14 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Еўрасаюз выдзеліць Украіне фінансавую дапамогу ў памеры 1 млрд еўра. Адпаведнае пагадненне падпісана сёння ў Кіеве, паведамляе УКРІНФАРМ.
Як адзначыла в.а. міністра фінансаў Украіны Аксана Маркарава, крэдытнае пагадненне з'яўляецца надзвычай важным крокам для падтрымання макраэканамічнай стабільнасці.
Згодна з дамоўленасцю, фінансавая дапамога паступіць у выглядзе двух траншаў па 500 млн еўра кожны. Чакаецца, што першы транш паступіць ва Украіну восенню бягучага года пасля завяршэння бакамі ўнутрыдзяржаўных працэдур, неабходных для ўступлення ў сілу падпісаных дакументаў, а таксама выканання Украінай умоў прадастаўлення траншу. Другі транш павінен паступіць вясной 2019 года.
У рамках супрацоўніцтва паміж Украінай і ЕС у 2014-2017 гадах бакамі было раэлізавана тры праграмы макрафінансавай (крэдытнай) дапамогі Еўрасаюза. За гэты час Украіна атрымала 2,81 млрд еўра. Сярод умоў прадастаўлення траншаў - барацьба з карупцыяй, эфектыўнае кіраванне дзяржаўнымі фінансамі, прыватызацыя і рэформа кіравання дзяржаўнымі прадпрыемствамі, карпаратыўнае кіраванне ў дзяржаўных банках і банкаўскі нагляд, рэформа энергетычнага сектара, сістэмы аховы здароўя і сацыяльнай абароны.-0-