краінах з нізкім узроўнем даходу. Антоніу Гутэрыш заклікаў развітыя краіны выканаць узятыя на сябе абавязацельствы.

Меры па барацьбе са змяненнем клімату пазітыўна паўплываюць на эканоміку і сацыяльнае развіццё, адзначыў генеральны сакратар. "Такія дзеянні часта разглядаюцца як клопат, аднак рашучыя меры ў гэтай галіне дадуць нам магчымасць узяць курс на дасягненне лепшай будучыні для ўсіх", - заявіў ён. Генеральны сакратар дадаў, што, паводле даных нядаўняга даклада ААН, у бліжэйшыя 12 гадоў рэалізацыя рашучых мер у галіне змянення клімату дасць магчымасць стварыць 65 млн рабочых месцаў і прынясе прыбытак у памеры $26 трлн.

Антоніу Гутэрыш таксама заклікаў не дапусціць, каб хто-небудзь застаўся за бортам пры ажыццяўленні гэтых эканамічных пераўтварэнняў, у тым ліку жанчыны і прадстаўнікі моладзі. "Мы павінны ўжо сёння пачаць будаваць будучыню, да якой мы імкнёмся", - заявіў на заканчэнне генеральны сакратар ААН.

Дваццаць чацвёртая канферэнцыя ААН па змяненні клімату (СОР24) праходзіць з 2 па 14 снежня. У ёй прымаюць удзел лідары дзясяткаў краін свету, тысячы экспертаў, актывістаў, бізнесменаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці. Па выніках работы плануецца ўзгадніць план рэалізацыі Парыжскага пагаднення па клімаце, прынятага ў 2015 годзе.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі