Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
06 лістапада 2018, 12:26

Авіякатастрофа ў Інданезіі: чорная скрыня паказала праблемы з індыкатарам скорасці

6 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У пасажырскага самалёта Boeing 737 Max 8 авіякампаніі Lion Air, які пацярпеў крушэнне 29 кастрычніка ў Інданезіі, быў няспраўны індыкатар скорасці, паведамляе Associated Press.

Паводле слоў кіраўніка Камітэта па забеспячэнні бяспекі на транспарце Інданезіі, даныя чорнай скрыні з тэхнічнымі паказаннямі палётаў сведчаць, што праблемы з індыкатарам скорасці былі ў час апошніх чатырох рэйсаў самалёта Lion Air.

Другая чорная скрыня Boeing 737, якая запісвала перагаворы пілотаў, пакуль не знойдзена, яе пошукі прадаўжаюцца.

Як паведамляе ТАСС са спасылкай на інданезійскі партал Detik, улады Інданезіі правялі 5 лістапада жалобную цырымонію на мяркуемым месцы крушэння самалёта авіякампаніі Lion Air. Сваякоў загінулых даставілі на караблях у раён Яванскага мора, каля заходняга ўзбярэжжа вострава Ява, дзе прайшла цырымонія богаслужэння, потым на ваду былі спушчаны кветкі.

Ратавальнікі прадаўжаюць дастаўляць на бераг фрагменты цел ахвяр катастрофы. Аперацыя не завершыцца, пакуль не будуць ідэнтыфікаваны ўсе загінулыя.

Найноўшы Boeing 737 Max 8 выконваў 29 кастрычніка рэйс JT610 з Джакарты ў горад Панкалпінанг. Прыкладна праз 13 хвілін пасля вылету з аэрапорта ён упаў у Яванскае мора. Самалёт разваліўся ў момант сутыкнення з воднай паверхняй, рухавікі працавалі на поўную моц, скорасць лайнера пры падзенні была вельмі высокай. Версія аб узрыве на борце выключаецца. У авіякатастрофе загінулі 189 чалавек.

Lion Air займае прыкладна 40 працэнтаў рынку авіяперавозак Інданезіі. Авіяперавозчык з'яўляецца другім па велічыні лаўкостарам у Паўднёва-Усходняй Азіі пасля малайзійскай AirAsia. У парку знаходзіцца амаль 300 самалётаў, большасць з іх фірмы Boeing. Кампанія выконвае рэйсы як унутры краіны, так і за яе межамі, у прыватнасці ў Аўстралію, Індыю, Малайзію, Сінгапур, Тайланд.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі